Абласное свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» адбудзецца 7 верасня - zorkanews.by

Абласное свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» адбудзецца 7 верасня

Каля 500 майстроў-умельцаў у звыш 20 накірунках народнай творчасці (салома- і лозапляценне, разьба па дрэве і ткацтва, вышыўка і ганчарства, ткацтва пояса і інш.) з розных куточкаў Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь 7 верасня возьмуць удзел у свяце «Слуцкія паясы». 

У межах абласнога свята таксама адбудзецца свята-конкурс «Беларуская лялька», прысвечанае гэтай цікавай і шматграннай з’яве нашай агульнай творчай спадчыны. Надзвычай прыемна, што большасць удзельнікаў конкурсу з ліку дзяцей і моладзі – навучэнцы гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тыя, хто будзе працягваць зберагаць і развіваць традыцыі беларускай лялькі і надалей. 

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, як і заўжды, пройдзе ў межах абласнога свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы». Да ўдзелу у канферэнцыі запрошаны навукоўцы, аспіранты, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь і замежных краін, майстры народных мастацкіх рамёстваў. 

Упершыню ў рамках свята прайшоў інтэрактыўны конкурс юных майстроў і мастакоў «У краіне творчасці». Спаборніцтва праходзіла на інтэрнэт-рэсурсе Facebook. Пераможцы вызначаліся шляхам адкрытага галасавання і спаборнічалі ў пяці намінацыях ў двух узроставых групах.  

Сапраўднымі брэндамі Мінскай вобласці сталі капыльскія і старадарожскія ручнікі, лагойская і ивянецкая кераміка, клецкая і маладзечанская лаза, вілейская і мядзельская разьба па дрэве. Слуцкі раён працягвае мастацкія традыцыі народнай творчасці свайго рэгіёна. Таму невыпадкова, што для правядзення брэндавага свята рамёстваў «Слуцкі пояс» быў абраны менавіта гэты рэгіён Міншчыны. 

Спадзяёмся, што гэта свята з гістарычнай назвай «Слуцкі пояс» кожны год будзе збіраць усё больш таленавітых людзей з розных куточкаў Беларусі. 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *