Бізнес на сяле: з “Надзеяй” на лепшае заўтра — zorkanews.by

Бізнес на сяле: з “Надзеяй” на лепшае заўтра

Ветлівы прадавец Алена ГРЫШЧУК

Права на прадпрымальніцкую дзейнасць гарантавана Канстытуцыяй кожнаму грамадзяніну краіны. Аднак далёка не ва ўсіх хапае энергіі, сіл, смеласці і нават некаторай авантурнай жылкі, каб кінуцца ў вір бізнесу, бо невядома, якая там глыбіня і ці вынырнеш з гэтай мутнай вады ўвогуле.

Уладзіміру Цыбульскаму, дырэктару прыватнага прадпрыемства “Нёман-груп”, уласцівы не толькі ўсе гэтыя якасці, але і жаданне працаваць, як кажуць, толькі на сябе. Праўда, сустрэцца з Уладзімірам Віктаравічам аказалася не так і проста. “Свяціцца” на старонках газеты яму не вельмі хацелася, нават прапаноўваў пашукаць больш годныя кандыдатуры. Але слова за слова — і разгаварыліся.

Біяграфія ў мужчыны звычайная. Родам з Магільна. Пасля службы ў арміі некаторы час жыў і працаваў у Мінску, потым — у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна. Але малая радзіма ўвесь часцягнула назад, таму два гады назад ён вярнуўся ў Магільна, дзе цяпер жыве і працуе. Яго магазін “Надзея” добра вядомы жыхарам навакольных вёсак.

— Спачатку думаў адкрыць невялікае прадпрыемства, балазе будынкаў пустых вакол хапае. Але ўзвесіўшы ўсе за і супраць, вырашыў будзе магазін, тым больш вопыт работы ў гэтым накірунку ўжо быў: у Пухавіцкім раёне трымаў некалькі гандлёвых кропак, — расказаў Уладзімір Віктаравіч. — Узяў ў арэнду палову будынка, у якім размяшчаецца комплексна-прыёмны пункт КБА. Хацелася б забраць яго цалкам, каб мець магчымасць расшырэння, аднак пакуль не атрымліваецца. За час работы многае было.неяк нават думаў закрываць магазін, але водгукі людзей прымусілі адхіліць гэтую ідэю, дапамаглі зразумець неабходнасць гандлёвай кропкі. Верыце, а мне падабаецца, што ў нашым аграгарадку ёсць канкурэнцыя: працуе магазін райспажыўтаварыства, заязджаюць аўталаўкі. Гэта толькі падштурхоўвае да работы.

У “Надзеі” рэалізуюцца харчовыя і прамысловыя тавары, большасць з якіх айчыннай вытворчасці. Летам, напрыклад, магазін працуе да позняга вечара, што так падабаецца месцічам.

Ніна Язубец і Уладзімір Цыбульскі абмяркоўваюць чарговы заказ

— Я часта раблю тут пакупкі. Ветлівае абслугоўванне, багаты асартымент, а Уладзімір Віктаравіч, увогуле, малайчына! Які тавар не закажаш, абавязкова прывязе, — дзеліцца жыхарка вёскі Матэцкія Ніна Язубец. — Добразычлівы, заўсёды з усмешкай сустракае — прыемна.

Сёння Уладзімір Цыбульскі – паспяховы дырэктар з накопленым прафесійным вопытам, вялікімі і маленькімі перамогамі над сабой і сітуацыямі.

— Лічыцца, што ўласны бізнес, у тым ліку індывідуальныя прадпрыемствы, лепш адкрываць у горадзе. Бо чым больш насельніцтва, тым больш варыянтаў для дзейнасці. А сельская мясцовасць вельмі абмежаваная ў варыяцыях бізнесу і не асабліва перспектыўная, — разважае гаспадар “Надзеі”. — Але як жа быць з канкурэнтамі ў горадзе? Там неабходна прыкласці шмат намаганняў, патраціцца фінансава, каб вызваліць для сябе мясца. Сельская мясцовасць тым і добрая, што канкурэнтаў практычна няма, і затраты на адкрыццё ўласнай справы не вельмі вялікія.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *