Супрацоўнікi Уздзенскага раённага аддзела Следчага камітэта адзначылi прафесiйнае свята — zorkanews.by

Супрацоўнікi Уздзенскага раённага аддзела Следчага камітэта адзначылi прафесiйнае свята

Гэты дзень на календары супрацоўнікаў Уздзенскага раённага аддзела Следчага камітэта пазначаны чырвоным колерам. Так, учора следчыя раёна адзначылі сваё прафесійнае свята. 

Гэта і стала нагодай для сустрэчы з галоўным следчым раёна, падпалкоўнікам юстыцыі Канстанцінам Пінчуком.  

Наша размова пачалася з задач, пастаўленых перад супрацоўнікамі аддзела. 

– У першую чаргу, гэта аператыўнае і якаснае раскрыццё злачынстваў, эфектыўнае супрацьдзеянне карупцыі, прафілактыка ўчынення злачынстваў і, зразумела, забеспячэнне законнасці пры правядзенні папярэдняга следства ў дасудовым выкананні, – адзначыў Канстанцін Уладзіміравіч. 

Следчыя бяруцца за справу, калі ў кагосьці здараецца непрыемнасць. Іх галоўная задача заключаецца ў тым, каб высветліць, чаму, як і пры якіх абставінах адбылося здарэнне. Пачынаецца следства, дзе аналіз пераплятаецца з фактамі, матэрыялы праходзяць дасканалую праверку, а падзеі падрабязна разглядаюцца. За яго вынікі і адказваюць работнікі раённага аддзела Следчага камітэта. 

Адна з апошніх узбуджаных супрацоўнікамі райаддзела крымінальных спраў тычыцца хуліганства, учыненага 29-гадовым мужчынам (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Па дадзеных следства, вечарам 18 жніўня мужчына са знаёмым распіваў спіртныя напоі на беразе возера. Пасля таго як спіртное скончылася, мужчыны вырашылі паехаць у Мінск. Выйшлі на аўтадарогу “Мінск–Слуцк–Мікашэвічы” паблізу аграгарадка Возера і сталі шукаць аўтамабіль. Машыны не спыняліся, мужчына раззлаваўся. Знаходзячыся на абочыне, ён кінуў камень у Kia Rio. У выніку хуліганскіх дзеянняў пашкодзіў лабавое шкло і дах легкавога аўтамабіля, у якім ехала сям’я з маленькім дзіцем. Хоць мужчына і паспрабаваў уцячы, вадзіцель пашкоджанай машыны спыніўся і яго затрымаў. Следчымі праведзены агляд месца здарэння, дапытаны сведкі. Пацярпеламу нанесены ўрон на суму больш як 1700 рублёў. Падазраваны ва ўчыненым раскаяўся, прымае меры, каб кампенсаваць нанесеную шкоду. 

– Увогуле, у нас цеснае супрацоўніцтва з раённым аддзелам унутраных спраў. Калі здараецца злачынства, на месца здарэння выязджае следча-аператыўная група, у склад якой уваходзяць следчы, міліцыянеры, супрацоўнікі дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. У такой звязцы, згуртавана, намнога лягчэй дакапацца да ісціны, – расказвае Канстанцін Пінчук 

Калектыў Следчага камітэта складаюць сем следчых (Вера Русецкая, Сяргей Коршак, Аляксей Тоўсты, Уладзімір Чыкун, Вольга Траццяк, Вікторыя Ігнатовіч, Аляксандр Піхейчык). Правай рукой Канстанцін Пінчук называе свайго намесніка Сяргея Зубкевіча. Калектыў зладжаны, што дазваляе паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. 

Галоўнае патрабаванне да следчага – ведаць закон, кіравацца ім і дзейнічаць у адпаведнасці з яго патрабаваннямі, быць незалежным ад чужога ўздзеяння і ціску. А яшчэ трэба не забываць пра звычайныя чалавечыя якасці – разуменне, спагаду, справядлівасць. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *