Найбольшая ўраджайнасць цукровікаў адзначаецца на палетках эксперыментальнай базы імя Катоўскага — zorkanews.by

Найбольшая ўраджайнасць цукровікаў адзначаецца на палетках эксперыментальнай базы імя Катоўскага

Спрыяльны гэты год і на цукровыя буракі. Аграномаў радуе цукрыстасць салодкіх караняплодаў, іх якасць. Сёлета цукровыя буракі прапісаліся на 2060 гектарах (“Наднёман”, “Новае жыццё”, “Агра-Кухцічы”, “Райаграсэрвіс”, “Асілак”, “Уздзенскі”, саўгас “Гарадок”, база імя Катоўскага). 

Па звестках райсельгасхарча найбольшая ўраджайнасць цукровікаў на гэту дату адзначаецца на палетках эксперыментальнай базы імя Катоўскага – звыш 600 ц/га. Туды і накіраваліся ў час чарговай рэдакцыйнай камандзіроўкі. 

РЭНТАБЕЛЬНАЯ КУЛЬТУРА 

Уборка цукровых буракоў – з ліку апошніх, да якіх працаўнікі сельскай гаспадаркі прыступаюць восенню. Увогуле, цукровікі былі і застаюцца адной з самых каштоўных і рэнтабельных сельгаскультур. 

Так, мінуў той час, калі цукровыя буракі спачатку некалькі разоў палолі ўручную, а пасля гэтак жа ўбіралі з палеткаў: вырывалі, церабілі і складвалі ў бурты. Тэхналагічныя навінкі цалкам выцеснілі ручную працу. Цяпер на ўборцы салодкіх караняплодаў задзейнічана магутная тэхніка, здольная за дзень убіраць да 20 гектараў, а то і больш. 

У эксперыментальнай базе імя Катоўскага цукровікі сёлета прапісаліся на плошчы ў 350 гектараў. 

– У нашай гаспадарцы мы пяты год займаемся вырошчваннем цукровых буракоў, але ўжо бачым аддачу ад гэтай культуры, – расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Бакіноўскі. – Перавагу я аддаю гібрыдам “Фларымон дэпрэ” (гатункі “Наркос” і “Бернаш”) і КВС (гатункі “Бравісіма” і “Казіміра”). Летась, напрыклад, добра ўрадзілі “Наркос” і “Казіміра” – па 700 цэнтнераў з гектара. 

Увогуле, у сваёй практыцы спецыяліст практыкуе як раннія, так і сярэднепознія гатункі цукровых буракоў. Менавіта з ранніх цукровікаў тут і пачалі ўборку салодкіх караняплодаў. 

– Пачалі мы з 50-ці гектараў, дзе раслі раннія цукровікі, – адзначае Аляксандр Уладзіміравіч. – Потым сумесна з кіраўніком прынялі рашэнне аб дадатковай уборцы яшчэ некалькіх дзясяткаў гектараў. Аргумент тут – 15-ці працэнтная надбаўка ад цукровага завода. Зразумела, пры спрыяльным надвор’і кожны з караняплодаў яшчэ можа набраць вагу і цукрыстасці, аднак пад сябе ні дождж ні сонца не закажаш. Ды і з тэхнікай зараз прасцей. На нашых палетках цяпер працуюць два камбайны са Слуцка – адзін выбірае буракі, другі – загружае іх у машыны, якія тут жа адпраўляюцца на завод. 

У тым, што цукровы канвеер тут працуе на поўную моц пераканаліся, наведаўшыся разам з аграномам на палетак каля вёскі Сарокаўшчына, дзе яшчэ дзён колькі таму густым зялёным бацвіннем была пакрыта плошча ў 120 гектараў. Цяпер тут горы буракоў – звыш 1500 тон цукровікаў чаюць адгрузкі. І гэта без уліку тон, ужо вывезеных на завод. 

– Звярніце ўвагу на зямлю, – прапаноўвае Аляксандр Бакіноўскі. – Яна цяжкая. Дастаткова аднаго дажджу – і тэхніка, у прамым сэнсе гэтага слова, стане. А каб выцягнуць з поля загружаную машыну спатрэбіцца дадатковая тэхніка, што пацягне за сабою дадатковыя затраты. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму мы зрабілі акцэнт на раннюю ўборку. Больш высокія палеткі яшчэ церпяць, там праблем такога маштабу не будзе. Нязручнасці, вядома ж, могуць быць, але не такія, як тут. 

Задаволены аграном і сёлетнім ураджаем. І гэта не без падстаў. Калі, напрыклад, у мінулыя гады раннія гатункі давалі па 450 цэнтнераў з круга, а сёлета – па 660 толькі на гэтым палетку. Розніца – істотая. Ды і паказчык цукрыстасці тут даволі высокі – 16,3 %. 

Па словах спецыяліста, поспеху ў вырошчванні цукровых буракоў сёлета папярэднічала вялікая і карпатлівая работа. Асновы ўраджаю пачалі закладваць яшчэ ў час асенняй сяўбы летась, калі пад усю плошчу гэтай сельгаскультуры ўнеслі гліфасфаты, заправілі глебу фосфарам і каліем. Вясной перад сяўбой правялі перадпасяўную апрацоўку глебы, культывацыю, дадаткова ўнеслі азотныя ўгнаенні. Таму і аддзячыла зямля катоўцам нядрэнным ураджаем. 

– За ўсімі гэтымі работамі стаяць старанныя людзі. Увесь працэс па апрацоўцы буракоў знаходзіўся на кантролі ў агранома-аграхіміка Уладзіміра Уласевіча. Своечасоава і якасна пасеяў буракі Уладзімір Аксенчык. Не адну ахоўную хімапрацоўку палеткаў правёў Мікалай Дзюбанаў, – канстатуе аграном. – Наша “цукровае” звяно спрацавала зладжана. Зараз на палетках, дзе вядзецца пагрузка буракоў, задзейнічаны тут і жанчыны-паляводы ,якія стараюцца, каб ніводны караняплод не застаўся на палетку. 

Цяпер справа толькі за тэхнікай, а яна працуе на поўную магутнасць. Буракаўборачны камбайн, які з палетка за Сарокаўшчынай перамясціўся за Карму, працуе 24 гадзіны ў суткі. У экіпажы – два механізатары, якія змяняюць адзін аднаго па графіку. Увесь працэс уборкі механізаваны: камбайн зразае бацвінне і верхавіну бурака, подкопвае яго і, захапляючы, накіроўвае праз сістэму транспарцёраў у бункер. 

Убраныя караняплоды адпраўляюцца на прыёмны пункт Слуцкага цукровага завода, дзе ў хуткім часе ператворацца ў бялюткія салодкія драбкі. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *