Ад такога “рэтра” лепш пазбавіцца - zorkanews.by

Ад такога “рэтра” лепш пазбавіцца

Вета Журкевіч самастойна наводзіць парадак на ўчастку Інтэрнацыянальнай, 82

“Твар” любога горада, як і чалавека, часам псуюць “маршчыны”, а дакладней – старыя, не маючыя ні гістарычнай, ні архітэктурнай каштоўнасці дамы, якія нярэдка знаходзяцца амаль у цэнтры. Непрыгожыя, струхлелыя будынкі, многія з якіх небяспечныя для жыцця, выклікаюць непрыемныя пачуцці ў гараджан і гасцей.  

Кожны дзень, праходзячы побач з домам № 36 па вуліцы Школьнай, з сумам глядзела на пабітае ў вокнах шкло, расшчэліны ў сценах, двор з здзічэлым садам. Калісьці тут жыла сям’я, члены якой радаваліся звычайным жыццёвым дробязям і сумавалі, калі штосьці не атрымлівалася. Не магла зразумець: чаму цяперашнія гаспадары не цікавяцца станам спадчыны? Дом жа знаходзіцца ў цэнтры горада, побач — школа, магазіны, іншыя сацыяльна значымыя аб’екты. Нядаўна тут пачалі наводзіць парадак, што не магло не радаваць. Нарэшце знікне яшчэ адзін нязграбны “помнік”.  

Знесці нельга пакінуць: пастаўце коску самастойна (вуліца Бялевіча)

Новых гаспадароў знайшлі і аварыйныя будынкі № 82, 84 на вуліцы Інтэрнацыянальнай, пра што сведчыць абкошаная дваравая тэрыторыя. 

— Пра гэты ўчастак мне расказаў тата, які ў дзяцінстве з сябрамі наведваўся на невялікую сажалку, якая знаходзілася за ім і пра якую сёння нагадвае толькі глыбакаватая яміна, зарослая быльнягом, — расказала гаспадыня дома № 82 Вета Журкевіч. — Загарэлася ідэяй яго купіць, але неабходна было знайсці былых уладальнікаў, на што спатрэбілася каля шасці гадоў. У чарговы раз прыляцеўшы з Турцыі, дзе я пастаянна пражываю, змагла здзейсніць сваю мару. Дом знаходзіўся ў дрэнным стане. Было бачна, што яго аблюбавалі бамжы, якія пасля сябе пакінулі шмат непрыемных сюрпрызаў. Дом, надворныя пабудовы знаходзіліся ў аварыйным стане, таму адразу вырашылі іх разабраць.  

Весці дэмантаж старога дома жанчыне дапамагаў бацька. Многае рабіла сама. У дзень нашай гутаркі застала яе за разборкай старой печы. 

— Я была на восьмым месяцы цяжарнасці, калі пачаліся работы. Хацелася хутчэй навесці тут парадак, — усміхаецца Вета. — Для распілоўкі бярвенняў, вывазу смецця наймаю людзей. Сёлета планую падрыхтаваць участак, каб у наступным годзе заліць падмурак новага дома. Гледзячы на мяне і сусед разабраў веранду дома, з якога я не раз ганяла хлапчукоў. Дзеці любяць “даследаваць” падобныя руіны, мы і самі ў дзяцінстве былі такія. Толькі цяпер разумею: наколькі гэта небяспечна, у любую хвіліну можа адбыцца трагедыя. Уласнікі падобных хібар павінны разумець гэта і старацца наводзіць парадак. 

Калі вырашыцца лес будынка на Калгаснай, 3 (былы інтэрнат хлебазавода)? 

А вось жыхары  дома № 66 на вуліцы Калгаснай не спяшаюцца. Маўляў, дом на балансе канцэрна “Беллесбумпрам”, няхай ён і рамантуе. 

— На выдадзенае прадпісанне наша служба атрымала адказ, у адпаведнасці з якім з жыхарамі дома складзены дагавор, па якім яны павінны самі прывесці жыллё ў належны стан, — патлумачыла памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Зінаіда Махнач. — Канцэрн рыхтуе дакументы для перадачы гэтага дома на баланс камунгаса. У горадзе яшчэ ёсць аварыйныя дамы, якія выклікаюць занепакоенасць. Іх адрасы добра вядомы: Інтэрнацыянальная, 62, Першамайская, 27, Кастрычніцкая, 42. Не раз іх уладальнікі атрымлівалі прадпісанні, якія яны ігнаруюць. А суседзям жыць побач з такімі “помнікамі” не зусім прыемна: яны псуюць знешні выгляд вуліцы, доступ да іх не абмежаваны, што стварае пагрозу для жыцця і здароўя, бо невядома, хто аблюбуе безнаглядныя жылыя метры. 

Каторы год “радуе” наведвальнікаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі аб’ект у стылі “арт-хаус”, які, па словах начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Алены Грэчка, знаходзіцца на балансе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме РВК. Праз рэшткі будынка даўно прараслі дрэвы і кусты, а ў падвальным памяшканні – сметнік.  

А воз і цяпер там (руіны за цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі)

Выклікае занепакоенасць у гараджан і лёс двухпавярховак па вуліцы Бялевіча, жыхары якіх гадоў колькі таму атрымалі новае жыллё, бо старыя дамы знаходзяцца ў аварыйным стане. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Наталлі Гук, гэтыя многакватэрныя дамы па рашэнні райвыканкама будуць знесены. Пытанне знаходзіцца на кантролі ў старшыні раённага выканаўчага камітэта.  

Горад – падобны на жывы арганізм. З кожным годам ён становіцца больш прыгожым, пашырае свае межы, прырастаючы новымі мікрараёнамі. Бяспрэчна, старыя пахіленыя хібары павінны знікнуць, саступіўшы месца сучасным дамам.  

Наталля КЛІМОВІЧ 

Фота аўтара 

Это интересно