Іванаў Бор адзначыў свята вёскi - zorkanews.by

Іванаў Бор адзначыў свята вёскi

У мінулую суботу ў вёсцы Іванаў Бор Слабадскога сельскага Савета панавала небывалае ажыўленне: жыхары вёскі і дачнікі сабраліся, каб разам адзначыць незабыўны і ўрачысты дзень – свята вёскі, свята мілага сэрцу кутка.

Была арганізавана і прыгожа аформлена выстава саламяных вырабаў Лашанскім СДК, сям’я Раеўскіх прадэманстравала карціны, напісаныя ўнучкай і самаробныя лялькі ад нявесткі-майстрыхі.

—Родны кут, родная вёска. Чым далей адыходзіць маленства, тым даражэй робіцца край, дзе нарадзіўся. Шмат дарог і сцежак пройдзена ў жыцці, але ніколі не забудзецца тая мясціна, дзе пачуў першае матчына слова, дзе самастойна зрабіў першыя крокі, — такімі словамі адкрылі свята вёскі Іванаў Бор вядучыя Наталля Шышко і Ганна Пугачова (супрацоўнікі Камянкоўскага сельскага Дома культуры і Камянкоўскай сельскай бібліятэкі) і павіталі прысутных песняй “Вёсачка мая”.

—Свята вёскі — сапраўдная падзея для мясцовых жыхароў, гэта свята, якое збірае не толькі месцічаў, але і гасцей. Ёсць магчымасць паспяваць, успомніць мінулае, разам пагутарыць пра сённяшні і заўтрашні дзень, — звярнулася да прысутных старшыня Слабадскога сельвыканкама Таццяна Паўлаўна Пракацень.

Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам, падзякавала тым, хто працаваў на роднай зямлі і працягвае сваю працу сёння, добраўпарадкоўваючы і наводзячы парадак на падворках, пажадала ўсім здароўя і дабрабыту.

Ёсць у гэтай вёскі і свая легенда. Па словах старэйшых жыхароў назва маленькага, але ўтульнага куточка пайшла ад імя першага жыхара Івана. Ён купіў участак лесу і пабудаваў тут сабе спачатку хату, затым сваім сынам, якіх у яго было чацвёра. Лес з часам выразалі, а на вольных участках будаваліся хаты. Так з’явілася вёска, у якой у 1897 годзе было 8 двароў, 57 жыхароў. Пасля вайны пабудавалі пачатковую школу, затым адкрыўся магазін, за ім клуб. Сёння Іванаў Бор налічвае 11 гаспадарак і 14 жыхароў. Але хаты не пустуюць: часта прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі, а летам, як пачынаецца дачны сезон, вёску засяляюць гараджане.

Біяграфія любой вёскі складаецца з лёсаў і працоўных спраў яе жыхароў. Падарункі ад ААТ “Асілак” і цёплыя словы гучалі ў адрас Аляксандра Дзянісавіча і Ніны Канстанцінаўны Орсікаў, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. За парадамі і дапамогай ідуць да Ніны Канстанцінаўны аднавяскоўцы, якая і на заслужаным адпачынку не можа сядзець без справы, з’яўляецца мясцовай старэйшынай.

Цёплыя словы і музычныя падарункі гучалі для Марыі Баліславаўны Раеўскай, працоўны шлях якой прайшоў на ферме, Вячаслава Васільевіча і Вольгі Паўлаўны Раеўскіх, што шмат гадоў аддалі працы ў сельскай гаспадарцы, Ганны Іванаўны Станкевіч, якая за старанную працу ў калгасе “Звязда” неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі.

Словы ўдзячнасці за працу прымалі Сарафіна Іосіфаўна Быліновіч, Ніна Аляксандраўна Станілевіч, Алена Іосіфаўна Станкевіч.

Не засталіся без увагі і дачнікі з вуліцы Садовай, завулкаў Палявы і Лясны.

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі тых, хто са зброяй у руках змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і не вярнуўся ў родную вёску. Гэта Яраслаў Паўлавіч Басановіч, Аляксандр

Канстанцінавіч Раеўскі, Канстанцін Паўлавіч Раеўскі. Успомнілі і мясцовых жыхароў, ветэранаў вайны: Васіля Паўлавіча Раеўскага, Пятра Пятровіча Раеўскага і Фёдара Сяргеевіча Цупіка.

Па традыцыі быў ушанаваны і старэйшы жыхар –Антаніна Васільеўна Казючыц, якой споўніўся 91 год. Антаніна Васільеўна ўсё сваё жыццё адпрацавала на палявых работах, мае ўзнагароды. Выгадавала трох дзяцей, мае дваіх унукаў і праўнука.

Пагадзіцеся, заўсёды прыемна бачыць, як людзі сваёй працай упрыгожваюць нашу радзіму. Радуе, што многія сем’і імкнуцца, каб у іх дамах панавалі парадак і ўтульнасць, каб у дварах і каля дамоў была чысціня, раслі кветкі. На свяце вёскі падвялі таксама вынікі конкурсу на лепшы падворак. Як адзначыла старшыня Таццяна Пракацень, у першую чаргу звярталася ўвага на парадак у двары, аздабленне, наяўнасць гаспадаркі. Дом, які ўпрыгожвае Іванаў Бор, — гэта двор Міхаіла Васільевіча і Рэгіны Мікалаеўны Раеўскіх. Міхаіл Васільевіч працаваў майстрам вытворчага навучання, Рэгіна Мікалаеўна займала пасаду загадчыцы рэстарана. Гаспадары пераехалі на малую радзіму з Мінску і аселі ў вёсцы на пастаяннае месца жыхарства. Пабудавалі лазню, развялі гаспадарку: куры, гусі, козы. Вакол хаты заўсёды парадак, радуе вока і мноства кветак.

Свята спявала і весялілася да позняга вечара. І ў гэтым была вялікая заслуга самадзейных артыстаў Прысынкаўскага і Камянкоўскага СДК, якія радавалі сваіх гледачоў цікавымі выступленнямі і душэўнымі песнямі.

Слабадскі сельвыканкам вельмі ўдзячны дырэктару сельгаспрадпрыемства “Асілак” Валерыю Майсюку, Аляксандру Шчарбіцкаму і Дзмітрыю Безбародзьку за спонсарскую дапамогу пры арганізацыі і правядзенні свята.

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ, фота аўтара

Это интересно