Горад на далоні: пракладка тратуараў — zorkanews.by

Горад на далоні: пракладка тратуараў

Сотні метраў пракладзеных па вуліцах горада і ў сельскіх населеных пунктах раёна тратуараў – толькі частка работы будаўнікоў з РУП “Уздзенская ЖКГ”.

Начальнік участка Анатолій Лапцэвіч паведаміў, што работы ў гэтага нешматлікага па колькасці вытворчага падраздзялення камунальнікаў хапае на працягу ўсяго года, а летам – тым больш. І плён іх працы ў апошнія гады становіцца ўсё больш заўважным. Праходзячы па вуліцах, плошчах, месцах агульнага карыстання райцэнтра, камунгасаўскія будаўнікі, сустракаючыся з мясцовымі жыхарамі, з гонарам могуць сказаць: а вось гэта справа нашых рук!

На Першамайскай,

Напружанымі працоўнымі буднямі былі запоўнены два першыя месяцы лета для калектыву ўчастка. Найбольш важкай і адказнай работай стала для іх у гэты час пракладка тратуарнай дарожкі на ўчастку вуліцы Першамайскай, ад перакрыжавання з Савецкай да Рэвалюцыйнай. Даўно ў жыхароў і гасцей райцэнтра выклікаў незадаволенасць гэты тратуар з вышчарбленай пліткай, ямінамі ды буграмі-выступамі. А тут жа пастаянна інтэнсіўны рух, бо гэта вуліца злучае мікрараён сучаснай забудовы, адміністрацыйны цэнтр са старой часткай горада. Таму і стараліся будаўнікі, да сантыметра вымяралі і падганялі плітку да пліткі, бардзюр да бардзюра. Схібіш – адразу ж укажуць на недаробкі, і не столькі ўласнае кіраўніцтва, як карыстальнікі транспартнай артэрыі. У выніку атрымаўся роўненькі тратуар шасцісотметровай даўжыні, па якім цяпер і пяшком прыемна прагуляцца, і з дзіцячай каляскай зручна перамяшчацца, і для заезду ў двары гараджан прадугледжаны спецыяльныя паніжэнні.

…Маладзёжнай,

У ліпені работнікі ўчастка прыступілі да абуладкавання тратуара па вуліцы Маладзёжнай. Гэты аб’ект таксама значыцца ў пераліку запланаваных на гэты год першачарговых работ па добраўпарадкаванні Узды. Тут таксама інтэнсіўны рух – гэтай дарогай пераважная большасць насельнікаў некалькіх вуліц так званага чарнобыльскага пасёлка дабіраюцца на работу ў цэнтр горада, а з цэнтральнай часткі горада ідуць да магазіна “АМІ-мэбля”. За некалькі дзён будаўнікі спланавалі, выканалі земляныя работы, уклалі бардзюрную плітку і асфальтавае пакрыццё на 120-метровым участку ад вуліцы Навіцкага да першага скрыжавання.

Пакуль закупляюцца неабходныя будматэрыялы для завяршэння работ на аб’екце (засталося ўкласці тратуар яшчэ на 200-метровай адлегласці), пераключыліся будаўнікі на яшчэ адзін участак у цэнтры горада.

…Інтэрнацыянальнай

Да пачатку верасня неабходна абуладкаваць тратуарную дарожку даўжынёй у 180 метраў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, насупраць краязнаўчага музея і Уздзенскай СШ №1 імя А. Пушкіна. І тут работы выконваюцца старанна. За якасцю зробленага пастаянна назіраюць начальнік участка Анатолій Лапцэвіч, майстар Уладзімір Юрэвіч, брыгадзір Андрэй Голік. Няма ў калектыве строгага раздзялення па прафесіях (муляр, бетоншчык, плітачнік, цясляр і г. д.), кожны пры неабходнасці можа выконваць даручанае заданне. І адказнасць – калектыўная. У гэтыя дні прахожыя могуць назіраць за работай Сяргея Шышко, Кірыла Шыдлоўскага, Сяргея Сіняўскага, Сяргея Камеша, Анатолія Малашэвіча, а будаўнічую сумесь для ўмацавання бардзюрнай пліткі рыхтуюць для іх на раствора-бетонным вузле Віктар Назаранка і Міхаіл Шытыка.

і Завітневіча

Работнікі камунальнай гаспадаркі спрычыніліся яшчэ да адной важнай і карыснай справы, якая непасрэднага дачынення да Дня будаўніка не мае, але, безумоўна, толькі на карысць гораду. На працягу некалькіх гадоў ніхто не звяртаў увагі на абочыны вуліцы Завітневічы (яна ідзе ад негарэльскай трасы да былой базы ПМК). А тут не проста пустазелле, кусты, а сапраўдныя зараснікі вышынёй у некалькі метраў павырасталі. Для жыхароў вуліцы такая зялёная паласа з боку падворкаў была і карыснай – абараняла сядзібы ад пылу, што асядаў пасля руху транспартных сродкаў па гравійнай дарозе. А ўвогуле быў непрыглядны выгляд. Хоць тут і не цэнтр горада, але ж агульны санітарны парадак і эстэтычны выгляд павінен быць усюды. Гэтым і заняліся работнікі ўчастка па азеляненні пад кіраўніцтвам старшага майстра па добраўпарадкаванні ЖКГ Ірыны Азаркевіч. Спачатку Дзяніс Трухан абкасіў абочыны, а затым на працягу некалькіх дзён Іван Даронічаў з бензапілой і Уладзімір Шаройкін з сякатарам абразалі лішнюю расліннасць. Стала прыгажэйшай яшчэ адна мясціна ў нашым райцэнтры.

Віктар САБАЛЕЎСКІ,

Фота аўтара і Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *