Другі год на базе камунгаса дзейнічае студэнцкі атрад імя М. Навіцкага — zorkanews.by

Другі год на базе камунгаса дзейнічае студэнцкі атрад імя М. Навіцкага

Летась юнакі і дзяўчаты займаліся добраўпарадкаваннем гарадскіх могілак, сёлета – прыводзяць у парадак дваровыя тэрыторыі, свежай фарбай абнаўляюць лаўкі каля пад’ездаў шматпавярховак і дзіцячыя пляцоўкі.

Сем чалавек – Максім Каравацкі, Юлія Сямёнава, Арцём Лакціёнаў, Ігар Лавышык, Вольга Атраховіч, Вікторыя Вішнеўская, Ірына Быліна – задзейнічаны ў гэтым сэрвісным атрадзе. 8 ліпеня студэнцкі дэсант прыступіў да малярных работ, якія будуць доўжыцца 11 дзён. За гэты час юнакі і дзяўчаты зробяць свой уклад у знешні выгляд горада, а заадно – і падзаробяць. А ўлічваючы, што наперадзе ў асобных з іх паступленне ў навучальныя ўстановы, гэта добры стымул не залежаць ад бацькоўскай капейкі і самім быць пры справе.

Камандзірам атрада аднагалосна была прызначана Ірына Быліна.

– Ірына Сяргееўна працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў СШ № 1 імя А. Пушкіна. У калектыве яе характарызуюць як добрасумленнага і адказнага работніка, які любіць сваю справу, творча падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў і пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч. – У маладзёжным асяродку ёй таксама не займаць актыўнасці: гуляе ў валейбол, выступае вядучай на розных мерапрыемствах, удзельнічае ў ваенна-палявым лагеры “Юны выратавальнік” і г. д.

Яскравым доказам таго, што Ірына Быліна не сядзіць на месцы, можа служыць такі факт: літаральна на мінулым тыдні скончылася змена ў спартыўна-аздараўленчым лагеры “Алімпіец”, дзе таксама дзейнічаў педагагічны студэнцкі атрад, у якім гэта няўрымслівая дзяўчына працавала педагогам-арганізатарам. Успаміны – самыя яркія, бо жыццё там віравала і тон яму ў аднолькавай ступені задавалі і адпачывальнікі, і педагогі.

– У сэрвісным атрадзе рытм больш спакойны, але фронт работ не менш адказны, – адзначае Ірына Быліна.

З гэтым не паспрачаешся: тут дзейнасць студатрадаўцаў навідавоку. Цяпер лета, і людзі, асабліва сталага ўзросту, часцей прысядаюць на даўкі ля пад’ездаў. Таму ўбачыўшы юнакоў і дзяўчат з інвентаром для малярных работ, яны не раз добразычліва падбадзёрвалі: “Якія малайцы! Добрую справу робіце!”

А гэта, без сумнення, лепшая ацэнка работы.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *