Як ідзе падрыхтоўка да раённага свята “Дажынкі”, якое сёлета пройдзе ў Хатлянах — zorkanews.by

Як ідзе падрыхтоўка да раённага свята “Дажынкі”, якое сёлета пройдзе ў Хатлянах

На месцы будучай спартыўнай пляцоўкі працуюць дарожнікі

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да раённага свята “Дажынкі”, якое сёлета пройдзе ў Хатлянах, “Чырвоная зорка” расказвала два месяцы назад. І вось, у чарговы раз, будучы ў Хатлянах, зноў пацікавіліся ходам тых работ, якія былі ў планах, тым больш, што на палях поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю.

Свой ураджай “збіраюць” і аб’екты сацыяльнай і камунальнай сферы, якія трапілі ў “дажынкаўскую” праграму добраўпарадкавання. Добрыя змены заўважаюцца адразу, як толькі трапляеш на хатлянскі кірунак. Гэта і абуладкаваныя кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў у Валяр’янах, Плітніцы, Хатлянах. Новая агароджа вакол Хатлянскай сярэдняй школе. Больш як на 450 метраў роўнай стужкай сцелецца тут і свежы асфальт. Увогуле, што датычыць работы дарожнай службы, то як адзначыў начальнік ДРБУ-163 Вадзім Рабушка, якога засталі на месцы будучай спартыўнай пляцоўкі, робіцца шмат: рамонт аўтобусных прыпынкаў, уборка сухастойных дрэў уздоўж прыдарожных палос, ямачны рамонт дарожнага палатна на 1-ай.2-ой, і 3-яй вуліцах. На месцы дыслакацыі хатлянскіх дарожнікаў заменена агароджа, у бліжэйшы час на тэрыторыі будзе ўстаноўлена і альтанка.

Другую альтанку даручана ўстанавіць сельвыканкаму каля мясцовага вадаёма, які пачысцілі работнікі ПМК-69. Прыбярэжная паласа яго таксама будзе акультурана.

“Новае аблічча набывае і вадаём, — сведчыць старшыня Хатлянскага сельвыканкама Ала ПЯКАРСКАЯ. – Неўзабаве тут будзе ўстаноўлена альтанка”

Набывае свежы выгляд і будынак дзіцячага сада: устаноўлена новая агароджа, абнаўляецца фасад. Поўным ходам вядуцца рамонтныя работы і ў сельскім Доме культуры, дзе і пройдзе святочнае мерапрыемства з нагоды ўшанавання перадавікоў жніва.

Абнаўляецца і будынак дзіцячага сада
  • Аб’ём работы ўжо выкананы значны і працэс гэты актыўна працягваецца, — сведчыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар ПЯТРОВІЧ. – Кожную пятніцу ў сельскім Савеце збіраецца штаб, які кантралюе і каардынуе ход падрыхтоўкі і які ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Канстанцінавіч Савіцкі. На ім прысутнічаюць кіраўнікі ўсіх зацікаўленых службаў і арганізацый. Праводзім аналіз зробленага, як правіла, з выездам на кожны аб’ект, і ставім канкрэтныя задачы на наступны тыдзень. У вызначаныя тэрміны спраўляецца з даведзенымі заданнямі адміністрацыя “Агракомплексу “Белая Русь” (дырэктар А. Дробыш): абноўлены будынак гандлёвага цэнтра, праведзены рамонт інтэрнатаў, пракладзены тратуарныя дарожкі да іх, закуплена дзіцячая пляцоўка, зараз ідзе рэканструкцыя будынка лазні, які доўгі час не выкарыстоўваўся, і які мяркуюць пасля прыстасаваць пад гаражы. Шмат чаго робіцца і сіламі мясцовай гаспадаркі “Хатляны-Агра” (кіраўнік М. Хацько). У бліжэйшых планах кансервацыя будынка былога інтэрната, што пры ўездзе ў Хатляны і замена даху на адміністрацыйным будынку. А вось у рабоце камунальшчыкаў застаецца яшчэ шмат адкрытых пытанняў, асабліва па рамонце жылфонду. Хаця і зроблена імі нямала: у 11 дамах заменены ўваходныя дзверы, дэманціраваны старыя агароджы, абсталяваны пляцоўкі для збору ЦБА і інш. Адным словам, задачы пастаўлены і мэта акрэслена. Застаецца толькі працаваць.
Ідзе рэканструкцыя будынка лазні

А да фініша, як кажуць, рукой падаць. І каб свята прайшло дастойна і наразаюцца сёння тыя надзённыя ўчасткі работы. Бо святы прыходзяць і адыходзяць, а зробленае застаецца на агульную карысць.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *