Выдатнае месца для адпачынку — zorkanews.by

Выдатнае месца для адпачынку

Аграгарадок Лоша ўключае чатыры населеныя пункты: Крывялі, Лоша, Касцюкі, Баравыя. З пастаянна пражываючых 408 жыхароў 35 дзеці (звесткі за 1 студзеня 2019 года – аўт.). Статус аграгарадка Лоша атрымала апошняй, у 2010 годзе. Да 2013 года была цэнтрам Лашанскага сельскага Савета.

Старонкі гістарычнага альбома гартае Галіна Уладзіміраўна Васількова.

— Я люблю сваю вёску, якая знаходзіцца на ўзбярэжжы ракі Лоша і вадасховішча. Праўда, называю яе так хутчэй па звычцы. У адміністрацыйным дзяленні гэта аграгарадок, — пачынае размову ветэран педагагічнай працы Галіна Уладзіміраўна Васількова. — Ёсць розныя меркаванні наконт узнікнення назвы населенага пункта. Адна версія такая. У нашых лясах шмат ласей – “ласінае месца”. Нават існуе паданне, што “ласіха прыходзіць да ракі, пье ваду, б’е капытам і быццам размаўляе з людзьмі”. Другая: назву паселішчу дала рака Лоша, назва якой, на думку акадэміка А. Трубачова, узнікла ад літоўскага lašiša “ласось” (месцічы лічаць, што ў старажытнасці ў рацэ было шмат фарэлі, ласося – аўт.). А. Ванагас, не выключаючы гэту этымалогію, прапаноўвае варыянт ад літ. Laša “кропля”, lašeti “капаць” і ўказвае паралелі: літоўскае Laš-upis, прускае Lassa. Кожная з гэтых тэорый мае права на жыццё.

Ветэраны сельгаспрадпрыемтсва Міхаіл Іванавіч і Валянціна Мікалаеўна Мысліўцы

Там, дзе сёння знаходзяцца майстэрні сельгаспрадпрыемства, калісьці праходзіў адрэзак “Лашанска-Шацкага воднага шляху” з варагаў у грэкі. У лесе ў бок Валяр’ян ёсць месца, па якім у старажытнасці па сушы цягнулі судны. Пра Перавалоку расказваў і лашанскі фенолаг І. Аляксейчык. Раней там было возера, якога цяпер ужо няма. Нагадваў аб старажытнасці гэтых мясцін, аб былых водных шляхах, якія раней называлі “дарогамі божымі”, і самадзейны гісторык з Забалацця Фёдар Пятровіч Бельскі. Дарэчы, ад вёскі Валок (рака Шаць) да Лошы (рака Лоша) адлегласць складае 11 кіламетраў.

Мястэчка Лоша вядома з ХVІІ стагоддзя як сяло ў складзе Мінскага павета Рэчы Паспалітай. Праўда, у кнізе “Памяць. Уздзенскі раён” згадваецца пра юрыдычныя дакументы 1565 года, у якіх сказана, што тут дзейнічала царква. З 1793 года Лоша ў складзе Расійскай імперыі як мястэчка № 31793. У ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з’яўляецца спачатку сялом, потым мястэчкам Слабада-Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета. У розныя гістарычныя перыяды Лоша належыла князям Галоўчынскім, Заранкам, Ленскім, Завішам, Грабоўскім-Тапорчыкам.

Жыхар аграгарадка Вацлаў Феліцыянавіч ШАБУНЕВІЧ: “Да выхаду на заслужаны адпачынак я доўгі час працаваў у Лашанскім лясніцтве, якое ў той час займала 7 тысяч гектараў. У розныя гады там рабілі Міхаіл Трухан, Арсеній Салавей, Рыгор Касцюкевіч, Аляксандр Янчэўскі, Канстанцін
Кашкан, Віктар Урублеўскі, Ніна Кашкан, Віктар Бондар, іншыя. Узначальваў лясніцтва Рыгор Салавей. Дарэчы, на малую радзіму жонкі, Валянціны Іванаўны, мы пераехалі ў 1970 годзе, пабудавалі ўласны дом. Тут цудоўныя мясціны, прыгожая прырода і добрыя, спагадлівыя людзі. Шкада толькі, што моладзь не затрымліваецца. Але ўпэўнены, што з часам сітуацыя зменіцца, і на вуліцах зноў стане мнагалюдна, бо наш аграгарадок выдатнае месца для спакойнага сямейнага жыцця.

— У 1870 налічвалася 48 двароў, 1909 – 70, дзейнічалі школа, праваслаўная царква, сінагога, — працягвае Галіна Уладзіміраўна. — На аснове аналізу пісьмовых і рэчавых крыніц можна зрабіць выснову, што ў першай палове ХІХ стагоддзя ў Лошы існавала шкляное прадпрыемства, на якім да 20 прыгонных сялян Завішы выраблялі розны посуд для сваіх патрэб. У гэтыя гады тут пасяліліся яўрэі, якія былі рамеснікамі і гандлярамі. У той час у мястэчку бытавалі сплаўныя, кравецкія, шавецкія, дрэваапрацоўчыя промыслы. Працавалі паравы млын і лесапілка, сталярная майстэрня, пякарня, ветэрынарны пункт, бальніца, беларуская і яўрэйская школы, клуб, рынак, магазіны, сельпо, аптэка, цырульня, малочны завод. Многія лашанцы займаліся нарыхтоўкай жывіцы для вытворчасці скіпінару. Яўрэй Майсей Рыжавецкі працаваў цырульнікам, у віна-гарэлачным магазіне — прадавец Нішон Розаў. У 1913 годзе яўрэям належалі ўсе 6 бакалейных лавак. У канцы ХІХ стагоддзя Арон Палойка на беразе мелкаводнага возера пабудаваў смалакурню.

Доўгі час узначальваў Лашанскае лясніцтва Рыгор Іванавіч Салавей

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мянялася і мястэчка. У 1930 годзе 10 яўрэйскіх сем’яў разам з беларусамі стварылі калгас “Бальшавік”, які аб’ядноўваў вёскі Крывялі, Лошу, Загоршчыну. Дзейнічала камсамольская ячэйка, сакратаром якой быў Ас Арон. У 1936 годзе ў Лошы была адкрыта бальніца. Урачом у ёй працавала Раіса Саламонаўна Бусловіч (сёння ж Лашанскую амбулаторыю нельга ўявіць без таленавітага ўрача Дзмітрыя Дзмітрыевіча Лакціёнава, які больш як чвэрць стагоддзя стаіць на варце здароўя вяскоўцаў – аўт.).

Але Вялікая Айчынная вайна нібыта правяла мяжу. Многія жыхары мястэчка пайшлі на фронт, у партызаны. Некаторыя яўрэйскія сем’і, трапіўшы ў уздзенскае гета, былі расстраляны.

— Бой у ваколіцах населенага пункта быў жорсткі, — дадае Г. Васількова, былы кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”, які дзейнічаў у Лашанскай школе (у 2010 годзе ў абласным аглядзе-конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі ён заняў ІІІ месца – аўт.). — Два нямецкія самалёты бамбілі Лошу. Каля маяка ў Даўгінаве фашысты ўстанавілі пушкі і абстрэльвалі Баравыя, Касцюкі і асабліва Лошу. Атакі змянялі контратакі. Поўнасцю згарэлі будынкі новай школы, бальніцы, згарэла амаль уся Лоша. Засталіся толькі пяць хат.

У памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на брацкай магіле ў 1973 годзе быў устаноўлены абеліск, на якім напісаны імёны 69 загінуўшых аданавяскоўцаў.

Тамара Юр’еўна Буяк з унучкай Анастасіяй і праўнукамі Юрыем і Дар’яй.

З пачаткам мірнага жыцця пачалося аднаўленне населенага пункта: будаваліся дамы, будынкі інфраструктуры.

Былы адміністрацыйны будынак сельгаспрадпрыемства імя Ільіча (апошняя назва “Лоша-Агра”).

— Я прыехала ў Лашанскую школу па размеркаванні ў 1974 годзе. У той час яна была драўляная, размяшчалася ў некалькіх будынках. Сёння там амбулаторыя, — расказвае Галіна Васількова. — Вучылася каля 400 чалавек. Толькі ў 10-11 класах было па дзве-тры паралелі. Калі прыязджалі на раённы баль выпускнікоў, то наша дэлегацыя была самая шматлікая. Вучні ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, актыўна займаліся спортам. Асабліва падабалася гуляць у хакей. Не раз займалі прызавыя месцы ў раёне, і за яго межамі, за што былы першы сакратар райкама партыі Аляксандр Іванавіч Мяцельскі падарыў школе хакейную пляцоўку. У 1979 годзе школа пераехала ў новы будынак. Нават і не верыцца, што яе закрылі…

У інтэрнаце калісьці жылі вяскоўцы і гучаў дзіцячы смех
  • А людзей колькі было раней. Выйдзеш раніцай на вуліцу, ажыўлена, нібыта ў горадзе – спяшаюцца на работу механізатары, дзеці ў школу. А цяпер цішыня, калі-нікалі машына праедзе ці трактар, — расказвае Валянціна Мікалаеўна Мыслівец, жыхарка вёскі Баравыя. — Я родам з Салігоршчыны, прыехала па размеркаванні. Працавала загадчыцай свінафермы ў Касцюках, потым даіла кароў. Памятаю, ідзём з жанчынамі з работы, песні спяваем. Разам кароў даілі Леаніда Трухан, Аляксандра Шукала, Клава Трухан, а Валянціна Баран, Вольга Ворсіна і да гэтай пары працуюць на ферме.
Лашанскае вадасховішча

За старанную і добрасумленную працу Валянціна Мікалаеўна ў 1986 годзе была ўзнагароджана ардэнам Працоўнай славы ІІІ ступені. Яе муж, Міхаіл Іванавіч родам з Касцюкоў, працаваў трактарыстам, потым інжынерам па працаёмкіх працэсах.

— Мы абслугоўвалі 11 фермаў. У брыгадзе было сем чалавек: Рэфат Сейдаметаў, Анатоль Галавенчык і яго сын Аляксандр, Жора Прашкэ, Аляксандр Гешкевіч, іншыя, — прыгадвае былых калег Міхаіл Мыслівец. — Дзе якая паломка – адразу выязджаем. Працавалі і ў выхадныя, аднаго разу нават Новы год давялося сустракаць на ферме, бо не пасвявалі наладзіць работу абсталявання. Заатэхнікам тады працаваў Пётр Фёдаравіч Дужынскі.

— Калі прыехала сюды, мне вельмі спадабаліся мясціны. Асабліва ўразіў лес. Там, адкуль я родам, яго побач не было. Каб назбіраць лясных дароў, трэба было прайсці некалькі кіламетраў, — дадае Валянціна Мікалаеўна.

Помнік у памяць аб загінуўшых у гады вайны земляках

— Мясціны ў нас маляўнічыя, багатыя на грыбы, ягады, звера. Раней тут палявалі нават на мядзведзя. Цяпер жа — лось, казуля, — расказвае Рыгор Іванавіч Салавей, які доўгі час працаваў ляснічым Лашанскага лясніцтва. — Але мала які населены пункт можа пахваліцца мясцінамі, якія атрымалі свае назвы ад калісьці пражываючых жыхароў або знакавых падзей. Так, тут калісьці жыў яўрэй Бэрка-крыклівы. Празвалі яго “хапун”, бо хутка рабіў усю работу, вырабляў гонту, ездзіў у Слуцк па тавары. Няма ўжо таго чалавека, а “Бэркава дарожка” захавалася. Або “Івашынава паляна” (раней на гэтым месцы быў хутар). Ёсць мясціны, звязаныя з першым сакратаром цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі Пятром Машэравым. Ён прылятаў на Лашаншчыну, аглядаў сельгаспрадпрыемства, гутарыў з людзьмі. Месца, дзе прызямляўся яго верталёт, людзі завуць “Машэравай палянай”. Ёсць яшчэ і “Машэрава дарога” – гэта ўчастак каля Лашанскага вадасховішча да развілкі на вёску Азярцы і далей да шашы Мінск-Слуцк-Мікашэвічы. Раней там было забалочана, потым правялі меліярацыю, і Пётр Міронавіч даў загад пракласці дарогу. Ва ўрочышчы Гарадзішча, на беразе штучнага вадасховішча, ёсць археалагічныя помнікі: гарадзішча і стаянка (адносіцца да каменнага веку).

Лоша – рака капрызная. Гэта цяпер спакайней стала (на жаль, зарастае чаротам і хмызняком), а раней увесну разлівалася так, што затаплівала людскія агароды. Добра памятаюць жыхары Загрэблі гэтыя паводкі.

  • Раней клуб у Лошы знаходзіўся там, дзе зараз падстанцыя. На танцы туды хадзілі, кіно глядзелі, якое прывозілі кожны тыдзень. Менавіта там я сустрэў сваё каханне. Мая Людачка пасля вучобы працавала ў бібліятэцы. Вось ужо 46 гадоў крочым па жыцці разам, — з любоўю гледзячы на жонку, расказвае Рыгор Іванавіч. — Многае для развіцця населеных пунктаў зрабілі старшыні калгасаў. Так, пры Уладзіміры Рыгоравічы Шарко заасфальтавалі дарогі ў вёсках, правялі вадаправод у Баравых, устанавілі помнік загінуўшым у гады вайны землякам. Пры Уладзіміры Іванавічы Хадаску пабудавалі адміністрацыйны будынак калгаса імя Ільіча. Раней там размяшчаліся і сельвыканкам, пошта, аддзяленне банка. А цяпер, толькі вецер гуляе ў сценах. Шкада…
  • На жаль, многае пазакрывалі ў Лошы, — гаворыць унучка Тамары Юр’еўны Буяк Анастасія, якая жыве ў Мінску. — Метраў колькі ад бабулінага дома стаіць інтэрнат. Раней там чуваць быў дзіцячы смех, а цяпер цішыня і вокны паразбіваныя. А колькі маладых пар было зарэгістравана ў сельвыканкаме! А якія святы вёскі, Купалле ладзіліся!
  • А мне падабаецца прыязджаць да прабабулі, — прызнаецца Юрый. — Тут возера прыгожае, у якім купаемся з сябрамі. У аднаго з іх, Даміра, бабуля трымае карову, малако ад яе такое смачнае! Тут адпачываю ад гародской мітусні і шуму.
  • Я люблю аграгарадок за яго непаўторную прыроду, утульныя вуліцы, акуратныя домікі і падворкі з мноствам кветак. А яшчэ – за жыхароў, іх дабрыню і гасціннасць, працавітасць і спагадлівасць, — дзеліцца думкамі Тамара Юр’еўна Буяк. — Мы пераехалі сюды ў 1979 годзе з Таўкачэвіч. З тае пары гэтыя мясціны сталі і маім домам, з якімі звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Толькі выклікае шкадаванне, што моладзь не затрымліваецца, едзе ў горад. Але ўсё ж ёсць будучыня: гараджане тут набываюць участкі, будуюць дамы. Некаторыя перабіраюцца на пастаяннае месца жыхарства. Значыць, у лашанскіх дамах заўсёды будзе гарэць святло…

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *