Беларусь памятае: з роду Палойкаў — zorkanews.by

Беларусь памятае: з роду Палойкаў

У бацькоўскім доме па вуліцы Ленінскай у райцэнтры другога верасня Уладзімір Сямёнавіч Палойка сустрэў сваё 90-годдзе. У 2014 годзе пасля смерці жонкі пераехаў ён на жыхарства да дачкі ў Ізраіль, але кожны год на месяц-другі прыязджае на Радзіму, і ў першую чаргу наведвае брацкую магілу на яўрэйскіх могілках, дзе знайшлі вечны спачын 28 яго родзічаў. 

Дарога ў эвакуацыю 

Дванаццаць гадоў было Валодзю, калі разам з маці, сямігадовай сястрой Кларай і двухгадовым брацікам Генам адправіўся ён у эвакуацыю. У той час сям’я жыла ў пасёлку Жыравічы Гомельскай вобласці (сучасны Рагачоўскі раён). Бацька, партыйны работнік, адразу ж быў мабілізаваны для выканання адказных задач ваеннага часу. Немцы прыйшлі ў гэтыя мясціны толькі праз некалькі тыдняў пасля пачатку вайны, і прычынай таму – цяжкія баі на подступах да Дняпра. 

— Перад прыходам фашыстаў сем’і партыйных, савецкіх работнікаў перавезлі ў недалёкую вёску, — расказвае Уладзімір Сямёнавіч. – Тады многія былі перакананы, што гэта не надоўга, на тыдні два-тры, а потым наша армія вызваліць захопленыя землі. Але нямецкія войскі працягвалі наступаць. У пачатку жніўня нашу сям’ю са скарбам размясцілі на воз, і адправіліся мы на ўсход. Праз тэрыторыю Украіны дабраліся да Курска. Не раз траплялі пад артабстрэлы, бамбёжкі, у час якіх многія бежанцы загінулі. Пастаянна плакаў малы Геня. У Курску чыгуначнік, бачачы такія нашы пакуты, параіў: пакідайце тут каня, а я паспрабую памясціць вас у эшалон, які рухаецца ўглыб нашай тэрыторыі. Пасадзіў нас на адкрытую платформу, дзе ляжалі мяшкі з зернем. Ехалі з частымі прыпынкамі. Трапілі пад праліўны дождж, у выніку і тое зерне, і нашы дамашнія пажыткі, і мы самі прамоклі наскрозь. На чарговай станцыі старшы лейтэнант, паглядзеўшы на нашы дакументы і зусім непрэзентабельны выгляд, таксама вырашыў дапамагчы – паспрабаваў пасадзіць нас  у вагон з дахам. Адкрыў рассоўныя дзверы адной з цяплушак, а там пасажыраў – як агуркоў у бочцы. Ні ўгаворы пасунуцца, ні крыкі не дапамагалі, і толькі пасля таго, як выстраліў з пісталета ўгару, удалося ўпіхнуць нас і тое-сёе з пажыткаў у той вагон… 

Нарэшце прыехалі да пункта прызначэння – на станцыю Абдуліна Чкалаўскай (цяпер – Арэнбургскай ) вобласці. Адсюль Палойкаў накіравалі ў вёску Пакроўка. Маці Фаіна Ільінічна стала працаваць учотчыцай у калгасе, Валодзя пайшоў у пяты клас школы. У снежні 1943 годзе  ў чатырнаццаць гадоў ён уступае ў камсамол (“Нам сказалі, што не камсамольцаў на фронт не возьмуць, а ўсім нам так хацелася хутчэй папоўніць рады вызваліцеляў, прагнаць акупантаў з роднай зямлі”). А старанні Ф. Палойка былі адзначаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” 

Вярнуліся Палойкі ў родныя мясціны ў жніўні 1944 года. 

Бацька, якім можна ганарыцца 

Такім быў Залман Вульфавіч ПАЛОЙКА ў ваенныя гады 

Залман Палойка нарадзіўся ў 1902 годзе ў Лошы. Шыў з бацькам кажухі па навакольных вёсках, адразу ж стаў на бок бальшавікоў пасля прыходу іх да ўлады. Адным з першых уступіў у камсамол, а пасля смерці Леніна – і ў партыю. Быў актывістам калгаснага, каператыўнага руху, на розных пасадах працаваў у райкаме партыі. У 1928 годзе жаніўся, праз год з’явіўся ў сям’і першы сын. Адвучыўся Залман Вульфавіч на курсах марксізма-ленінізма ў Мінску, пасля чаго атрымаў накіраванне на пасаду загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды ў Жыравіцкі райкам партыі. 

На гэтай адказнай пасадзе і сустрэў вайну. У час адступлення нашых войск удалося вырвацца з акружэння. Пра далейшы лёс земляка ў пачатку вайны сведчаць пажаўцелыя дакументы – даведкі, пасведчанні таго часу. Пасведчанне ад  30 чэрвеня 1941 года ўпаўнаважвае З. Палойку арганізоўваць пункты харчавання для бежанцаў, ачышчаць шашу ад пакінутых аўтамабіляў. У паперы ад 16 ліпеня 1941 года сцвярджаецца, што палітрук запасу З. Палойка накіроўваецца райваенкаматам у Журавіцкую бальніцу для аказання дапамогі параненым ваеннаслужачым. 

А потым была мабілізацыя на фронт. Першае месца прызначэння – авіяполк пад Масквой, дзе Палойка становіцца адказным партыйным сакратаром. Ды не толькі словам змагаўся ён з ворагам, а і за штурвалам самалёта. Тут і атрымаў першую ваенную ўзнагароду, медаль “За абарону Масквы”. Пазней спіс дзяржаўных адзнак капітана  папоўняць ордэны “Чырвонай Зоркі”, Айчыннай вайны другой ступені, медалі “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За перамогу над Японіяй”. 

Пасля авіяпалка служыў Залман Вульфавіч у аўтатранспартным палку, які забяспечваў баявыя пазіцыі мінамі, снарадамі, іншымі боепрыпасамі. Натхняла сяброў, воінаў на рашучыя дзеянні і палымянае слова намесніка камандзіра батальёна па палітычнай частцы. У ходзе аперацыі “Баграціён” давялося прыняць удзел у вызваленні многіх гарадоў і пасёлкаў Беларусі, Прыбалтыкі, Усходняй Прусіі. Не закончылася для яго вайна ў маі 1945-га. Наш зямляк прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі імперыялістычнай Японіі. 

Вызваляючы Беларусь, баявое падраздзяленне воіна праходзіла міма Шацка. Камандзір палка дазволіў З. Палойку на некалькі гадзін адлучыцца, каб наведаць родныя мясціны. Не ведаў ён пра тое, што 17 кастрычніка 1941 года фашысты знішчылі ва Уздзе звыш тысячы яўрэяў, сярод якіх былі яго родныя брат і сястра з сем’ямі – усяго 28 родных і блізкіх людзей. Па прозьбе франтавіка сакратар Уздзенскага райкама партыі Сцяпанаў зрабіў выклік, які дазволіў праз некалькі месяцаў эвкуіраваным жонцы і дзецям вярнуцца на вызваленую ад фашыстаў тэрыторыю. 

Пасля дэмабілізацыі Залман Вульфавіч працаваў на Уздзеншчыне загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды РК КПБ, загадчыкам фінансавага аддзела райвыканкама, інспектарам камісіі партдзяржкантролю. Не стала яго ў 1967 годзе. 

Настаўнік, сын воіна 

Дакументы – сведкі гісторыі 

 Кветкамі, усмешкамі, авацыямі сустрэлі ветэрана педагагічнай працы былыя вучні, дзеці і ўнукі тых, каго калісьці вучыў, другога верасня на лінейцы ў школе імя А. Пушкіна. Не адно дзесяцігоддзе мінула з таго часу, як у апошні раз пераступаў школьны клас у якасці настаўніка, а бачыш помняць, паважаюць.  

У 1947 годзе скончыў У. Палойка Уздзенскую беларускую школу, праз пяць гадоў – філасофскае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Лашанскай школе, у райцэнтры, потым – дырэктарам Ліцвянскай васьмігодкі, а з 1966 па 1989, да выхаду на заслужаны адпачынак, узначальваў педкалектыў Уздзенскай СШ №1 імя А. Пушкіна. І ніякія амаль штогадоввыя ганаровыя граматы рознага ўзроўню, нават не медалі “Ветэран працы” і “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна” не заменяць яму цеплыню зносін з настаўнікамі, вучнямі, іх бацькамі. Такога аўтарытэту, якім на працягу больш як паўвека карыстаўся і карыстаецца Уладзімір Сямёнавіч, заслугоўваюць нямногія. 

— Цяпер вось у грамадстве вядуцца дыскусіі аб узняцці прэстыжу педагагічнай работы, адбываецца рэфармаванне сістэмы сярэдняй, вышэйшай адукацыі, — разважае У. Палойка. – А я ў сваёй рабоце карыстаўся такімі асноўнымі прынцыпамі: трэба заўсёды паважаць асобу вучня, як выдатніка, так і троечніка, заўважаць і падтрымліваць усё лепшае. Асноўныя веды па гісторыі, і не толькі, да 80 працэнтаў, вучань павінен атрымліваць на ўроку, і толькі астатняе ў ходзе самастойнага вывучэння. Кожны ўрок павінен быць цікавым, кожную тэму трэба імкнуцца выкладаць так, каб у класе не было ніводнага сумнага твара. 

Уздзеншчына ганарыцца баявым мінулым, адданым служэннем народу Палойкі-старэйшага, з пашанай адносіцца да шматгадовага педагагічнага і жыццёвага вопыту Палойкі-малодшага. Гэта людзі, якія ніколі не паступаліся сумленнем, свае сілы, веды і здароўе аддавалі на карысць Радзіме. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ 

Фота Сяргея ШАРАЯ і з сямейнага архіва Палойкаў 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *