На тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Быт” - zorkanews.by

На тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Быт”

Прафілактычную гутарку праводзіць Уладзімір Сафарэвіч

Прызнацца сябе, што вядзеш асацыяльны лад жыцця, складана. Абвінавачваць кагосьці ў сваіх грахах прасцей. На жаль, у асяроддзі сямейных дэбашыраў гэты прынцып спрацоўвае часцей, чым які-небудзь іншы. Дабавіць сюды літр-другі гарэлкі – і атрымаем не зусім прывабны малюнак. Штосьці падобнае назіралі старшы інспектар прафілактыкі РАУС Уладзімір Сафарэвіч, участковы інспектар Сяргей Шэмет, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Юлія Грыц і супрацоўнік “Чырвонай зоркі” у час чарговага сумеснага рэйду.

Праблема сямейных скандалістаў заўсёды актуальная, — прызнаецца перад выездам Уладзімір Сафарэвіч. — За 6 месяцаў у аддзел унутраных спраў паступіла 169 паведамленняў пра правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Часцей такія выклікі прыходзяцца на выхадныя дні, пасля атрымання заработнай платы. Звычайна, каб супакоіць раз’юшанага гарэлкай гаспадара, супрацоўнікаў міліцыі выклікаюць жанчыны. Тэлефануюць і дзеці, якія баяцца знаходзіцца з п’яным бацькам, які нярэдка, як паказвае практыка, падымае руку не толькі на жонку, але і на непаўналетніх дзяцей. Калі сям’я скандаліста жыве разам з бацькамі, то “дастаецца” і ім, бо з-за сталага ўзросту яны не заўсёды могуць даць адпор. Дарэчы, многія ахвяры хатняга насілля баяцца скардзіцца, каб не выклікаць яшчэ больш злосці з боку распусных дамачадцаў. Вялікая колькасць тых, хто ў прыступе адчаю вырашыў напісаць заяву са скаргай на мужа-дэбашыра, на наступны дзень адмаўляюцца ад сваіх слоў, маўляў “п’яны быў, што з яго возьмеш. А як цвярозы, то можна жыць. Ён жа карміцель. Абяцаў, што больш не будзе.” Але, адчуўшы сваю беспакаранасць, мужчына працягвае яшчэ больш здзекавацца над членамі сям’і. Магчыма таму і маўчаць няшчасныя жанчыны, хаваючы ад навакольных сінякі, тлумачачы шум і грукат у кватэры чым заўзгодна, толькі не праўдай. Мы праводзім з дэбашырамі прафілактычныя гутаркі. Да кагосьці даходзіць, некаторыя проста баяцца адказнасці. Але ёсць такія, хто прымяняе насілле ў сям’і сістэматычна, як у стане алкагольнага ап’янення, так і ў цвярозым выглядзе.

Пяць кропак смела можна назваць пастаяннымі. У кватэры па вуліцы Калгаснай супрацоўнікі міліцыі бываюць часта. Тут жывуць два браты, якія, выпіўшы лішку, пачынаюць высвятляць адносіны кулакамі. Тады і шукае паратунку ў міліцыі састарэлая маці. Браты нідзе афіцыйна не працуюць. У час рэйду мы засталі аднаго з іх дома. Ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, размаўляў з супрацоўнікамі міліцыі на павышаных танах. Уладзімір Сафарэвіч нагадаў мужчыне пра абавязкі ў дачыненні да маці, брата і пра пакаранне, калі ён і далей будзе сябе дрэнна паводзіць.

Каля суседняга дома сустрэлі цесця яшчэ аднаго паднагляднага. Ад яго даведаліся, што зяць-выпівоха разам з дачкой падаліся да яго маці ў вёску. “Не адзін раз прасіў: дачушка, кідай ты яго. Шчасця з ім няма. Кадзіравацца не хоча, гарэлка даражэй за сям’ю. Не слухае… — з горыччу расказваў мужчына. — Можа вы як паўплываеце на яго.” Паабяцаўшы пагутарыць з прапойцай, паехалі далей.

Сяргей Шэмет: “Ну што, распіваеце ў грамадскім месцы?”

Наступная сям’я з шэрагу ненадзеных жыве на вуліцы Зарэчнай. Тут класічная праблема бацькоў і дзяцей: сын, раней паспяховы чалавек, нават меў уласную справу, але з-за “зялёнага змея” страціў не толькі бізнес, але і сям’ю. Цяпер жыве з маці, з якой пастаянна сварыцца. Жанчына, не вытрымліваючы здзекі п’янага сына, выклікае супрацоўнікаў міліцыі. “Героя” гэтай сямейнай драмы мы сустрэлі непадалёку ад дома: ён з суседам на вуліцы распіваў “чарніла”. “З маці пасварыўся, таму і п’ю. У мяне выхадны, маю права”, — патлумачыў міліцыянерам. Як высветлілася пасля, мужчына нідзе не працуе. А навошта, маці ж пракорміць. Яна і скошаную траву высушыць і знясе, і агурок з памідорам вырасціць, якія потым сын-п’яніца вынясе на закуску сабутыльнікам. “Не чакала, што так дажываць буду, — са слязамі на вачах гаварыла гаротная маці. — Мала таго, што скандаліць ды з хаты нясе, апошнім часам паграджаць стаў. Сіл маіх больш няма цярпець. Хай бы вы яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый аформілі”. Не саромяючыся членаў рэйдавай групы, п’ны мужчына пачаў крычаць на маці, абражаць. Супрацоўнікі міліцыі забралі скандаліста ў аддзел, дзе на яго быў састаўлены пратакол па артыкуле 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах.

— Падобную сітуацыю мы часта назіраем і на Ленінскай, і на Усходняй (члены рэйдавай групы завіталі па гэтых адрасах – заўвага аўт.). Зяць, як вып’е, пачынае высвятляць адносіны з цешчай, — расказвае Юлія Грыц. — Колькі ні гаварылі, не дапамагае…

Нарэшце апошні адрас – непрывабны з выгляду дом на плошчы Свабоды, падворак якога даўно забыўся пра чысціню. А ў гэтай сям’і выхоўваецца двое дзяцей. Жонка ў чарговым пошуку працы. У гэтай сям’і свая сітуацыя: сын не раз выклікаў міліцыю на п’янага бацьку. “Каб сказаць, што ён дрэнны, не магу, — заступаецца за зяця гаспадыня дома, якая жыве разам з сям’ёй дачкі. — Ён жа — карміцель, працуе адзін. Але як вып’е, любіць паскандаліць. Дзецям гэта не падабаецца, за маці заступаюцца, таму і выклікаюць міліцыю.” “Канешне, гэта ж вы іх падвучылі так рабіць”, — перабівае мужчына. А задумаць чаму сын так паступае, ён не хоча. З дзяцінства хлопчык бачыць пастаянную злосць і лаянку, што, зразумела, ужо надакучыла, таму і шукае паратунку.

І такіх выпадкаў, калі непаўналетнія становяцца ахвярамі насілля з боку п’яных бацькоў, нямала. А потым, пасталеўшы, самі пераймаюць гэту “эстафету зла”: пачынаюць вырашаць свае праблемы з дапамогай сілы, ужываць алкаголь. Атрымліваецца замкнутае кола, разарваць якое складана…

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно