Пасвяжэлі і школьныя класы — zorkanews.by

Пасвяжэлі і школьныя класы

Святлана СТРАЛКОЎСКАЯ і Тамара АСТРАУХ робяць апошнія мазкі пэндзлем, і падлога ў школьнай сталоўцы заззяе новымі фарбамі

Лічаныя дні засталіся да пачатку новага навучальнага года. Рыхтуецца да чарговага паходу за ведамі і калектыў самай невялікай у раёне Ліцвянскай базавай школы імя П. Глебкі.

— На працягу летніх месяцаў настаўнікі, тэхгічны персанал школы не забывалі пра тое, што новы навучальны год не за гарамі, і сустрэць яго трэба так, каб не было сорамна перад вучнямі, бацькамі. Ды і самім працаваць прыемна, калі ўсё дагледжана, — так пачаў размову пра падрыхтоўку навучальнай установы да першага верасня дырэктар школы Анатолій Атраховіч. – Нейкіх грунтоўных пераўтварэнняў, капітальнага рамонту не планавалася, але і дробных работ было дастаткова. Калектыў у нас вопытны, кожны ведае свае абавязкі, “вузкія месцы”. Нам заставалася толькі каардынаваць справы.

Не чакаючы заканчэння жніўня, настаўнікі аглядалі вучэбныя класы, кабінеты. Своечасова абнаўлялі метадычную літаратуру, неабходную для арганізацыі адукацыйнага працэса. З дапамогай загадчыка гаспадаркі Фёдара Кацубы падрамантавалі крэслы, сталы, аконныя рамы. Фёдар Сцяпанавіч таксама пераправерыў электраабсталяванне, падрыхтаваў да новага ацяпляльнага сезона цеплавузел.

У класах абнавілася пабелка на столі. Гэтай работай займаліся тэхнічныя работнікі Святлана Стралкоўская, Алена Сідорчык, Валянціна Абдулаева і рабочы па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Яўгеній Нячай. Пафарбаваны ў дзіцячым садку падлога, сцены, лесвіца, сталы, крэслы, сцены і падлога харчблока. Папрыгажэлі і сцены з вуліцы, падрамантаваны бетонныя лесвічныя прыступкі, фундамент па перыметры будынка. Тут праявілі сваё майстэрства, акрамя названых вышэй, дворнікі Ала Дашкевіч і Тамара Астравух, повар Ірына Волат, выхавацелі дзіцячага сада Вольга Сідорчык, Наталля Балакірава, Паліна Шкала, памочнік выхавацеля Наталля Стралкоўская.

Настаўнік фізічнага выхавання Аляксандр Шэмет пафарбаваў абсталяванне стадыёна і спартыўнай залы. На працягу лета за парадкам на прышкольным агародзе і кветніках сачылі разам з вучнямі настаўніца хіміі і біялогіі Марыя Кульбіцкая і настаўніца працоўнага навучання, яна ж педагог-псіхолаг Наталля Ціханава. Прыкладна раз у тыдзень бралі ў рукі бензакасілкі Яўгеній Нячай, Ала Дашкевіч, каб вызваляць ад травы тры з паловай гектары ўнутры школьнага двара і значныя плошчы прылеглай тэрыторыі.

— Ужо ў пачатку жніўня мы выканалі амаль усё, што планавалася і рэальна магчыма было зрабіць, — кажа А. Атраховіч. – Засталіся дробязі. Чарговы навучальны год, мяркую, пачнем, як заўсёды, на ўзроўні. Першага верасня чакаем дзетак, іх бацькоў на першы званок.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *