З рабочым візітам наведаў Уздзенскi раён Алег Суконка - zorkanews.by

З рабочым візітам наведаў Уздзенскi раён Алег Суконка

З чарговым рабочым візітам 2 жніўня ў нашым раёне пабываў Алег Рыгоравіч Суконка – дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У ходзе рабочай паездкі А. Суконка сустрэўся са старшынёй раённага выканаўчага камітэта С. Савіцкім, пабываў у калектыве раённай бальніцы. Свае пытанні мелі магчымасць задаць яму і жыхары раёна падчас прамой лініі, якая прайшла ў райвыканкаме.

—Такія сустрэчы ў раёне з наведваннем бальніцы ў нас пастаянныя, — адзначыў А. Суконка. — Мы курыруем хворых і забіраем іх у рэспубліканскую медустанову для далейшага лячэння. Гэта і ёсць найбольш істотная дапамога, якая неабходна людзям. А жыццё вартае таго, каб за яго змагацца, — такі дэвіз усяго нашага калектыву.

З асаблівай цеплынёй расказаў Алег Рыгоравіч і пра сваю малую радзіму на Віцебшчыне, якая, на яго думку таксама многа значыць у жыцці кожнага чалавека. “Не раз чуў ад знаёмых, што за 350 кіламетраў ехаць у родную вёску зусім не абавязкова. Аднак і еду, і аднаўляю родную сядзібу, і знаходжу спонсараў, і ўкладваю ўласныя сродкі, і разам адраджаем мясцовыя вадаёмы, добраўпарадкоўваем могілкі, — усё гэта нашы карані, якія трымаюць нас у жыцці, — разважае заслужаны чалавек, які мае шмат тытулаў і рэгалій. — І, вядома ж, наколькі магчыма стараюся дапамагчы і землякам справіцца з іх праблемамі”.

Даступнасць, мабільнасць і пастаянная дапамога людзям — гэта і ёсць галоўны стымул жыцця ўраджэнца Гарадокскага раёна, выдатніка аховы здароўя, заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь. Стымулююць яго прафесійную і грамадскую дзейнасць і вось такія выезды ў глыбінку.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Веры ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно