Школьная праФОРМА, або Дзе уздзенцы будуць апранаць сваіх дзяцей — zorkanews.by

Школьная праФОРМА, або Дзе уздзенцы будуць апранаць сваіх дзяцей

У сельскім магазіне са школьным асартыментам знаёміць прадавец Алена ЮРКЕВІЧ

Свой адлік пачаў апошні месяц лета. Значыць, да пачатку новага навучальнага года застаецца зусім нічога. Таму на першым плане ў дарослых галоўная задача – падрыхтоўка дзяцей да школы. А гэта не толькі сшыткі, вокладкі, ручкі ды іншая канцылярыя: на іх будзе затрачана меншая сума, чым на набыццё школьнай формы, спартыўнага касцюма і абутку…

Ужо паўсюдна гучыць інфармацыя, што сваю работу распачалі школьныя кірмашы. Аднак для жыхароў нашага горада гэта далёка не радасная навіна. Раней тыя ж канцылярскія прылады можна было набыць у кніжным магазіне, як, дарэчы, і вучэбныя дапаможнікі, атласы, контурныя карты. Цяпер зрабіць гэта можна толькі ў прыватных магазінах ці на мясцовым рынку па суботах, бо магазін “Кнігі” закрылі, а замест яго з’явіўся магазін з назвай, якая гаворыць сама за сябе, – “Градус”.

Купіць некаторыя школьныя тавары, якія спатрэбяцца дзецям на ўроках, жыхары райцэнтра змогуць таксама ў кіёску “Белсаюздруку” на вуліцы Савецкай, а вось на выручку вясковым жыхарам прыходзяць “Куткі школьніка”, якія ёсць ў вясковых магазінах.

Традыцыйна напярэдадні пачатку навучальнага года розныя акцыі сваім пакупнікам прапаноўваў і наш галоўны магазін “Універмаг”. У аддзеле “Тавары для дзяцей” адны сем’і маглі скарыстацца скідкамі, другія – атрымаць растэрміноўку плацяжу на некалькі месяцаў і г. д. Але гэтак было раней. Што ж цяпер?

– Магазін “Універмаг” застаецца нашым, але гэта толькі частка другога паверха, плошча там невялікая, – расказвае выконваючая абавязкі старшыні Уздзенскага райспажыўтаварыства Наталля Чарнавус. – На гэтым тыдні школьныя тавары перамяшчаем у магазін “Будаўнік”, там адводзіцца плошча для правядзення “школьнай распрадажы”.

Аднак, як паведаміла Наталля Аляксандраўна, там будзе прадстаўлены толькі той тавар, які ўжо (ці лепш сказаць – яшчэ) ёсць у наяўнасці, бо папаўнення асартыменту не прадугледжваецца. Адзінае, што можа зацікавіць пакупнікоў, – гэта зняцце таварнай надбаўкі, за кошт чаго кошт рэчаў будзе меншым на 20 %. Скідка скідкай, але як быць з выбарам. А гэта ўжо іншае пытанне…

Дзе шукаць альтарнатыву? Яна відавочная – сталічныя ГУМ, ЦУМ, “Беларусь” ці зноў жа базар. І калі на мясцовы рынак можна прагуляцца пешшу, то ў горад трэба ехаць, а там – “пагуляць” па магазінах. І такі перадшкольны праменад зойме далёка не адну гадзіну, а то і дзень: трэба ж і каб фасончык быў да твару дзіцяці, і цана не моцна “кусалася”. Дазволю сабе зрабіць тут невялікую рэмарку: адзін толькі касцюм (штаны і пінжак), які прыглянуўся майму сыну, каштуе каля 250 рублёў. А я паважаю пункт погляду дзіцяці, лічуся з яго меркаваннямі, а свае густы і пажаданні не навязваю, – гэта яго выбар. Магчыма, хтосьці можа са мной і не пагадзіцца, але трэба разумець адно: нашы дзеці – гэта ўжо асобы (не залежна колькі ім гадоў), са сваімі густамі, поглядамі і жыццёвымі пазіцыямі. І з гэтым нам, дарослым, трэба лічыцца.

Ёсць і такая катэгорыя людзей, якія закупляюцца да навучальнага года паступова. На маю думку, гэта актуальна ў асноўным для канцылярыі, а не для адзення. Інакш можна апынуцца ў такой сітуацыі, у якую патрапіла мая знаёмая. Яна вырашыла сэканоміць: у чэрвені, калі няма ажыятажу, купіць школьную форму для сына-трэццякласніка. Паехала ў Мінск. Колькі касцюмаў хлопчык перамераў, не скажу, але стаміліся абое. Затое – выбралі. А тут днямі наведалася да іх у госці. Знаёмая ў роспачы. “Што здарылася?” – пацікавілася. Адказ шакіраваў: “Штаны кароткія, рукавы – таксама. І калі гэта ён толькі выцягнуцца паспеў…”. Як у такой сітуацыі не паверыць у словы прымаўкі “Скупы плаціць двойчы”? Аднак, як не круці, хлопчыку яшчэ раз давядзецца прагуляцца з мамай па магазінах у пошуках, як мінімум, штаноў і кашулі.

Замест эпілогу

Зразумела, не абмежаваныя ў сродках бацькі, напэўна, не ўбачаць у гэтай тэме істотнай праблемы (яны і заедуць куды трэба, і выберуць рэчы з шыкам), а вось тыя, хто вымушаны лічыць кожную капейку, будуць збянтэжаны. Бо сёння, атрымліваецца, сабраць дзіця ў школу не столькі стомна, колькі клопатна – у сілу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

Радуе адно: першае верасня, як і дзень нараджэння, адзін раз у годзе. Але і тут моцна не парадуешся, бо адным камплектам школьнага адзення не абысціся, дзеці ж растуць…

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *