Дзень беларускага пісьменства: запрашае Слонімшчына - zorkanews.by

Дзень беларускага пісьменства: запрашае Слонімшчына

Слонім запрашае на рэспубліканскае свята гасцей з розных куткоў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Тут 1 верасня дваццаць шосты раз пройдзе Дзень беларускага пісьменства. 

Першае маё знаёмства са слонімскім краем адбылося ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Літаратурнае аб’яднанне “Нёманец” запрасіла на сваё пасяджэнне вядомага ўжо тады пісьменніка, краязнаўцу, журналіста, гісторыка са Слоніма Сяргея Чыгрына. Ён цікава расказваў пра свой горад, слаўную гісторыю гэтага цікавага на Гродзеншчыне куточка, прэзентаваў свае кніжкі паэзіі, а напрыканцы сустрэчы запрасіў уздзенскіх літаратараў наведаць тыя мясціны. 

Праз год мы, звыш дзесяці членаў літаб’яднання, накіраваліся на Гродзеншчыну. Надоўга запомніліся знакавыя аб’екты Міра, Навагрудка, возера Свіцязь, а найбольш помнікі гісторыі, архітэктуры, літаратурныя мясціны на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне, дзе нашым экскурсаводам быў С. Чыгрын. Доўга за поўнач зацягнуліся размовы, літаратурныя чытанні каля вогнішча. Наладжаныя тады сяброўскія стасункі працягваюцца і сёння. 

І вось Слонім. Горад як паселішча на беразе ракі Шчара вядомы з першай паловы ХІ стагоддзя. Яно згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе за 1252 год, назва паходзіць ад усходне-славянскага слова “услона” (заслона, фарпост). Сёння тут жыве каля 50 тысяч жыхароў, а ў раёне амаль 70.147 населеных пунктаў аб’яднаны ў 10 сельсаветаў. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у рэгіёне, уключае 36 помнікаў архітэктры, 15 – гісторыі, 39 – археалогіі.  

Старанна рыхтаваліся гаспадары да свята. На плошчы Леніна ва ўрачыстай абстаноўцы будзе адкрыты помнік Льву Сапегу, адліты ўжо і чакае ўстаноўкі і помнік Міхалу Казіміру Агінскаму. З’явіўся ў горадзе і новы кніжны магазін, шматфункцыянальны павільён РУП “Белсаюздрук”. Адрамантаваны гасцініца “Шчара”, мясцовы краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, добраўпарадкаваны берагі і пачышчана русла канала Агінскага. Шмат зроблена па навядзенні парадку на тэрыторыі аграгарадка Жыровічы, куды зімой і летам накіроўваюцца тысячы турыстаў, у тым ліку і з Уздзеншчыны. Разам з іншымі сувенірамі гасцям свята будуць уручаць і выдадзеныя нядаўна кнігі “Слонімскя зямля” і “Слонімшчына літаратурная”. 

Змястоўная праграма свята, якое будзе доўжыцца некалькі дзён. Па традыцыі ў гэтыя дні па знакавых мясцінах Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей праходзіць экспедыцыя “Дарога да Святыняў з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга” з удзелам творчай, навуковай інтэлігенцыі, духавенства, якая завяршыцца ў Свята-Троіцкім саборы Слоніма літургіяй і перадачай Благадатнага агню на лампадкі і свечкі прыхаджанам. Вернікаў, гасцей свята чакаюць таксама Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, іншыя культавыя мясціны. 

У Слонімскім драматычным тэатры пройдзе фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Адбудуцца круглы стол з удзелам беларускіх і замежных літаратараў, навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”. Галоўнай падзеяй свята стане, безумоўна, урачыстая цырымонія яго адкрыцця з канцэртам і ўручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Аматары літаратуры, у тым ліку і члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, стануць удзельнікамі і гасцямі фестывалю кнігі і прэсы, шматлікіх творчых сустрэч, прэзентацый, праектаў з нагоды юбілеяў В. Быкава, М. Лынькова, А. Куляшова, П. Труса, А. Якімовіча. 

 Самі за сябе гавораць назвы тэматычных пляцовак: “Хараство ўмелых рук”, “Гартаючы гісторыі старонкі”, “Фальклорная”, “Вясёлае дзяцінства”, “Маладзёжная”, “Дакрануцца да духоўнасці”, “Гродзеншчына запрашае”, “Мастацкая” і іншыя. Як заўсёды, на многіх вуліцах і плошчах горада будуць шырока прадстаўлены гандлёвыя рады, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, экспазіцыі музеяў і бібліятэк, дзіцячыя гарадкі, пройдуць шматлікія спартыўныя мерапрыемствы. 

 Віктар САБАЛЕЎСКІ 

Это интересно