Адна з першых жанчын-аўтааматараў у раёне, аграном, спецыялiст па кормавытворчасці Любоў Чыгір адзначае 80-гадовы юбілей — zorkanews.by

Адна з першых жанчын-аўтааматараў у раёне, аграном, спецыялiст па кормавытворчасці Любоў Чыгір адзначае 80-гадовы юбілей

У сярэдзіне верасня мая старэйшая сястра Любоў Іванаўна Чыгір адзначае 80-гадовы юбілей. Вядома, родныя пастараюцца зрабіць гэты дзень для яе сапраўдным святам. Толькі наўрад ці і ў гэта свята ўсядзецца наша Любаша на покуце і будзе прымаць віншаванні і тыя словы ўдзячнасці, якія яна заслужыла. Адным словам, не прывыкла яна сядзець і чакаць. Ёй самой трэба ісці, ехаць, спяшацца і быць у пастаянным руху. Такі ўжо яна чалавек. 

Нялёгкім было яе дзяцінства. У нашай сям’ было шасцёра дзяцей, Люба – старэйшая. Бацька вярнуўся з вайны без нагі. Таму ёй, як старэйшай, трэба было дапамагаць маці і па гаспадарцы, і гадаваць малодшых дзяцей. 

Жыццё навучыла яе не проста жыць, але і пераадольваць усе цяжкасці. Люба рана стала самастойнай. Яшчэ будучы падлеткам, разам з аднагодкамі хадзіла жаць сярпом жыта. А каб не адстаць ад сталых жанчын, якія працавалі ў полі, даганяла іх за той час, пакуль яны ішлі на абед. Ды яна і зараз прывыкла жыць у пастаянным руху, позна лажыцца і рана ўставаць.  

І хаця больш як паўстагоддзя жыве сястра ў райцэнтры,  гараджанкай сябе не адчувае. Зямля для яе — асноўны набытак. Была і застаецца. У свой час Люба завочна скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, атрымала спецыяльнасць агранома. Яшчэ будучы на трэцім курсе інстытута, старшыня нашага калгаса “Нёман”, знакаміты тады Мікалай Адамавіч Пармон, запрасіў яе працаваць аграномам. Да гэтага ж яна працавала даяркай на ферме ў Магільне, дзе таксама праславілася іх камсамольская ўдарная брыгада. 

Абыйсці пешшу вялізныя прынёманскія палеткі маладому аграному было проста немагчыма. І калгас купіў дзяўчыне матацыкл. Праз некаторы час асвоіла яна і аўтамабіль. За рулём наша Люба з 1963 года. У нашым раёне яна адна з першых жанчын-аўтааматараў. За сваю працоўную біяграфію з’ездзіла два службовыя “Масквічы”-пікапы.  

Не на дзень не развітваецца яна з баранкай легкавога аўтамабіля і зараз. Дзякуючы гэтаму паспявае аб’ехаць свае зямельныя ўчасткі ў родным Кулі і Чурылаве, своечасова іх засеяць, дагледзець, сабраць ураджай. Будучы ўжо на пенсіі, завяла сястра спярша адну карову, а пасля трымала і трох. Цяпер, калі на яе гаспадарцы зноў засталася адна буронка, мы ўгаворваем прадаць яе, каб хоць на старасці пажыць крыху лягчэй. Аднак у нашай сястры і тут жалезныя аргументы: як сяду без дамашняй гаспадаркі склаўшы рукі, то адразу і захварэю. 

Уласны дом ва Уздзе сястра з мужам Генадзіем пабудавалі ў 1963 годзе. Тады ж наш малады аграном пачала працаваць начальнікам станцыі хімізацыі, пасля – спецыялістам па кормавытворчасці. А чатыры гады да выхаду на пенсію працавала Любоў Іванаўна ў райкаме прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі. І дзе б не працавала наша апантаная да работы сястра, кожны свой калектыў, людзей з якімі даводзілася сустракацца, вырашаць розныя пытанні, успамінае заўсёды толькі добрым словам, з цеплынёй і ўдзячнасцю. І кожны раз не праміне сказаць: “Цікавае, сапраўднае жыццё выпала на маю долю. Няхай не было ў нас камп’ютараў і мабільнікаў, затое мы мелі шмат сяброў, працавалі з аддачай, шмат чаго пабачылі, у першую чаргу былі багатыя духоўна”. З радасцю ўспамінае яна і паездкі на Паўночны Каўказ, Азоўскае мора, у Севастопаль і Ленінград, Маскву і Адэсу. Сустрэчы са знакамітымі людзьмі таксама ёсць у яе памяці.  

Шмат гадоў прайшло, як не стала яе мужа. За працай, з дзецьмі перажыла сястра і гэту страту. А дочкі ў яе вельмі добрыя. Старэйшай бацькі дапамаглі пабудаваць дом, які недалёка ад роднага. Малодшая дачка са сваёй сям’ёй жывуць разам з маці.  

Траіх ўнукаў і траіх праўнукаў мае наша шаноўная юбілярка. Усіх яна вельмі любіць і стараецца дапамагчы. Пяшчотай і любоўю саграваюць і яны свайго роднага чалавека.  

Такой увішнай працавітай і добразычлівай сястрой ганарацца і яе браты, сёстры. Бо якой бы не была занятай наша старэйшая Люба, яна абавязкова штодня (!), знойдзе хвілінку, каб патэлефанаваць нам раніцай ці ўвечары, каб даведацца ці здаровыя, ці ўсё ва ўсіх добра. За такі шчыры і па-ісціне самы дарагі клопат і ўвагу мы бязмежна ўдзячны нашай Любові Іванаўне. Ад душы віншуем з юбілеем і прысвячаем вось такія радкі: 

Знаем мы: нелегко в жизни было, 
И немало пришлось пережить, 
Но всегда Бог давал тебе силы,  
Чтобы выстоять и победить. 
А сегодня прими пожеланья: 
Оставаться такою всегда, 
Исполняются пусть все желанья 
И в окно не стучится беда. 

Сястра Раіса і ўся мая сям’я 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *