Прыём грамадзян: просьбы людзей пачуты — zorkanews.by

Прыём грамадзян: просьбы людзей пачуты

Ці з’явіцца асфальт на вуліцах Садовая і Вішнёвая ў Кухцічах? Хто навядзе парадак на заросшым участку? З такімі пытаннямі звярнуліся жыхары вёскі Кухцічаў да старшыні райвыканкама Сяргея Савіцкага падчас выязнога прыёму грамадзян.

Пытанне па падсыпцы гравійнай дарогі па вуліцы Карачуна агучыла жыхарка вёскі Наталля Іванаўна. Дырэктар ЖКГ Вадзім Паўловіч, які прысутнічаў на прыёме (а гэту вуліцу абслугоўвае камунгас), пацвердзіў, што праблема з грэйдзіраваннем існуе, але ў бліжэйшы час усё будзе зроблена. Сяргей Канстанцінавіч устанавіў тэрмін — да 15 жніўня правесці адпаведныя работы.

Калектыўнае жаданне па асфальтаванні вуліц Садовая і Вішнёвая выказалі жыхары вёскі.

—Абяцаць, што гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час, не буду. Але пры складанні планаў па асфальтаванні вуліц і дарог на наступны год, разгледзім і гэты ўчастак, — адказаў старшыня райвыканкама. — А пакуль дарога павінна быць прыведзена ў парадак і знаходзіцца ў нармальным стане.

Адпаведнай службе было дадзена заданне за жнівень правесці ямачны рамонт названых вуліц і зрабіць абочыны.

А вось Зою Іванаўну непакоіць суседні з ёй пустуючы зямельны ўчастак.

—Калі яго не абкосяць, там хутка вужакі завядуцца, — сказала яна. — Гаспадар, як вядома ёсць, а парадку няма.

С. Савіцкі патлумачыў, што за парадак на тэрыторыі сельскага Савета адказвае старшыня сельвыканкама, але ў штаце ў іх няма спецыялістаў, якія могуць выконваць такія работы, таму ў першую чаргу яны павінны шукаць уладальнікаў такіх участкаў, каб людзі сама добраўпарадкоўвалі свае землі. Калі гаспадароў не атрымоўваецца знайсці, то выконваць гэту работу сіламі сельсавета. Старшыні Нёманскага сельвыканкама Н. Крук даручана да 5 жніўня навесці парадак на тэрыторыі названага домаўладання.

Жыхарка дома № 7 па вуліцы Зялёнай Алена Яўгеньеўна папрасіла дапамогі па вырашэнні пытання па рамонце дома. Справа ў тым, што дом не знаходзіцца ні на балансе ЖКГ, ні мясцовай гаспадаркі. З 8 кватэр у доме 1 без гаспадара, 2 — калгасныя, астатнія — прыватызаваныя. “Патрэбен, у першую чаргу, рамонт даху, але не ведаем куды звяртацца, бо ні да аднаго з абслугоўваючых прадпрыемстваў не адносімся”, — паведаміла жыхарка.

—Гэта пытанне хутка не вырашыцца, — унікнуўшы ў сітуацыю, адзначыў Сяргей Канстанцінавіч. — Як адзін з варыянтаў — жыхарам дома заключыць дагавор з ЖКГ на рамонтныя работы. Але спачатку адназначна трэба заняцца афармленнем дакументацыі на дом.

Паспрабаваць дэталёва вывучыць сітуацыю і паспрабаваць знайсці спосабы пастаноўкі на баланс ЖКГ гэтага дома — такім было даручэнне старшыні райвыканкама.

Паабяцаў дапамагчы добраўпарадкаваць кантэйнерныя пляцоўкі ў вёсцы дырэктар сельгаспрадпрыемства “Агра-Кухцічы” Дзмітрый Лушакоў — і такая просьба паступіла да С. Савіцкага.

Па ўсіх агучаных пытаннях, у адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян заяўнікам будуць дадзены адказы.

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *