Нялёгкія выпрабаванні выпалі на долю вязня канцэнтрацыйнага лагера ў гады ВАВ Алены Лыч — zorkanews.by

Нялёгкія выпрабаванні выпалі на долю вязня канцэнтрацыйнага лагера ў гады ВАВ Алены Лыч

Што можа расказаць пра вайну чалавек, які нарадзіўся ў 1941 годзе? Зразумела, амаль нічога. Вось і Алена Ільінічна Лыч, жыхарка вёскі Галоўні, прыгадала пра той час усяго некалькі фраз, пачутых пазней ад маці, старэйшых брата і сястры. А лёс гэтай жанчыны, што ў гады ваеннага ліхалецця, што пазней, такі, што не пазайздросціш. 

Радзіма Лены – вёска Калінаўка Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У Ільі Міхайлавіча і Варвары Акулаўны раслі трое дзетак. Бацька працаваў начальнікам чыгуначнай станцыі, маці – у калгасе. Калі пачалася вайна, дзяўчынцы не было і года, сястры Машы – 8, Вову – 7 гадоў.  

Як расказвалі старэйшыя, немцы адразу ж пасля акупацыі сталі адчуваць сябе ў вёсцы гаспадарамі. Неўзабаве на дамах многіх жыхароў па падказцы мясцовых паліцаяў з’явіліся крыжыкі – гэта азначала, што тут жылі родзічы камуністаў, былых савецкіх кіраўнікоў альбо тых, хто пайшоў у партызаны. Быў у партызанах і гаспадар гэтага дома. 

 Многія вяскоўцы жылі ў лесе, у зямлянках. Але і гэта не выратавала іх ад бяды. У час адной з аблаў акупанты пахапалі ўсіх, хто не паспеў уцячы ці не трапіў пад варожыя кулі. Варвара Акулаўна і трое яе дзяцей трапілі ў канцэнтрацыйны лагер, які размяшчаўся ў суседнім райцэнтры, Кіраўску. Тут і правялі яны некалькі гадоў. Маці штодзень ганялі на работу, а малыя пад наглядам крыху старэйшых бавілі час у межах абнесенай калючым дротам прасторы. Вось такое было іх дзяцінства. Не памятае яго Алена Ільінічна. Можа, так і лепш. 

Пасля вызвалення ўсходніх раёнаў Беларусі вязні вярнуліся ў свае вёскі. Ілью Міхайлавіча на фронт не накіравалі, у яго як вельмі патрэбнага народнай гаспадарцы спецыяліста была браня: вярнуўся да сваёй даваеннай працы на чыгунцы. Маці зноў пайшла ў калгас. Алена скончыла сем класаў школы, паступіла ў Мінскі палітэхнічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць “электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў”.  

 У 1961 годзе вясковай дзяўчыне пашчасціла атрымаць размеркаванне ў інстытут ядзернай энергетыкі, што размяшчаўся ў Соснах, пад Мінскам. Прызначылі маладога спецыяліста начальнікам універсальнай гама-устаноўкі. Калі б ведала дзяўчына, як гэта “шчасце” адгукнецца ёй у будучым, далёка абыходзіла б тую прэстыжную пасаду. А займалася ўстанова тым, што праводзілі выпрабаванні па ядзерным абпраменьванні рознай прадукцыі (для гэтага, у прыватнасці, прывозілі бульбу з Самахвалавічаў, зерне з уздзенскага калгаса “Нёман”), а затым назіралі за рэакцыяй і адаптацыяй рэчаў да такога непажаданага ўмяшальніцтва. Далёка не ўсе супрацоўнікі інстытута, асабліва ніжэйшага яго звяна, у поўнай ступені ўсведамлялі шкоднае ўздзеянне такой вытворчасці на іх арганізмы. Час быў такі, што працавалі з энтузіязмам, гордасцю за сваю далучнасць да дасягненняў беларускай навукі. 

Паводле кантракта (у той час, праўда, такая форма наёмнай працы па іншаму называлася) Алена Ільінічна павінна была адпрацаваць у інстытуце сем гадоў. А правяла за звыклай работай ажно сямнаццаць. Магчыма, працягвала б яе і далей, але пагоршылася здароўе, усё часцей стала заставацца на бальнічным, і ўрэшце кіраўніцтва ўстановы заўчасна адправіла жанчыну на пенсію па стане здароўя. 

У час работы ў прысталіччы пазнаёмілася Алена з вадзіцелем аўтобуса Генадзіем Лычом, які дастаўляў чарговую змену да месца працы і назад. У гэты час яна ўжо мела кватэру ў Мінску. Пэўны час жылі разам, прыглядваючыся адзін да аднаго, а ў 1984 годзе афіцыйна аформілі свой шлюб. Пасля таго, як здароўе жанчыны пагоршылася, папрацавала яна крыху на кацельні, потым – дворнікам пры домакіраванні.  

Але ўсё часцей даводзілася звяртацца па дапамогу да медыкаў. Урэшце адзіная дачка Варвара прыняла рашэнне: пакідайце вы гэту тлумную сталіцу, едзьце бліжэй да прыроды, магчыма, змена экалагічнай абстаноўкі станоўча паўплывае на здароўе. Так у 2002 годзе Лычы апынуліся ў вёсцы Галоўні, адкуль Генадзій Канстанцінавіч родам. Тут сапраўды здароўе гаспадыні крыху пайшло на папраўку. Гаючае паветра Прынямоння, лес, які пачынаецца ледзь не за агародам, натуральныя прадукты харчавання і добразычлівыя аднавяскоўцы паціху рабілі сваю справу – Алена Ільінічна адыходзіла ад ранейшых балячах. 

 Але тры гады таму нечакана падкралася іншая бяда – перанесла былы вязень Вялікай Айчыннай і ахвяра ядзерных выпрабаванняў інсульт. Надоўга прывязана жанчына да ложка, і толькі штодзённая ўвага і клопаты Генадзія Канстанцінавіча дапамагаюць ёй паступова вяртацца да ранейшага ладу жыцця. Хадзіць пакуль не можа, але хаця б прысесці, штосьці ўзяць у рукі ўжо мае магчымасць. Зрэдку зойдуць суседзі, завітаюць на свята прадстаўнікі Нёманскага сельвыканкама, райваенкамата. Жыццё працягваецца… 

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *