Конкурс прафесiйнага майстэрства, прысвечаны Сусветнаму дню пошты, прайшоў у ХХІІІ раз — zorkanews.by

Конкурс прафесiйнага майстэрства, прысвечаны Сусветнаму дню пошты, прайшоў у ХХІІІ раз

Конкурсы прафесійнага майстэрства работнікаў паштовай сувязі даўно ўжо сталі традыцыйнымі. Спачатку такія саперніцтвы паштавікоў праходзяць на ўзроўні раёнаў, пасля пераможцы едуць на абласны этап. І сёлета конкурс такога фармату праходзіў у ХХІІІ раз. Прысвячаўся ён Сусветнаму дню пошты і Году малой радзімы.

Сваё майстэрства дэманстравалі на іх аператары сувязі, паштальёны, спецыялісты па продажах. У склад каманды з шасці чалавек, якую прадстаўляў Дзяржынскі РВПС, уваходзілі і два прадстаўнікі аддзялення сувязі “Узда-1”. Гэта аператар Лілія Ус і паштальён Ала Ліпай.

У сваёй справе гэтыя людзі сапраўдныя докі, для якіх работа ў калектыве сувязістаў свайго роду прызванне. Не адну вытворчую прыступку пакарыла ў ім Лілія Ус: працавала начальнікам сельскага аддзялення сувязі ў Магільна, была намеснікам начальніка гарадскога аддзялення сувязі, а зараз у адрозненне ад звычайных аператараў, якія ў асноўным працуюць з кліентамі, Лілія Леанідаўна разам з начальнікам аддзялення адпраўляе ў дастаўку паштальёнаў, рыхтуе да адпраўкі паштовую карэспандэнцыю і толькі пасля займае месца за касай.

Складаны і адказны ўчастак работы і ў паштальёна Алы Ліпай. Абслугоўвае жанчына гарадскія шматпавярхоўкі, дзе заўсёды шмат заказной карэспандэнцыі і карпаратыўнай, таму за дзень паштальён неаднаразова “дазапраўляе” сваю ношу. Гэта пра такіх адданых паштовай справе людзей і выконвалі яны фірменную песню: “Где лучший оператор? У нас в РУПСе. Где лучший почтальон? У нас в РУПСе. Всегда мы выполняем планы и всего мы в курсе. Если нужен перевод – ищите нас в РУПСе!”

Такая мелодыя была толькі часткай першага этапу конкурсу “Я, майстар сваёй справы!” Уключаў ён і прэзентацыю дамашняга задання “Паслуга года”. Для гэтай мэты была падрыхтавана сцэнка “E-commerce”. Прэзентавалі паштавікі і малую архітэктурную форму “З любоўю да малой Радзімы”, якую па ўмовах конкурсу журы ацэньвала разам з камандай сапернікаў.

Не сталі нечаканасцю для нашых канкурсантак і пяць практычных заданняў. Усе яны былі звязаны з прафесійнай дзейнасцю жанчын: прыняць пасылку, узяць плацёж у кліента і г. д. Тэарэтычная частка, дзе таксама кожны трымаў абарону за сябе, змяшчала 50 пытанняў. “Такая камп’ютарная праверка ведаў стала для нас добрым мазгавым штурмам, — сведчылі канкурсанткі. – Давялося не толькі абнавіць свае веды, а і набыць новыя”.

Пасля ўдалага выступлення, хвалявання і перажывання за сваю каманду, добрым стымулам для работнікаў паштовай сувязі стала наведванне тэатра маладзёжнай эстрады, дзе выступалі зоркі беларускай эстрады, сярод якіх Аляксей Хлястоў, Іна Афанасьева, Гюнеш і іншыя.

— А на прыканцы выступлення ўрачыста было аб’яўлена, што ў зале знаходзяцца ўдзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства і артысты цёпла віталі работнікаў паштовай сувязі. Было вельмі прыемна, — дзялілася эмоцыямі Лілія Ус.

Дабавілі станоўчых эмоцый і фірменныя сертыфікаты, якія можна атаварыць у інтэрнет-магазіне “Белпошты”. А самае галоўнае, напэўна, як і ў любым падобным конкурсе, той зарад бадзёрасці, камандны дух, і доказ свайго майстэрства паслужаць найлепшым стымулам у працы.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *