Лідары раённых арганізацый Беларускі саюз жанчын і БРСМ падрыхтавалі падарункі для першакласнікаў — zorkanews.by

Лідары раённых арганізацый Беларускі саюз жанчын і БРСМ падрыхтавалі падарункі для першакласнікаў

Не паспеем азірнуцца, як прыемнымі пералівамі загучыць першавераснёўскі званок, які пакліча за парты сотні школьнікаў.

Да гэтай падзеі без сумнення рыхтуюцца ва ўсіх сем’ях, дзе ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі школьнага ўзросту. Дзелавое і спартыўнае адзенне і абутак, партфелі і сшыткі, фарбы і альбомы, дзённікі, ручкі, алоўкі – гэтыя і мноства іншых прыналежнасцей спатрэбяцца кожнаму вучню. На жаль, ёсць такія сем’і, дзе з набыццём абновак і канцтавараў да навучальнага года ўзнікаюць пэўныя праблемы. І, на шчасце, знаходзяцца нераўнадушныя людзі, гатовыя ім дапамагчы.

Не першы год у раёне ладзяцца акцыі “Сабяры партфель для першакласніка”, “Дапамажы пайсці вучыцца”, “У школу з “Добрым сэрцам”. Іх удзельнікамі становяцца актывісты розных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама простыя людзі, здольныя працягнуць руку дапамогі тым, каму яна патрэбна.

Вось і сёлета лідары раённых арганізацый Беларускі саюз жанчын і БРСМ Наталля Жук і Юлія Зяневіч падрыхтавалі падарункі для першакласнікаў, якія выхоўваюцца ў мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’ях, – партфелі (асобныя – для хлопчыкаў і для дзяўчынак) са школьным начыннем.

Гэтыя падарункі арганізатары акцыі ўручалі дзецям дома. Вельмі абрадавалася падарунку Вольга Бондар. Дзяўчынка з цікавасцю разглядала школьныя прылады з партфеля. Трэба было бачыць, якой радасцю свяціліся яе вочкі: усё новае і такое яркае.

Падобныя падарункі атрымалі не толькі дзеці з райцэнтра, але і з сельскай мясцовасці.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *