Фермерства: на канвееры – агуркі і буякі — zorkanews.by

Фермерства: на канвееры – агуркі і буякі

У фермерскую гаспадарку “Расток Плюс”, што ў вёсцы Возера, мы трапілі ў час адгрузкі ўраджаю. Капуста белакачанная і брокалі, агуркі і цыбуля, слівы і яблыкі – усё сабранае ў той жа дзень з самага ранку, загружалася ў фермерскі мікрааўтобус, што накіроўваўся ў сталічныя магазіны, з якімі заключаны дагавор супрацоўніцтва. Такая вітамінная прадукцыя паступае і ў мясцовыя магазіны ў Возеры, Басманоўцы, іншых бліжэйшых населеных пунктах.

На пераборцы сліў брыгадзір Алена ЯЧЭНЯ і палявод Таццяна ЛОЙКА, якая працяглы час была сезоннай рабочай, а цяпер занята ў фермерскай гаспадарцы пастаянна

У фермерскую стыхію Міхаіл Барэйша акунуўся ў 1995 годзе. На 4 гектарах і 18 сотках, якія былі яму выдзелены напачатку самастойнай дзейнасці, размясціў гадавальнік пладовых саджанцаў і пачаў займацца вырошчвннем агародніны, якую сам жа і рэалізоўваў.

Паступова гектары фермерскіх угоддзяў “прырасталі”. З 2004 года фермерская гаспадарка займела 57 гектараў, на 40 з якіх размясціўся сад. Каля пяці гектараў адышло пад гадавальнік, крыху менш – пад матачна-чаранковы матэрыял. Менавіта саджанцы і складаюць аснову дзейнасці “Расток Плюс”, якая ўваходзіць у асацыяцыю “Белсадгадавальнік” і прыносіць амаль трэцюю частку выручкі.

У каштоўных якасцях буякоў не сумняваецца кіраўнік фермерскай гаспадаркі Міхаіл БАРЭЙША

Агародніна таксама займае дастойную нішу. Тым больш, калі вырошчваеш яе пад патрэбнасць, з улікам рынку збыту.

—Быў час, калі мы рэалізоўвалі па прычэпу белакачаннай капусты і адначасова толькі некалькі кілаграмаў брокалі ці той жа “пекінкі”, — кажа фермер. – Цяпер попыт змяніўся. Сёлета ўжо прадалі паўтары тоны “пекінкі”, паўтоны брокалі, і рэалізацыя працягваецца. Папулярнасць заваявала і салата “айсберг”, якую вырошчваем не першы сезон. Ёсць у нас і памідоры, якія ў асноўным разыходзяцца сярод сваіх работнікаў. Рэалізавалі ўжо і каля трох тон агуркоў.

“Яблычкі адзін у адзін”, карыстаюцца попытам і яблыкі ранняга гатунку “жэнева”

Агароднінны працэс звычайна доўжыцца пакуль не наступае ўборка садавіны. Для людзей, якія працуюць у фермерскай гаспадарцы, няма асобнай спецыялізацыі, адна работа накладваецца на другую. Вось і ў той дзень жанчыны спачатку выбралі агуркі, зрэзалі капусту і прыступілі да збору буякоў (голубика американская).

Гэта эксперыментальная культура была заведзена фермерам у 2005 годзе. Зараз яе больш як паўтары тысячы кустоў. Гарманічны смак і карысныя якасці гэтых ягад з’яўляюцца сапраўднай скарбніцай здаровага харчавання.

Больш як шэсць гадоў прыязджае на працу да фермера Барэйшы Ядвіга Віктараўна САЛАДУХА з райцэнтра

Пастаянных работнікаў у фермерскай гаспадарцы 13. Хтосьці працуе тут больш дзясятка гадоў, хтосьці перайшоў з сезонных, а хто ўжо адсюль выйшаў на пенсію. Сярод такіх работнікаў са стажам трактарысты Віктар Казлоў і Віктар Білейчык, брыгадзір Алена Ячэня. Чатыры адзінкі тэхнікі (два мікрааўтобусы, ізатэрмічны грузавік, УАЗік), абслугоўвае вопытны вадзіцель Іван Жукоўскі, які сумяшчае і абавязкі грузчыка, экспедытара. На такіх надзейных і пастаянных работнікаў і робяць тут стаўку.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *