Калі габарыты смецця не для кантэйнера - zorkanews.by

Калі габарыты смецця не для кантэйнера

Любое будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, не залежна ад іх габарытаў, суправаджаецца з вывазам смецця. Ліквідацыя непатрэбных матэрыялаў спатрэбіцца літаральна адразу, калі зносіцца стары будынак або рыецца катлаван пад новы аб’ект. Аднак падобнае пытанне “Куды дзяваць буйнагабарытнае будаўнічае смецце?” ўзнікае не толькі перад забудоўшчыкамі, але і перад звычайнымі людзьмі, якія займаюцца рамонтам у сваіх дамах і кватэрах ці распачынаюць будаўніцтва на прысядзібных участках.

Складзіраваць падобнае смецце (блокі, дошкі, цэгла і г. д.) каля кантэйнераў нельга, тым больш – загрувашчваць ім самі кантэйнеры. А вывезці яго ўціхую куды-небудзь у лясок – гэта ўжо значыць арганізаваць несанкцыянаваную звалку. Як быць? Адказ відавочны: везці на міні-палігон, прызначаны для такога смецця. А ён знаходзіцца ажно ў Хатлянах. “Далёка, – даводзіцца чуць ад тых, у каго збіраецца такое смецце. – Няўжо бліжэй нельга? Ёсць жа палігоны ў Глінішчах і Гарбатах”.

За растлумачэннямі звярнуліся да намесніка дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрыя Трацьякова.

– Так, у нашым раёне тры палігоны для складзіравання смецця – у Хатлянах, Гарбатах і Глінішчах. Аднак менавіта ў Хатляны накіроўваюцца будаўнічыя адходы для сарціроўкі, адпаведна – для далейшай перапрацоўкі і выкарыстання, – адзначае Дзмітрый Анатольевіч. – Таму такое буйнагабарытнае і будаўнічае смецце, як броўны, пліты перакрыцця, блокі ФБС, цэгла павінны вывозіцца туды. Там будзе вырашацца іх далейшы лёс.

Час ад часу ў ЖКГ паступаюць падобныя звароты. Першае, што робяць работнікі камунгаса, гэта ўдакладняюць: што людзі маюць на ўвазе, калі гавораць, што ў іх назбіралася будаўнічага смецця, якое патрэбна вывезці.

– Справа ў тым, што бывае і так: наша тэхніка выязджае, а з будаўнічага смецця там толькі некалькі блокаў, дошак і цаглі, астатняе – шкло, галлё, расліннае смецце, – працягвае Дзмітрый Трацьякоў. – А бывае і па-другому: людзі, не жадаючы нікуды ехаць, кідаюць такое смецце ў кантэйнеры, прыкрываючы яго цвёрдымі бытавымі адходамі.

Зноў парадокс? Я б нават сказала – два бакі аднаго медаля: з аднаго людзі, якія шукаюць танныя і выгадныя для сябе (!) варыянты па вывазе будсмецця, з другога – фінансавыя затраты камунгаса на рамонт тэхнікі і, адпаведна, прастой тэхнікі па зборы смецця на тэрыторыі раёна. Рамантаваць даводзіцца і кантэйнеры, на адсутнасць якіх так любяць наракаць жыхары многіх населеных пунктаў.

У сваю чаргу, мы пры заключэнні адпаведнага дагавору на вываз будаўнічага смецця можам прадаставіць не толькі сваю тэхніку, але і падсабіць з людзьмі, – адзначае прадстаўнік камунгаса.

Вось толькі людзі не заўсёды ідуць насустрач ЖКГ і па асобным зборы смецця. У той час, як ЖКГ на платнай аснове, закупляе ў насельніцтва для далейшай перапрацоўкі старыя тэлевізары, шклобой, паперу, рыззё,політылен, большасці людзей прасцей “акуратна пакласці” іх каля кантэйнераў. Таму час ад часу можна назіраць каля кантэйнерных пляцовак старыя крэслы і дываны, кухонныя сталы, ложкі, разабраныя шафы і нават халадзільнікі.

Зразумела, ёсць людзі ў вёсцы, якія ніколі не дазволяць сабе выкінуць смецце на вуліцу. З другога боку, ёсць гараджане, якія за горадам дазваляюць сабе “расслабіцца”, кінуўшы мех са смеццем у лесе, каля ракі, а то і праз фортку машыны шпульнуць яго прама ў збожжа ці траву пры дарозе – прыбяруць жа…

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно