БРСМ святкуе 17-годдзе — zorkanews.by

БРСМ святкуе 17-годдзе

Сёння Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначае свой чарговы дзень нараджэння – 17-годдзе.

Уздзенская маладзёжная арганізацыя – гэта каля 1.000 юнакоў і дзяўчат з 52 пярвічак. 

У кожнага маладога чалавека ёсць свае ідэі, творчыя планы. Ажыццявіць іх можна з аднадумцамі, і такую магчымасць дае юнакам і дзяўчатам маладзёжны саюз. 

У бліжэйшыя дні чакаецца папаўненне радоў БРСМ новымі членамі. Якіх людзей хочацца бачыць у радах саюза? У першую чаргу, неабыякавую, смелую і крэатыўную моладзь, гатовую нешта змяняць і паляпшаць вакол сябе. 

Актывiсты маладзёжнага саюза расказваюць пра сваё жыццё разам з БРСМ.

Анастасія ЧЫКУН, бухгалтар райкама БРСМ: 

– Самы яркі ўспамін, звязаны з дзейнасцю маладзёжнага саюза, – гэта ўдзел у першым фестывалі “Васільковы вянок”, які ладзіўся ў 2016 годзе на Лагойшчыне, а потым кожны год мяняў месца сваёй дыслакацыі. У саставе каманды была працуючая моладзь з РДК, станцыі тэхабслугоўвання, ТЦСАН, ліцэя, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дзешчанскай школы, райспажыўтаварыства, лясгаса, раённай газеты. Тры дні доўжыўся фестываль, за гэты час мы ўдзельнічалі ў розных конкурсах, па валейболе і футболе, рашалі інтэлектуальныя задачы, праяўлялі кемлівасць у творчым конкурсе “Візітка”. Мы тады занялі сёмае месца ў камандным заліку, а нашаму фатографу Сяргею Шараю не было роўных у конкурсе “Актыў у фокусе”.  

Былі і іншыя акцыі, у якіх мне давялося ўдзельнічаць. Помню, як на Купалле мы пускалі вянкі, уручалі кветкі на вуліцах матулям з каляскамі… І заўсёды гэта была так пазітыўна і шчыра. Я нават думкі не дапускала, што з цягам часу буду працаваць у гэтай арганізацыі. Таму, калі мне прапанавалі месца бухгалтара ў райкаме, сказаць, што здзівілася, гэта мала. Але вырашыла паспрабаваць, і мне тут камфортна. Некалі мяне прымалі ў рады БРСМ, уручалі такі жаданы значок. Цяпер я на сваім уласным прыкладзе магу расказаць, што саюз моладзі – гэта здорава! 

Андрэй ЛАДЗІК, механізатар эксперыментальнай базы імя Катоўскага: 

– Будучы школьнікам, навучэнцам ліцэя не вельмі задумваўся, што гэта за арганізацыя такая. Так, акцыі былі, прычым самыя розныя. Так, напрыклад, аматары пакурыць абменьвалі цыгарэты на цукеркі. Помню, што рыхтавалі тэматычныя сценгазеты, удзельнічалі ў спаборніцтвах, за перамогу ў якіх уручалі торты і граматы. Мяне як студэнта больш цікавіла практыка. Хацелася хутчэй атрымаць спецыяльнасць і пайсці зарабляць. Сёлета на БРСМ паглядзеў з другога боку. З Ігарам Мірончыкам працавалі на камбайне, давялося папацець, пакуль тэхніку падрыхтавалі. Потым не з меншай адказнасцю працавалі на палетках базы імя Катоўскага, а потым яшчэ і на Мядзельшчыну патрапілі. Калі з раёна прыехалі віншаваць калег, нават думкі не было, што і мы паспелі па-добраму засвяціцца. Нас адзначылі як адзін з лепшых маладзёжных экіпажаў на жніве. Асабіста для мяне гэта было ганарова, хочацца працаваць яшчэ лепш. Бо гэта стымулюе. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ 

Фота Сяргея ШАРАЯ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *