Святочнае мерапрыемства ў купальскую ноч - zorkanews.by

Святочнае мерапрыемства ў купальскую ноч

Купальская ноч – даўгачаканае народнае свята, аналагі якога ёсць амаль у кожнай краіне, але са сваімі традыцыямі і звычаямі. Спрадвеку лічылася, што менавіта ў гэты час росквіт прыроды дасягае свайго піку: каласіцца жыта, цвіце лён і бульба, жывёла дае прыплод. У знак удзячнасці багам урадлівасці нашы продкі вадзілі карагоды, пелі песні і танцавалі ля вогнішча, у якім палілі старыя рэчы, з-за чаго ён станавіўся магічным і абараняў людзей ад бяды і нягод. Гэтыя традыцыі дайшлі да нашых дзён.

Святочнае мерапрыемства, арганізаванае артыстамі раённага Дома культуры, якое прайшло з 6 на 7 ліпеня ля вадаёма, што паблізу аўтавакзала, было цікавым і насычаным. А восьмай гадзіне вечара каля імправізаванай сцэны было мнагалюдна. Сотні вачэй з цікавасцю назіралі за прапанаванай праграмай. Вядучыя раскрылі прысутным таямніцы купальскай ночы, захапілі іх песнямі, гульнямі, абрадамі. Юныя ўздзенцы спрабавалі ўдачу ў бяспройгрышнай латарэі, прымалі ўдзел у конкурсах, якія вялі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі. Мужчыны плялі венікі для лазні, якія ў адпаведнасці з купальскім павер’ем маюць цудадзейныя лекавыя ўласцівасці: парся ім увесь год – і праблем са здароўем не будзе. А яшчэ прадстаўнікі моцнай паловы Уздзеншчыны памераліся маладзецкай сілай, падняўшы пудовую гіру. Дзяўчаты ж вянкі купальскія плялі ды на суджанага гадалі. Нетаропка плылі па воднай гладзі сплеценыя з васількоў, рамонкаў, папараці галаўныя ўборы. Раней верылі: калі вянок паплыве, замуж пойдзе дзяўчына, да берагу прыб’ецца – пачакаць давядзецца.

А якое Купалле без скокаў праз крапіўнае “вогнішча”, якое, на думку продкаў, ачышчала ад усяго дрэннага, у тым ліку і ад хваробы. У гэту ноч, праважаючы сонейка на зімовую дарогу, узденцы ўпрыгожылі бярозку-Купаліцу, завязаўшы на яе галінках каляровыя стужкі, не забыўшы пры гэтым загадаць жаданне. І загадкавую кветку папараці шукалі ўсе разам.

А потым прыйшла пара песень і танцаў. Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў свята заваявалі народны ансамбль народнай песні “Зборная субота” і вакальная група “Зарачанка” Стальбоўскага Дома культуры. Самымі нястрыманымі гасцямі былі дзеці, якія на працягу вечара бегалі, удзельнічалі ў гульнях, што не магло не радаваць арганізатараў вечара і ўсіх прысутных.

На працягу ўсяго свята ў паветры лунала атмасфера цуда і загадкавасці. Людзям не хацелася, каб гэта ноч заканчвалася. Доўга яны вадзілі карагоды вакол вогнішча, спявалі купальскія песні, тым самым перадаючы цудоўныя купальскія традыцыі наступным пакаленням.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *