Што было ўнутры будынка з чырвонай цэглы на Чырвонай плошчы сто гадоў таму — zorkanews.by

Што было ўнутры будынка з чырвонай цэглы на Чырвонай плошчы сто гадоў таму

Далёка не кожны жыхар Узды хоць аднойчы пабываў унутры будынка з чырвонай цэглы на Чырвонай плошчы, а яшчэ меншая іх колькасць ведае, што там было сто і больш гадоў таму… 

Дзмітрый Карачун нарадзіўся на вуліцы Паўднёвай ва Уздзе. У дзяцінстве ён з цікавасцю аглядаў муры размешчанай побач старой каменнай лазні, іншых збудаванняў у старой частцы горада. Аглядаючы з хлапчукамі пабудовы стогадовай і большай даўніны, здзіўляўся майстэрству нашых продкаў-дойлідаў, іх уменню будаваць прыгожа, грунтоўна. Не знікла гэта цікавасць і ў студэнцкія гады, і пасля атрымання вышэйшай эканамічнай адукацыі, калі стаў працаваць у камерцыйных структурах (аказанне паслуг у арэндным бізнесе). 

У канцы 2017 года індывідуальны прадпрымальнік набывае пустуючы будынак па Чырвонай плошчы, 11 (у апошні час там размяшчалася аптэка). Гэта збудаванне з чырвонай цэглы прыцягвае ўвагу многіх жыхароў і гасцей Узды хаця б тым, што на франтоне пазначана лічба 1913. Што было тут сто гадоў таму, што захавалася з мінулага стагоддзя? Як яшчэ моцны знешне будынак можна выкарыстаць у сучасных умовах, каб гэтыя сцены і дах не проста служылі людзям, а нагадвалі пра былое, захоўвалі і надалей архітэктурнае аблічча? Гэтыя пытанні ў апошні час не пакідаюць Дзмітрыя ні на хвіліну. 

Не згубіліся сярод будаўнічага смецця старыя манеты, іншыя рэчы з мінулага стагоддзя 

Паглыбіўся ў гісторыю. І высветлілася, што зусім не ў 1913 годзе пабудаваны гэты дом, а як мінімум на 30 гадоў раней (дакументальнае пасведчанне таму неўзабаве павінна прыйсці з адной з архіўных устаноў Беларусі). Пабудавалі яго і былі нязменнымі ўладальнікамі да рэвалюцыі купцы Левіны. Прадстаўнікі гэтага вядомага яўрэйскага роду (паходжанне прозвішча – ад імені сына біблейскага Яакава Леві) ў канцы ХІХ стагоддзя мелі немалыя ўладанні на тэрыторыі тагачаснай Беларусі, Украіны, Расіі. І ва Уздзе ім належала нямала жылых дамоў, грамадскіх збудаванняў. 

  • ДАВЕДКА. У другой палове ХІХ стагоддзя ў мястэчку Узда меліся народнае вучылішча, школа, чатыры пачатковыя навучальныя ўстановы, суконная фабрыка, пошта, млын, піваварня, вінакурня, 24 лаўкі, царква, касцёл, сінагога, мячэць, тры малітоўныя дамы. Колькасць насельніцтва ў 1897 годзе складала 2,8 тысячы чалавек

Прыкладна ў 1884 годзе Левіны пабудавалі ў старым цэнтры Узды заезджы (гасцінны) двор. Гандлёвыя лаўкі, іншыя аб’екты маёмасці ў іх меліся ў недалёкім Мінску, суседніх гарадах і мястэчках. Багатыя купцы, іншыя, кажучы сучаснай мовай, дзелавыя людзі мелі між сабой зносіны.  Для ўладкавання іх быту ў цэнтры нашага мястэчка пабудавалі яшчэ адзін заезджы двор. Тым больш, што насупраць гэтага дома, на месцы ранейшага ваенкамата і кінатэатра, размяшчаліся ювелірная лаўка, рэстаран. Прыкладна з таго часу захаваўся і будынак дома №7 па Чырвонай плошчы, не выключана, што і ён належаў Левіным. 

У пачатку ХХ стагоддзя гэты дом пераабсталявалі пад лаўку (тады, відаць, і з’явілася цагляная выкладка “1913”). Пад гандлёвыя плошчы адвялі цаглянае збудаванне, пад склады – каменны падвал, які някепска захаваўся і да сённяшняга дня, а ў драўлянай прыбудоўцы жылі гаспадары-гандляры. 

  • ДАВЕДКА. У пасляваенны перыяд будынак пераабсталявалі пад банк. Была зроблена яшчэ адна прыбудоўка для сховішча грошай, з правага боку ў цаглянай сцяне абсталявалі акно-касу для выдачы наяўнасці, галоўны ўваход з фасаду перамясціўся на метр-другі ўбок. У апошнія гады свайго грамадскага існавання тут размяшчалася аддзяленне цэнтральнай раённай аптэкі. Аднак па прычыне адсутнасці элементарных санітарных умоў (не было цэнтральнага ацяплення, гарачага водазабеспячэння) і сродкаў на ўладкаванне гэтых выгод цывілізацыі было прынята рашэнне аб закрыцці такой установы ў гэтым будынку. 

Набыўшы будынак у такім людным і зручным месцы, іншы прадпрымальны чалавек захацеў бы як мага хутчэй адрамантаваць яго і прыстасаваць пад пэўную сферу бізнесу з мэтай атрымання максімальнай фінансавай выгады. Мой жа суразмоўца дзейнічае акуратна, няспешна. Ёсць у яго некалькі ідэй-варыянтаў далейшага выкарыстання збудавання, але галоўнае на першапачатковым этапе – захаваць яго архітэктурнае аблічча. Было б самым простым збіць старую тынкоўку ці абшыць яе сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі, замяніць вокны-дзверы і праз месяц-другі адкрыць чарговую камерцыйную кропку. 

— Сцены, асноўныя канструкцыі будынка някепска захаваліся, — расказвае Дзмітрый. – Цудоўная, моцная кладка, своеасаблівыя малюнкі металічнай коўкі тут не проста элементы дэкору, яны служаць для звязкі сцен. Цікавыя і столь, і падвальнае памяшканне. Зведваў будынак і пажар, бо ў адным месцы выявілі абгарэлыя драўляныя канструкцыі. Мы імкнёмся захаваць як мага больш з таго, што было пабудавана продкамі. Зразумела, ніякай каштоўнасці не мелі пяць слаёў столі, зробленыя новымі гаспадарамі ў савецкі час. Не адну тону смецця вывезлі. А сярод яго знаходзіліся і даволі цікавыя рэчы: старой формы, ці не з левінскіх часоў, шкляныя бутэлькі, манеты савецкіх часоў і крыху старэйшыя, медныя гузікі, стары ключ ад гадзінніка… Некаторыя з гэтых рэчаў перадаў спецыялістам у Мінск, каб пачысцілі, а пасля выкарыстаем іх у абноўленым памяшканні. 

І разбіраць, і аднаўляць будынак новыя гаспадары давяраюць не абы каму, а адмысловым спецыялістам. На працягу паўтара гадоў гэтай работай вахтавым метадам займаліся майстры з Украіны, якія раней рэстаўрыравалі будынкі медыцынскага цэнтра Скліфасоўскага ў Маскве, збудаванні ў старым Львове. Акуратна разбіралі яны тое, што не ўяўляе асаблівай каштоўнасці. Пастаўлена задача ва ўнутранай аддзелцы захаваць адкрытым максімум старой цаглянай кладкі, толькі тыя ўчасткі, што пашкоджаны шматлікімі дзіркамі, пазнейшым умяшаннем, пакрываюцца тынкоўкай.  

Рукамі Міхаіла МАСЬКО вядзецца кладка, аналагічная той, што была тут больш як сто гадоў таму

Умела дзейнічае і ўздзенскі муляр Міхаіл Масько. Гэта яго масцеравітымі рукамі выкладваецца арка, уязная брама. Цаглінка да цаглінкі (а выкарыстоўваецца не проста сучасная чырвоная цэгла, а адшуканая ў розных месцах і вырабленая не адзін дзясятак гадоў таму, якая і яшчэ не адно дзесяцігоддзе паслужыць), роўненькія швы, адметныя ўзоры-выступы – люба паглядзець. Прычакаем мы, калі ўрачыста расчыняцца для гасцей распашныя вароты, а тэрыторыю вакол будынка ўпрыгожыць адметная каменна-цагляная агароджа. 

— У канчатковым выглядзе наведвальнікаў сустрэне будынак прыкладна такім, якім ён быў звыш ста гадоў таму, — дзеліцца сваімі планамі Дзмітрый Карачун. – Асноўны пакой з высокімі зводамі, вялікай, да паўтара метраў, люстрай, падлога з пліткі з цікавым малюнкам. У аздабленні будуць і элементы з дрэва, уся мэбля з гэтага ж матэрыяла. Увогуле, тут шмат будзе антыкварных рэчаў. Ужо збіраем паціху тое-сёе: калаўрот, драўляныя ночвы розных памераў, зоймуць сваё пачэснае месца старое піяніна (раяль), патэфон… Замест паўразваленай, а таму прыбранай старой печы стане камін ў старадаўнім стылі. 

Як будзе называцца новая ўстанова ў рэстаўрыраваным будынку, яго гаспадар пакуль дакладна не ведае. Магчыма, гэта будзе кавярня ў рэтра-стылі (але ні ўякім разе не традыцыйная піўнушка), штосьці накшталт колішняга гасціннага двара, з элементамі музейнай экзотыкі. Магчыма – антыкварная лаўка. Пад прыемную музыку, у спакойнай атмасферы тут змогуць бавіць час мастакі і літаратары, музыканты і скульптары, настаўнікі і проста культурныя людзі, якім цікава будзе пазнаёміцца з куточкам сваёй мінуўшчыны. 

Зразумела, гэта справа не аднаго тыдня, месяца. І жыццё ўнясе свае карэктывы, і новыя ідэі могуць з’явіцца. Асноўныя будаўнічыя работы  плануецца завяршыць вясной будучага года. Не за гарамі час, калі жыхары і госці Уздзеншчыны пераступяць парог абноўленага будынка і пераканаюцца ў тым, што не толькі меркантыльнымі інтарэсамі і прагай хуткага прыбытку кіруюцца маладыя прадпрымальныя людзі. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *