Жніво-2019: золата першай тысячы - zorkanews.by

Жніво-2019: золата першай тысячы

У няпростых умовах даводзіцца працаваць сёлета вясковым рупліўцам: то задажджыць з раніцы і да вечара, то спёка данімае. Таму і даводзіцца “лавіць” кожную спрыяльную мінуту, вывесці тэхніку на палеткі.

Наведванню эксперыментальнай базы Катоўскага таксама папярэднічаў дзень, калі добра прамачыла зямлю. Сонечная раніца абяцала: будзе цёпла. Пасля тэлефоннай размовы з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Бакіноўскім стала вядома, што камбайны выйдуць у поле бліжэй да абеду.

І вось трымаем курс на вёску Сарокаўшчына, дзе на плошчы амаль ў 40 гектараў прапісалася азімая пшаніца. У другой палове дня тут ва ўсю кіпела работа. Сем камбайнаў, за штурваламі якіх Андрэй Ладзік, Аляксандр Нячай з Уладзіславам Шклярэўскім, Уладзімір Кашкан, Сяргей Брычык, Аляксей Чыж, Уладзімір Колка, Сяргей Лазарчук, былі разбіты на загонкі. Своечасова да іх, як толькі замільгае жоўтым святлом ліхтар, накіроўвалі магутныя МАЗы вадзіцелі Юрый Мешчаракоў, Уладзімір Малашанка, Уладзімір Шпілеўскі, Уладзімір Пілецкі.

“Нашы механізатары і вадзіцелі працуюць сумленна, нікога не трэба ні падганяць, ні кантраляваць”, – такую характарыстыку ўдзельнікам збожжаўборачнага звяна дае галоўны аграном.

А пшаніца пад Сарокаўшчынай добра ўрадзіла: напоўнены зернем колас так і хіліцца да зямлі. Па папярэдніх даных – 45 цэнтнераў з круга.

У тым, што катоўцы атрымаюць важкі ўраджай, сумнявацца не даводзіцца. Доказ гэтаму – арганізацыя работы на палетках і адносіны саміх людзей да справы. Гледзячы на тое, з якой зладжанасцю рухаюцца камбайны па полі, як акуратна выстрайваюцца на сваіх загонках, каб не прапусціць ніводнага “лапіка” пшаніцы, можна быць упэўненымі: кожнае вырашчанае зярнятка для іх – на вагу золата.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно