Сорак гадоў аддаў Васiлiй Дзегцяроў прафесіі будаўніка — zorkanews.by

Сорак гадоў аддаў Васiлiй Дзегцяроў прафесіі будаўніка

Дзень будаўніка для Васілія Сяргеевіча Дзегцярова – асаблівы. Больш як сорак гадоў аддаў ён гэтай прафесіі. Не спыняецца будаўнічы працэс для сапраўднага прафесіянала і на пенсіі, тым больш, калі ёсць уласны дом.

Вось і нашу сустрэчу гаспадар прызначыў на лаўцы-трансформеры, зробленую ўласнымі рукамі. На першы погляд гэта звычайная зручная лаўка, якія прывычна бачыць у гарадскіх парках, нічым асаблівым не вылучаецца, аднак пасля некаторых маніпуляцый ператвараецца ў дзве больш простыя лаўкі, а паміж імі “вырастае” такі ж ладны стол. “Адкуль такое вынаходства?” – пытаюся. “Ды цяпер адзін сябар – “гугл”, — усміхаецца ў адказ мужчына. — Па спецыяльнасці я будаўнік, па хобі – радыёаматар. А новыя тэхналогіі мяне прыцягвалі заўсёды”.

Першы і галоўны аб’ект горада

На пасаду галоўнага інжынера МПМК-103 Васілій Дзегцяроў прыйшоў у 1976 годзе. Да гэтага працаваў прарабам гаспадарча-разліковага ўчастка ад Слуцксельбуда. Пасля яго расфарміравання прапановы паступалі і з Капыля, і з Мядзеля, аднак вызначальнай стала прапанова кіраўніка раёна, які засведчыў, што “з раёна мы цябе не адпусцім, а твая вакансія ў МПМК ёсць”.

Лаўка-трансформер: чарговая канструкцыя інжынера-будаўніка

На той час у раёне і райцэнтры ішла вялікая будоўля, — успамінае Васілій Сяргеевіч. — Работы было шмат і працаваць было цікава. А першым маім аб’ектам стаў Дом Саветаў, які некалькі гадоў быў закансерваваны і нашай арганізацыі давялося яго дабудоўваць. З нуля прыбудоўвалі пасля актавую залу, кацельню. Працавалі ў такой цеснай і творчай звязцы з рабочымі, і з кіраўніцтвам. У любы час сутак на сувязі быў і першы сакратар райкама партыі Мікалай Сцяпанавіч Якушаў і мог аператыўна вырашыць любое пытанне. А калі ж набліжаўся тэрмін здачы аб’екта, то з кожнай арганізацыі выдзяляліся людзі, якія дапамагалі будаўнікам на добраўпарадкаванні тэрыторыі, наводзілі марафет у новым будынку. Гэта быў ісцінны энтузіязм людзей. Пасля будавалася шмат іншых аб’ектаў, аднак больш запомніўся менавіта гэты, які быў першым.

У звязцы бетону і маналіту

Галоўны інжынер будаўнічай арганізацыі пастаянна супрацоўнічае з праекціроўшчыкамі, з’яўляецца адным з галоўных генератараў укаранення новых тэхналогій, пад яго кантролем тэхнічны парк.

  • Як цяпер памятаю, у нашай арганізацыі было 112 адзінак тэхнікі – пад’ёмныя краны, экскаватары, грузавыя машыны і шмат чаго іншага, неабходнага на будоўлі, — успамінае ветэран працы. — Была свая выдатная вытворчая база, дзе вырабляліся бетонныя і жалезабетонныя канструкцыі, была і добрая майстэрня, асобна — арматурная майстэрня. А самае галоўнае тое, што быў дружны, зладжаны, як маналіт, калектыў, які аб’ядноўваў каля 350 чалавек. І цяпер, акунаючыся праз гады ў той час, магу смела сказаць, што да ліхіх 90-х мы жылі адной працоўнай сям’ёй. Душой калектыву шмат гадоў была прафсаюзны лідар Ганна Казарына.
І да будаўніцтва музея В. Дзегцяроў меў непасрэднае дачыненне

Што ж датычыць вытворчага працэсу, то і ён не стаяў на месцы. Шмат дамоў будавалася на бура-набіўных сваях, што дазваляла зменшыць земляныя і бетонныя работы і расход матэрыялаў. Дзясяткі такіх дамоў пабудавана ў Ліцвянах, Магільне, Тычынках. Пасля перайшлі на маналітна-керамзіта-бетонныя дамы. Узводзіліся яны таксама на сваях, толькі вылучаліся яшчэ хуткасцю ўзвядзення і значна меншай працаёмкасцю.

Музейная гісторыя …

Кожны раз, калі да ветэрана-будаўніка прыязджаюць далёкія госці, ён вядзе іх у раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Пасля таго, як пазнаёмяцца яны з музейнымі экспанатамі, раскажа ім Васілій Сяргеевіч і сваю музейную гісторыю.

На той час у нашай арганізацыі, а яна ўжо перайменавалася ў ПМК-235, я замяняў кіраўніка. І вось, як звычайна, на пяць гадзін вечара першы сакратар райкама партыі Аляксандр Іванавіч Мяцельскі прызначыў нараду па будаўніцтве раённага музея. Пад яго меркавалася прыстасаваць частку школьнага будынка першай гарадской школы. У ім і праходзіла тая нарада. І вось, калі кожны з кіраўнікоў атрымаў канкрэтнае заданне, у мяне прамільгнула думка: “А ці не прасцей пабудаваць новы будынак чым столькі сіл і сродкаў укладваць у старыя сцены?” А я ж страшна не люблю рамонтаў. Гэту ідэю выказаў начальніку ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Анатолію Іванавічу Яскевічу, а той доўга не думаючы, — і ўсім прысутным. “А што? Цікавая думка. Заслугоўвае ўвагі”. І прама ў гэтай жа зале адмяніў сваю ранейшую разнарадку і даў новае заданне: падабраць адпаведны праект. Напэўна, пры цяперашняй валакіце, калі трэба прайсці розныя экспертызы, правесці разведвальныя выпрабаванні і падрыхтаваць кучу дакументаў, то наўрад ці пабудавалі б той музей. А тады ўсяго ж гэтага не было: сказана – зроблена. За аснову ўзялі праект будынка лясгаса і пачалі рабіць фундамент. Пачынаў гэту будоўлю прараб Аляксей Сяргеевіч Салапаеў. Пайшло і фінансаванне работ, і ў план яго ўключылі. Так і вывелі мы яго пад дах. “Начынку” ж рабілі ўжо самі работнікі культуры разам з Анатоліем Мікалаевічам Папко. Таму на прыкладзе гэтай будоўлі магу сказаць, што зараз палепшыліся тэхналогіі, якасць матэрыялаў стала лепшай, аднак розных “узгадненняў”, якія стрымліваюць асноўны працэс, стала намнога больш. А магчымасць працаваць “з ліста” натхняла на творчую работу і ўсіх нас.

… і малдаўская арка

А яшчэ, лічыць гэты мудры чалавек-практык, што значна стымулявала тое, што начальства прыслухоўвалася да думкі падначаленых. Наконт гэтага ў яго ёсць таксама вельмі яркі прыклад.

  • Будавалі мы тады Дом культуры ў Дзешчанцы, — распавядае В. Дзегцяроў. — Усе тэрміны праходзяць, а ў нас несастыкоўка з праекціроўшчыкамі: не праходзіць выпрабаванне малдаўская арка. Для нас-практыкаў гэта самая што ні ёсць дробязь, а там стрымліваюць увесь працэс. І вось мяне, галоўнага інжынера звычайнай раённай арганізацыі камандзіруюць на прыём да міністра. І што вы думаеце? Паехаў, пачынаць жа аб’ект неяк трэба, бо гэта і работа, і заробак людзей. У прызначаны час выслухаў міністр маю просьбу і тут жа даў распараджэнне праекціроўшчыкам: “Падбярыце гатовы праект і прывяжыце яго да канкрэтнай мясцовасці. Што вы мурыжыце галоўнага інжынера, ён павінен будаваць, а не хадзіць па кабінетах.” Так што сітуацыі былі розныя і выхад з іх знаходзілі па-рознаму. І добра, калі цябе разумелі.

На адной мове

—Лічу, што на будоўлі выпадковых людзей не бывае, —упэўнены Васілій Дзегцяроў. — Гэта датычыць простых муляраў і тынкоўшчыкаў, прарабаў і кіраўнікоў. Напрыклад, асабіста я шмат пачарпнуў ад Віктара Іванавіча Бародзіча, які ўзначальваў нашу арганізацыю. Гэта настолькі быў граматны і падкованы ў многіх пытаннях чалавек, што пагаварыць з ім заўсёды было цікава і карысна. Я ніколі не саромеўся ў яго штосьці ўдакладніць, спытаць, параіцца, бо вельмі паважаў і давяраў гэтаму чалавеку. Поўнае разуменне было ў нас і з Адамам Давыдавічам Канапацкім. Будаўніком з вялікай літары лічыў і лічу заўсёды Анатолія Сцяпанавіча Яскевіча. Хто-хто, а гэты чалавек вельмі шмат зрабіў для нашага раёна. На любым узроўні ён умеў прабіваць і адстойваць новыя аб’екты. Такімі яго аб’ектамі былі раённая бальніца і паліклініка, Нёманская школа і амбулаторыя, дамы культуры ў Кухцічах,Дзешчанцы, Возеры і шмат іншых. Таму, калі б адна з вуліц нашага горада насіла яго імя, то гэта было б здорава!

Беражліва, спакойна, ураўнаважана адносіўся да падначаленых і сам галоўны інжынер Дзегцяроў, за што ў калектыве яго паважалі. Граматны спецыяліст і тактоўны чалавек ён мог і тыя ж чарцяжы “пачытаць” не толькі з брыгадзірам, а і звычайным мулярам. Да яго таксама многія маглі прыйсці за парадай і атрымаць падтрымку і разуменне. І самае важнае, што маючы такі аўтарытэт, ён заўсёды дакладана ведаў сваё месца і, як кажуць, вышэй галавы не скакаў. Аднак, як паказала практыка, і гэтыя розныя службовыя ўзроўні яго заўважалі і прыслухоўваліся да яго думкі.

Свядомы выбар

Да цяжкай сялянскай працы Васілій Дзегцяроў быў прывучаны з дзяцінства. А дакладней сказаць, лёс прымусіў.

—Бацька мой франтавік, прайшоў фінскую вайну, Айчынную, трапіў яшчэ і ў Японію, дадому вярнуўся толькі ў канцы 45-га года, — успамінае мужчына. — Зіма тады была снежная, мы з мамай рэзалі дровы. Улічваючы, што было мне ўсяго чатыры гады, то я, напэўна, толькі трымаўся за пілу. І тут ў двор заходзіць незнаёмы мужчына (да гэтага бацьку я не бачыў, ведаў толькі па маміных расказах) і крычыць: “Бросайте!” Па мамінай рэакцыі я зразумеў, што гэта мой бацька. З таго ваеннага паходу ён прывёз мне боцікі з брэзентавымі галянішчамі і амерыканскія галеты (пячэнне). Усяго восем гадоў пражыў ён і памёр. Таму ў 12 гадоў я ўжо ўмеў і араць, і касіць, а ў 16 нараўне з дарослымі мужчынамі ездзіў на сенакос на заліўныя лугі. Школу закончыў на “добра” і “выдатна”, мог паступаць у інстытут. Аднак дазволіць сабе гэтага не змог, бо акрамя мяне было яшчэ трое меншых дзяцей. Падаўся ў будаўнічае вучылішча. Закончыў яго з адзнакай і атрымаў трэці разрад муляра.

На працу маладога спецыяліста накіравалі ў Мозыр. А там не агледзеўся, як і падыйшла пара і самому ісці ў армію. Служыць давялося ў ракетных войсках. Нарыканцы службы, а доўжылася яна тры гады, падаў рапарт, каб паступіць у інстытут. Выбар спыніў на будаўнічым факультэце політэхнічнага інстытута. “А да салдат-абітурыентаў тады адносіліся з вялікай павагай”, — кажа мой суразмоўца. Так і адвучыўся ён пяць гадоў на дзённым аддзяленні. Размеркаванне дыпламаваны інжынер атрымаў у Дзяржынскую ПМК – 22. Пасля былі і іншыя месцы працы, аднак самай працяглай і памятнай атрымалася праца на Уздзеншчыне.

Менавіта тут выканаў і увесь свой мужчынскі запавет: дом, сад, сын. Прычым усе работы ў доме, акрамя газазваркі, выконваў уласнымі рукамі. Пастаянна знаходзіцца работа і цяпер.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

1 Комментарий

  1. Знаю Василия Дегтярева лично ,ЗАМЕЧАТЕЛЬНЫЙ человек! Мастер на все руки,как говорят. Такое впечатление, что он разбирается во всем, с каким бы вопросом к нему не обратился всегда подскажет, как это надо сделать, а если сразу не может ответить, то обязательно разберется и зачастую приходит и сделает то что надо.
    Это очень эрудированный человек, беседы с ним доставляют истинное удовольствие еще и по тому, что он умеет не только говорить , но и слушать, что бывает не так часто.
    И еще , Василий Сергеевич умеет и любит работать и какую бы работу он не делал, он подходит творчески.
    Василий Сергеевич надежный и верный друг, про таких раньше говорили:»С ним можно идти в разведку»
    Статья мне понравилась и фотографии тоже
    Желаю доброго здравия Василию на долгие ГОДЫ! Наталья Псиола, г Гродно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *