На базе санаторнай школы-інтэрната прапісаўся лагер з паглыбленым вывучэннем школьных прадметаў — zorkanews.by

На базе санаторнай школы-інтэрната прапісаўся лагер з паглыбленым вывучэннем школьных прадметаў

Лагер, які аб’яднаў 50 дзяцей, гатовых займацца паглыбленым вывучэннем школьных прадметаў нават у летні час, часова прапісаўся на базе санаторнай школы-інтэрната. Разам з тым, ён стаў выдатнай пляцоўкай не толькі для правядзення вучэбных заняткаў, але і актыўнага баўлення вольнага часу.

Падобны лагер, толькі дзённага прабывання, дзейнічаў на базе гімназіі тры гады таму. Ужо тады ён атрымаў станоўчы водгук, дазволіўшы многім дзецям па-новаму паглядзець на школьныя ўрокі, якія выйшлі за межы стандартных адказаў ля дошкі і напісання кантрольных і тэставых работ. Аднак арганізатарам такога лагеру хацелася даць дзецям магчымасць не толькі вучыцца, але і арганізаваць для іх цікавую пазазаняткавую дзейнасць. Сёлета такая магчымасць з’явілася – адкрыўся 18-дзённы кругласутачны лагер для таленавітых і адораных школьнікаў.

– Педагогі, якія працуюць з дзецьмі па беларускай, англійскай і рускай мовах, біялогіі, матэматыцы, хіміі, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве – з ліку выкладчыкаў гімназіі, у ролі выхавацелей задзейнічаны таксама і настаўнікі іншых школ, – расказвае дырэктар лагера Таццяна БОНДАР. –Увесь працэс пабудаваны так, каб веды і навыкі дзеці атрымлівалі праз пазнавальную, творчую, гульнёвую і камунікатыўную дзейнасць. Яно і зразумела, каб абгрунтаваць тое ці іншае рашэнне, школьнікам трэба ўмець правільна сфармуляваць свае думкі і даць лагічны адказ. Праз гульню і творчасць можна знайсці неардынарнае рашэнне нават самай складанай задачы.

У гэтым пераканаліся і мы, зазірнуўшы ў класы. Хто здолее ўпісаць у магічны квадрат назоўнікі, не парушыўшы размяшчэнне літар? Як рашыць задачу па генетыцы? Ці лёгка начарціць фігуры, ведаючы толькі памеры яе асобных ліній і элементаў? Нам, дарослым, якія даўно развіталіся са школьнымі партамі, ужо не пад сілу справіцца з тымі заданнямі, якімі з лёгкасцю рашаюць нашы дзеці.

І калі першая палова дня прыходзіцца на заняткі, то другая – вызначаецца актыўнасцю і пазвальнасцю. Адпачывальнікі ўжо пабывалі на эксурсіі на прадпрыемстве па вырабе свечак, паглядзелі новыя фільмы ў кінатэатры “Кастрычнік”, наведаліся ў школьныя музеі СШ № 1 імя А. Пушкіна і СШ № 2 імя К. Крапівы, здзейснілі незабыўнае падарожжа ў цэнтр экалагічнага турызму ў Станькава, пазнаёміліся з гісторыяй Кухценскай сядзібы і прафесіямі, якія можна атрымаць у мясцовым ліцэі, папрактыкаваліся ў пажарных эстафетах… І гэта толькі частка мерапрыемстваў, прадугледжаных арганізатарамі лагера.

Не менш запатрабаваны адпачывальнікамі і спартыўныя турніры па шашках, шахматах, футболе, – працягвае расказваць Таццяна Мікалаеўна. – З ахвотай, асабліва малодшыя школьнікі, займаюцца і ў гуртках па інтарэсах “Чароўная палітра”, “Вясёлка-хобі”, “Ачумелыя ручкі”, дзе з імі займаюцца супрацоўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

А нашым дзецям, напэўна, такі разнастайны адпачынак і патрэбен. Адным, каб ацаніць свае здольнасці перад новым навучальным годам, другім – выбраць занятак для душы, трэцім – знайсці надзейных сяброў і г. д. Адзінае, што застанецца ў памяці ўсіх адпачывальнікаў летніка, – час, не патрачаны дарэмна.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *