Галоўным багаццем Аляксандр і Таццяна Працкевічы лічаць дзяцей і ўнукаў - zorkanews.by

Галоўным багаццем Аляксандр і Таццяна Працкевічы лічаць дзяцей і ўнукаў

Андрэй і Максім – любімыя ўнукі

30 гадоў па жыцці адной дарогай ідуць Аляксандр і Таццяна Працкевічы з вёскі Каралёва. Сваім жа галоўным багаццем гэтыя людзі лічаць дзяцей і ўнукаў, у якіх яны бачаць працяг саміх сябе.

– Сваіх дзяцей не вельмі песцілі, бо на рабоце прападалі, а вось за ўнукамі прыглядзець рады. Праз гады на выхаванне пачынаеш па-іншаму глядзець, – адзначае Таццяна Іванаўна. – Хаця і тут ва ўсім павінна быць мера.

Таццяна ПРАЦКЕВІЧ з унучкай Міланай

Траіх дзяцей (сына і дзвюх дочак) бацька з маці паставілі на ногі, хоць самі зорак з неба не хапалі, ды і дзе іх было хапаць. Звычайныя вяскоўцы, да шыку не прывучаны, маглі спадзявацца толькі на сябе. Таццяна Іванаўна родам з Магілёўшчыны, у Каралёва яе пераманіла сястра, якая працавала ў мясцовым ПМК.

– Зразумела, першае з чым мне давялося сутыкнуцца, дзе і кім працаваць, – успамінае жанчына. – І ведаеце куды пайшла? На кухню, проста рабочай, посуд мыла, на падхопе была. На кухні крыху пазней і сустрэла свой лёс (Усміхаецца. – Аўт.) Мне было даручана павесіць люстры. А гэта не так проста аказалася. А тут хлопцы з ПМК зайшлі, ужо і не ўспомню, што ім трэба было. Адзін з іх, Саша, прапанаваў мне сваю дапамогу…

Вечарам таго дня Аляксандр прызначыў Таццяне спатканне. Так быў пакладзены пачатак іх адносінам. А далей – як ва ўсіх: шлюб, дзеці, хатнія клопаты. Таццяна займалася бытам, Аляксандр спяшаўся на працу. Праўда, работу ён змяніў: перайшоў у калгас – жывёлаводам. Не адну сотню кіламетраў наматаў мужчына, ездзячы на кані, дастаўляючы кармы на ферму. Ён і цяпер, калі патрэбна, падсабляе азерскім жывёлаводам, хаця працуе начным вартаўніком.

– Раней на кані дабіраўся на ферму, цяпер жа больш пешшу. Усяго 5 кіламетраў у адзін бок, няўжо гэта многа? Ды і рухацца патрэбна, – гаворыць Аляксандр Аляксандравіч.

Гаспадар сям’і Аляксандр ПРАЦКЕВІЧ

Зразумела, не кожны зможа вытрымаць пастаянныя начныя дзяжурствы, але Аляксандр Працкевіч не скардзіцца. Ведае, дома ўсё будзе ў парадку, бо за гэта адказвае жонка: яна і есці прыгатуе, і з ункамі ўправіцца.

– Пакуль дзеці на рабоце, я за ўнукамі прыглядаю. Мілана малая яшчэ, дык яна са мною застаецца, а вось хлопчыкі нашы – Андруша з Максімам – у садок ходзяць. Заводзім іх ці я, ці дзеці, – расказвае Таццяна Працкевіч. – А ўжо забіраю ў асноўным я. Гаспадару ж майму трэба і паспаць, бо пасля начной змены, самі ведаеце, цяжка без сну. Але ён ніколі доўга не ляжыць у ложку, спяшаецца мне па дому дапамагчы, рамонт жа ў нас. Ды і ўнукі, як толькі згледзяць дзеда, да яго – і не адпускаюць. І вельмі ўжо раўнуюць да работы, так ім не хочацца яго вечарамі адпускаць…

Аднак клапатлівая бабуля ведае, чым іх заняць, ды і вяртання з работы бацькоў дзеці чакаюць з нецярпеннем.

  • Вы даеце магчымасць сваім дзецям працаваць. А не цяжка быць з ўнукамі цэлы дзень? Гэта ж не на тыдзень і нават не на месяц, як звычайна бацькі адпраўляюць унукаў на канікулы пагасцяваць у бабулі з дзядулем, – цікавімся ў жанчыны.

– Не, не цяжка. Тыя, у каго ёсць дзеці, трое і больш, ведаюць, што гуртам заўсёды цікавей і весялей, – адказала жанчына. – Хай яны лепш усміхаюцца ад шчасця і ад таго, што побач родныя людзі. А занятак, які аб’яднае ўсіх, мы заўсёды знойдзем і ў час гульні, і пры прыгатаванні ежы, і ў час прагулкі па вёсцы.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *