Як адпачываюць і святкуюць у Каралёва - zorkanews.by

Як адпачываюць і святкуюць у Каралёва

Лета для работнікаў культуры Кралёўскага СДК і бібліятэкі – даволі насычанае. Тут жыццё літаральна віруе, у прамым сэнсе гэтага слова. Творчая каманда, здольная завесці як дзіцячую, так і дарослую публіку, не ўяўляе іншага жыцця. “Толькі рухаючыся, можна дабівацца вынікаў” – перакананы тамашнія артысты.

А пра запатрабаванасць каралёўскіх спевакоў сведчаць пастаянныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Каралёве, і гастрольныя туры ў іншыя куточкі нашага раёна.

Яркімі эмоцыямі зіхацеў танцавальны флэшмоб да Дня моладзі. Гэта свята аб’яднала і дзяцей і падлеткаў. Хто адмовіцца ад магчымасці патанцаваць пад сучасныя запаленчыя рытмы!

Незабыўным стала мерапрыемства і з нагоды Дня Незалежнасці, якое ўвогуле аб’яднала ўсіх вяскоўцаў. Вядучы гуляння Сяргей Мурашка ўтрымліваў увагу публіку напрацягу ўсяго дзейства, якое разгарнулася на пляцоўцы перад СДК. Песні, танцы, конкурсы прыйшліся даспадобы ўсім. Аматары шашак і шахматаў змаглі праверыць свае сілы ў адпаведных турнірах, сыграўшы партыю-другую з дастойнымі сапернікамі, і атрымаць прызы за сваю актыўнасць. Шмат эмоцый дзецям дабавілі таксама надзіманыя атракцыёны, салодкая вата і пакорн. А вось больш сталыя жыхары былі ў захапленні не толькі ад сваіх каралёўскіх артыстаў, але і ад творчага калектыву, які прыехаў да іх з Прысынка. Песні на розны густ нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Кветкамі калег на ніве культуры аддзячыла былая загадчыца Каралёўскага клуба Зінаіда Пятроўна Барадай, дадаўшы, што падобныя канцэрты па абмене працуюць на імідж калектываў, і выказала надзею, што прысынкаўскія выканаўцы яшчэ не раз завітаюць сюды ў госці, як каралёўскія – у Прысынак.

Нязменным памочнікам дырэктар Каралёўскага СДК Вольга Саявец называе Мікалая Сароку, які ў Каралёве мае рэпутацыю дзіджэя (не адзін год дапамагаў “круціць” маладзёжныя дыскатэкі). Ён і цяпер, пасталеўшы, не супраць пастаяць за імправізаваным пультам і “завесці” вяскоўцаў на танцы.

З насычанымі канцэртнымі праграмамі каралёўскія артысты выязджаюць у суседнія вёскі. Поўныя залы гледачоў сабралі творчыя калектывы “Прасніца” і “Чараўніцы”, выехаўшы ў Цеплень і Магільна. Дабавілі каларыту яны і на купальскім гулянні, што ладзілася ў Дзешчанцы. І ўсюды яны мелі свайго ўдзячнага гледача. А што яшчэ артыстам трэба? Для іх лепшай узнагародай былі і застаюцца бурныя апладысменты, шчыры “дзякуй” пасля выступлення і запрашэнне не абмінуць той ці іншы куточак у час новых гастроляў.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно