Пра тое, як выконваецца гадавая праграма будаўніцтва жылых дамоў, расказвае Сяргей Трус - zorkanews.by

Пра тое, як выконваецца гадавая праграма будаўніцтва жылых дамоў, расказвае Сяргей Трус

Добраўпарадкаванае жыллё, спраектаваныя вуліцы з інжынернымі сеткамі, станцыя абезжалезвання, веладарожка – гэтыя і іншыя запланаваныя ў пачатку года аб’екты дзякуючы рупнасці праекціроўшчыкаў, будаўнікоў становяцца рэальнасцю. Пра тое, як выконваецца гадавая праграма будаўніцтва жылых дамоў і аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёне, какрэспандэнт “Чырвонай Зоркі” папрасіў расказаць начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Уздзенскага раёна Сяргея Труса.

— Нягледзячы на пэўныя эканамічныя, арганізацыйныя (адсутнасць уласнай будаўнічай індустрыі) ды іншыя цяжкасці, у раёне паступова ажыццяўляюцца запланаваныя мерапрыемствы, работы па будаўніцтве жылля, іншых аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, абуладкаванні населеных пунктаў, — так пачаў размову Сяргей Аляксандравіч. – Вось і з намечаных на гэты год дзесяці пунктаў пераважная большасць ці ўжо выканана, ці знаходзіцца на стадыі завяршэння.

“Шматкватэрны жылы дом па генплану № 75 з інжынернымі сеткамі мікрараёна № 3 у г. Узда” – так афіцыйна пазначаны гэты аб’ект. А ў рэальнасці гэта пяціпавярховы саракакватэрны жылы дом па вуліцы Сцяпанава, 12 (насупраць раённага аддзела Следчага камітэта). Дом будаваўся паводле Указа № 240 Прэзідэнта краіны, з падтрымкай дзяржавы, для асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Будаўніцтва завершана, падпісаны агульны акт увода. Цяпер на працягу жніўня будуць выслухоўвацца заўвагі будучых навасёлаў, ухіляцца недаробкі, а ў пачатку восені, для кагосьці і раней, у новых кватэрах з’явяцца занавескі на вокнах, а вячэрнюю панараму горада ўпрыгожаць агні люстраў.

Вуліца Навіцкага, 1 – такі канкрэтны адрас мае ўжо і новы дом, будаўніцтва якога распачата ў канцы мая непадалёку ад Палаца культуры. Тут прадугледжана таксама сорак адна-, двух- і трохпакаёвых кватэр для людзей, якія маюць патрэбу ў пашырэнні ці атрыманні свайго першага ўласнага жылля. На такую дзяржаўную падтрымку ў першую чаргу могуць разлічваць мнагадзетныя сем’і, затым – чаргавікі, а пасля ўжо і тыя, хто пажадае прыняць удзел у долевым фінансаванні будаўніцтва. Галоўным падрадчыкам аб’екта прызначана таварыства з дадатковай адказнасцю “АйВекаБуд”, па сутнасці адзіная цяпер будаўнічая арганізацыя на тэрыторыі раёна. Ужо закладзены фундамент будынка, цяпер пракладваюцца ўнутрыпляцовачныя інжынерныя сеткі і вядуцца работы па добраўпарадкаванні. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва такога дома восем месяцаў.

Яшчэ адзін, 60-кватэрны панэльны дом, з’явіцца пры спрыяльным развіцці падзей напрыканцы года на новай вуліцы, што пачынаецца ад будынка пажарнай часці і цягнецца ўздоўж агароджы райбальніцы ўглыб запраектаванага мікрараёна № 3. У маі гэтага года распачалі яго ўзвядзенне спецыялісты і будаўнікі са Слуцкага домабудаўнічага камбіната. Цяпер там вядуцца работы па абуладкаванні фундамента і ўнутрыпляцовачных інжынерных сетак. У доме прадугледжана 12 аднапакаёвых кватэр для сацыяльнага жылля і 48 двухпакаёвых – для патрэб арэнднага (камерцыйнага). Да канца гэтага года будзе пачата будаўніцтва яшчэ аднаго 40-кватэрнага жылога дома, які размесціцца побач з домам № 12 па вуліцы Сцяпанава, бліжэй да дарогі Негарэлае-Узда-Пухавічы.

А цяпер пра аб’екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Завершаны асноўныя інжынерныя работы другой часткі другога пускавога комплекса ў раёне індывідуальнай забудовы 96 жылых дамоў у вёсцы Возера. У пусканаладачным рэжыме тут ужо працуе новая станцыя абезжалезвання, жыхары аграгарадка карыстаюцца чыстай вадой. Завяршаюцца работы па падключэнні рэзервовай свідравіны, якая будзе працаваць разам з існуючай. Вось-вось адбудзецца канчатковы ўвод аб’екта ў эксплуатацыю ў поўным аб’ёме.

А вось у раёне індывідуальнай забудовы на 160 дамоў у гэтым жа населеным пункце выконваюцца работы па пракладванні інжынерных сетак першай чаргі. Больш канкрэтна: работнікі ДРБУ-163 абуладкоўваюць пясчана-гравійнай сумессю праезды па вуліцах Аэрадромнай, Лугавой і Жасмінавай. Такія ж работы ўздзенскія дарожнікі выконваюць і на вуліцах, што аб’ядноўваюць 146 жылых дамоў у вёсцы Валодзькі. А вось у раёне індывідуальнай забудовы на 96 дамоў у Возеры падобныя работы зроблены раней калектывам ПМК-69. Тут таксама ўстаноўлены дарожныя знакі, абуладкаваны пляцоўкі для кантэйнераў са смеццем. Справа за афіцыйным афармленнем працэдуры ўводу аб’екта ў эксплуатацыю.

Вернемся ў райцэнтр. У новым мікрараёне № 3 на гэты год былі запланаваны работы па абуладкаванні веладарожкі. Яна пракладзена па новай вуліцы, якая злучыць вуліцы Сцяпанава (ад пажарнай часці) і акадэміка Бокуця (бліжэйшая да Сцяпанава сярод некалькіх вуліц індывідуальнай жылой забудовы). Шырыня дарожкі тры метры, даўжыня – звыш 360.

— І нарэшце, — завяршае размову кіраўнік УКБ С. Трус, — праектным інстытутам з Мінска вядуцца вышуковыя работы для распрацоўкі дакументацыі на пазапляцовачныя інжынерныя сеткі ў раёне сядзібнай забудовы ў межах праектуемых вуліц №№ 1, 3, 4 і 11. Гэты мікрараён запраектаваны па-за цяперашнім № 3, пазней там будуць выдавацца ўчасткі для будаўніцтва жылля маючым у гэтым патрэбу грамадзянам. А цяпер трэба спраектаваць сюды падвод вады, энергазабеспячэння, магчыма, газу ды іншых камунікацый.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно