Як супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса дапамагаюць ствараць кнiгi — zorkanews.by

Як супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса дапамагаюць ствараць кнiгi

За работай над чарговым макетам Святлана НІСЦЮК 

Часта даводзіцца чуць, што кніга – гэта сумна, што баўленне вольнага часу з кнігай адыходзіць на апошні рад. Аднак кніга была і застаецца крыніцай ведаў, адкуль можна пачарпнуць шмат карыснай інфармацыі. 

А якую каштоўнасць для аўтара мае яго ўласная кніга! І калі ёсць станоўчы водгук на яе – жаданне тварыць прачынаецца з новай сілай! Пра гэту асаблівасць апантаных творчасцю людзей лепш за ўсіх ведаюць супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса, а дакладней – аддзела абслугоўвання і інфармацыі, які не першы год узначальвае Святлана Нісцюк. 

– Так, мы не толькі выдаем чытачам кнігі для работы ў чытальнай зале і на дом на абанеменце, – адзначае Святлана Аляксееўна. – Яшчэ мы праводзім шматлікія мерапрыемствы, да якіх афармляем выстаўкі і рыхтуем прэзентацыі. На нас кладзецца і выкананне платных паслуг. 

Сумы, якія прыносяць кнігі “камерцыйнага фонду”, зразумела паказчык не зробяць, таму ў арсенале бібліятэкараў прадугледжаны яшчэ адзін механізм – выдавецкі. Гэта набор тэкстаў, яго раздрукоўка, сканіраванне дакументаў, ламініраванне, брашуроўка, выданне кніг і буклетаў… Менавіта выпуск кніг і запатрабаваны сярод тых, хто ўмее і добра валодае літаратурным словам. 

Алена КУЧУК: “Гэта толькі частка кніг, аўтарамі якіх з’яўляюцца нашы творчыя і ініцыятыўныя чытачы” 

– На нашым рахунку кнігі з рознай колькасцю старонак, якія мы выдавалі для нашых мясцовых літаратараў, членаў літаб’яднання “Нёманец”: Валянціны Шытыка і Дзмітрыя Вінаградава, Галіны Нічыпаровіч і Алесі Зінічэнка, Тамары Каляда і Мікалая Стараверава, Вольгі Бокуць-Чабатаровай і Алы Шыбко, іншых, – расказвае Святлана Аляксееўна. – З такой жа просьбай да нас звярталіся аўтары і з іншых рэгіёнаў, сярод іх – Валянціна Сілівестарава-Мажугіна з Магілёўшчыны, Вольга Кандрацьева з Мінска. 

Аўтарам адной з апошніх кніг, над якой працавалі бібліятэкары, стала былая настаўніца з Кухцічаў Галіна Васільеўна Чыгрына. Па адукацыі гэта жанчына – гісторык, які можа шмат расказаць пра жыццё вёскі Кухцічы ,яе жыхароў і, канешне, пра гісторыю мясцовай гаспадаркі, якую пісалі і пішуць цяпер яе працаўнікі. 

Таму і ўзнікла ў жанчыны задумка – абагуліць сабраны ёю матэрыял. А папахадзіць па дамах, папарыцца ў стосах газет, сямейных альбомаў Галіне Васільеўшна давялося шмат. І тое, што сабрана ў кнізе, – гэта толькі частка, бо людзі пасля таго, як пабачыла свет кніга, нібыта прачнуліся – маўляў, у нас ёсць здымкі і факты пра родных, што шчыравалі на землях мясцовай гаспадаркі. 

У якой форме падаць інфармацыю? Адказ бачыўся адным – ці ў форме вялікіх плакатаў, каб былі даступнымі людзям, ці… Галіне Чыгрыной падказалі: удыхнуць у гэты праект жыццё дапамогуць у раённай бібліятэцы. Узброіўшыся падтрымкай кіраўніка мясцовай гаспадаркі, які паабяцаў адвесці пад гісторыю адну са сцен канторы, жанчына і завітала ў госці да уздзенскіх бібліятэкараў. 

– Галіна Васільеўна прыйшла да нас з вялікай колькасцю здымкаў, якія патрабавалі пэўнай абработкі, з не меншай колькасцю запісаў, каб патлумачыць, хто з людзей і на якім здымку, расказаць пра мінулае жыццё калгаса, – расказвае Святлана Нісцюк. – Мне, хто не адзін год пражыў у Кухцічах, ведаў многіх людзей, было асабліва цікава працаваць з прадстаўленым нам матэрыялам. Галіна Васільеўна ў сваёй задумцы не памылілася, яна ўнікальная. Калі ж пазлы сталі складвацца ў патрэбную карцінку, стала відавочна – інфармацыйныя лісты для стэнда поўнасцю не перададуць гісторыю калгаса, а толькі адлюструюць яе асобныя старонкі. 

Так і нарадзілася кніга з назвай “К земле по-хозяйски”. Тут можна ўбачыць і старшыню калгаса Перамога, створанага ў 1929 годзе, Аляксандра Рамановіча, і камбайн СК-3, на якім шчыраваў Анатолій Іванавіч Астапчык, і калгаснага кадравіка Ніну Міхайлаўну Хрэшчык на ўборцы сена з калегамі па канторы, і асемянатра са стажам Раісу Мікалаеўну Вярбіцкую, і галоўнага агранома Уладзіміра Купрыянавіча Буйвала і многіх іншых. Асобныя стронкі кнігі прысвечаны мясцовым перадавікам, чыя праца адзначана такімі ўзнагародамі як ордэн Леніна і “Знак Пашаны”, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Працоўнай славы ІІІ ступені. Гэта кніга ўжо з’явілася на паліцах многіх кухценцаў, пажадалі набыць яе і тыя, чый лёс звязаны з гэтай вёскай. 

З матэрыяламі стэнда ў “Агра-Кухцічах” знаёмицца Юлія НІСЦЮК 

Непадкупны інтарэс матэрыялы стэнда выклікалі і ў сённяшніх работнікаў гаспадаркі. А гэта лепшая ацэнка сумеснай работы гісторыка Галіны Чыгрыной і бібліятэчных работнікаў. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *