Па асобаму ставяцца Іван і Станіслава Луцэвічы да Яблычнага Спасу, які традыцыйна святкуюць 7 і 19 жніўня — zorkanews.by

Па асобаму ставяцца Іван і Станіслава Луцэвічы да Яблычнага Спасу, які традыцыйна святкуюць 7 і 19 жніўня

Тры прыгожыя святы — Спасы — дорыць нам жнівень: Мядовы, Яблычны, Арэхавы ці як яго яшчэ называюць Хлебны. З асаблівай пашанай, як і да ўсіх каталіцкіх і праваслаўных святаў, ставяцца і ў доме Станіславы і Івана ЛУЦЭВІЧАЎ з вёскі Тоўсты Лес.

Па асобаму ставяцца Іван і Станіслава Луцэвічы да Яблычнага Спасу, які традыцыйна тут святкуюць 7 і 19 жніўня. “Мы з мужам католікі, унукі – праваслаўныя, а Гасподзь адзін, таму шанаваць трэба любую веру”, — кажа гаспадыня. А яшчэ дата гэта дарагая ім і тым, што 63 гады таму Стася і Янак, як прывычна тут іх называюць, пабраліся шлюбам. Можа таму і сад іх родзіць кожны (!) год, а не цераз год, як гэта бывае часцей.

Вось і сёлета ён амаль адзін у вёсцы, дзе так багата яблыкаў. Пладаносяць і старыя яблыні, якія садзіў гаспадар, і маладзейшыя, якія садзіў яго сын. Сярод яблынь месцяцца ў садку і 7 пчаліных вулляў.

Нам то ўжо столькі яблынь і не трэба, а вось пчолкам вельмі добра, — гаворыць жанчына, пчаляр больш як з дваццацігадовым стажам. – Пчол я вельмі люблю. І, напэўна, не столькі, дзеля мёду, як сам працэс. Зараз гэта частка майго жыцця. Пакуль магу, буду трымаць. Вось і цяпер пасля таго, як унук адкатаў мядок, пачала рыхтаваць пчол да зімы. З 25 жніўня па 7 верасня буду карміць сваіх працаўніц сіропам. Пасля стаўлю лякарства, уцяпляю падушачкамі з папараццю і закрываю. За столькі гадоў у нас ёсць увесь неабходны для пчалярства рыштунак.

—Ёсць свой мядок, свой ураджайны садок, ёсць, дзякуй Богу, і хлябок на стале, — у тон гаспадыні гаворыць муж. — Жыві ды радуйся, але ж гады бяруць сваё, таму і хваробы не абмінаюць.

93-ці год пайшоў Івану Іосіфавічу. На дзесяць гадоў маладзейшая за яго Станіслава Канстанцінаўна. Абое ўвесь час працавалі ў калгасе “Зарэчча”. Знакамітым майстрам па доглядзе свіней, які дабіваўся высокіх прываг, славіўся Іван Луцэвіч. І да гэтай пары застаецца ў курсе вясковых навін, праблем Станіслава Канстанцінаўна, якая выконвае абавязкі старасты. І ўсё нішто, калі б не яшчэ адна акалічнасць, якая падкрэслівае наколькі моцная духам гэта жанчына. Сем гадоў таму з-за хваробы аднялі ёй нагу. За гэты час прылаўчылася перамяшчацца дзе з табурэцікам, дзе ў калясцы. І як бы не павярнуўся лёс, захавала пачуццё аптымізму і жыццялюбства. А гэта, як і вера ў Бога, надае сілы, вынослівасці.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *