Паўсотні жадаючых праходзяць курсы па праверцы дымаходаў і вентыляцыйных каналаў - zorkanews.by

Паўсотні жадаючых праходзяць курсы па праверцы дымаходаў і вентыляцыйных каналаў

Чарговы газакарыстальнік атрымлівае пасведчанне на права праверак дымаходаў і вентыляцыйных каналаў 

Чыстыя і герметычныя  дымаходы,  вентыляцыйныя каналы з нармальнай цягай засцерагуць ваша жыллё ад непажаданых непрыемных сітуацый. 

Да нядаўняга часу ўладальнікі аднакватэрных ці блакіраваных жылых дамоў, якія выкарыстоўваюць для ацяплення, падагрэву вады прыродны газ, штогод напярэдадні ацяпляльнага сезона ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі выклікалі дамоў спецыялістаў, якія праводзілі тэхагляд катлоў, газавага абсталявання. Праверкай звычайных печаў, дымаходаў займаліся прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. 

У 2015-2016 гадах на тэрыторыі Беларусі адбылося шэраг няшчасных выпадкаў з газавымі прыборамі са смяротным зыходам (выбухі ў жылых і службовых памяшканнях, атручэнні чадным газам). Гэта падштурхнула адпаведныя структуры да больш сур’ёзнага падыходу ў справе забеспячэння бяспечнай работы газавай апаратуры ў жылых і нежылых памяшканнях: сталі абавязковымі штогадовыя праверкі стану і трываласці дымавых і вентыляцыйных каналаў у газіфікаваных аднакватэрных жылых дамах. 

Спачатку гэтай справай займаліся прадстаўнікі раённых добраахвотных пажарных таварыстваў, якія прайшлі адпаведнае навучанне. Звычайна ў раёне было не больш трох-пяці такіх спецыялістаў. А газіфікаваных дамоў, кватэр – тысячы. У верасні-кастрычніку стваралася немалая чарга жадаючых атрымаць такую паслугу. Домаўладальнікам даводзілася па некалькі разоў прыходзіць, тэлефанаваць, пераўзгадняць дату і час прыезду спецыяліста (а працавалі яны выключна ў рабочы час), адпрошвацца з работы, каб сустрэць іх дома, папрысутнічаць пры праверцы і атрымаць адпаведны акт. 

З мінулага года ў нашым райаддзеле па надзвычайных сітуацыях такую паслугу не аказваюць. Права праверкі і выдачы актаў займелі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прайшлі курс навучання ў спецыялізаваных арганізацыях і атрымалі адпаведную ліцэнзію. Такіх таксама адзінкі. 

У адпаведнасці з правіламі карыстання газам у быце, зацверджанымі пастановай №1539 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 2007 года ў рэдакцыі пастановы №213 ад 29 сакавіка гэтага года, права праверкі стану дымавых і вентыляцыйных каналаў у газіфікаваных дамах займелі і ўладальнікі такіх дамоў, спажыўцы газу, якія прайшлі спецыяльнае навучанне і дапушчаны да выканання падобных работ з рэгістрацыяй праверкі ў спецыяльным журнале ўліку. 

Трэці год падобнае навучанне ў іншых раёнах сталічнай вобласці праводзіць вучэбны цэнтр таварыства з абмежаванай адказнасцю “Стандарт прамысловай бяспекі” з Баранавічаў. Вось і 29 жніўня ў актавай зале Уздзенскага раёна газазабеспячэння сабраліся каля паўсотні жадаючых прайсці такое навучанне. Сярод іх і маладыя людзі, і пенсіянеры. Перад пачаткам вучобы кожны з іх напісаў заяву, атрымаў для запаўнення бланк дагавора і журнал уліку вынікаў праверак.  

Перагаворваючыся паміж сабой, людзі адзначалі станоўчы бок вырашэння такім чынам праблемы, некаторыя, асабліва людзі сталага ўзросту, сумняваліся ці здолеюць за кароткі час засвоіць праграму тэхнічнага навучання. Ды выкладчык Уладзімір Стульба на працягу амаль дзвюх гадзін у даступнай форме, з выкарыстаннем плакатаў і іншых дапаможных сродкаў расказаў і пра небяспеку работы няспраўных газавых катлоў, засмечаных дымаходаў і вентканалаў, і пра перыядычнасць праверак іх стану і прачысткі. 

Журнал уліку вынікаў праверак і пасведчанне аб праходжанні навучання 

Пасля агульнай лекцыі выкладчык адказаў на прыватныя пытанні, падрабязна спыніўся на алгарытме дзеянняў у кожнай канкрэтнай сітуацыі. Урэшце 47 слухачоў навучання атрымалі пасведчанні. Яны не даюць права праводзіць праверку ў суседзяў, знаёмых, а вось для выканання такой работы ў сваім домаўладанні цяпер не трэба выклікаць спецыяліста. 

На першыя курсы ТДА “Стандарт прамысловай бяспекі” прыходзіла па 10-20-30 чалавек, цяпер – да паўсотні і больш. Толькі за 2018 год 236 жыхароў горада і раёна атрымалі пасведчанні. Усяго ж маюць права самастойных праверак каля пяцісот уладальнікаў газіфікаваных дамоў на Уздзеншчыне. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *