Як адраджалася жыхарамі вёскі Цялякава святая крыніца — zorkanews.by

Як адраджалася жыхарамі вёскі Цялякава святая крыніца

Актывістка вясковага жыцця Гання АНАНІЧ верыць у сілу святой вады

“Жаданне – і тысяча магчымасцей. Нежаданне – і тысяча праблем”, — часта паўтарае мая знаёмая, прыводзячы свежыя факты гэтай жыццёвай мудрасці. Не ведаю чаму, а менавіта гэта выслоўе прыйшло на думку, калі даведалася, як адраджалася жыхарамі вёскі Цялякава святая крыніца.  

Спачатку пра тое, якое хараство зрабілі землякі на тым святым месцы, паведаміла ў рэдакцыю ўраджэнка гэтых мясцін Рэгіна Лапіцкая, якая зараз жыве ў вёсцы Возера. Заадно прасіла жанчына і напісаць пра гэту добрую справу і яе энтузіястаў, галоўная сярод якіх па яе словах была Таццяна Сяргееўна Кучук.  

Вось так зараз выглядае месца, дзе бруіць святая крынічка. Талакой адрадзілі яе славу жыхары Цялякава 

Так, калі раней на месцы святой крынічкі быў драўляны зруб, які перыядычна падгніваў і калі-нікалі абнаўляўся, а само месца было закінутае і зарослае, то зараз цялякаўцы акультурылі яго так, што і самім прыемна, і для прыезджых – дастойна.  

  • Пачыналі мы добрую справу з устаноўкі паклоннага крыжа ў самой вёсцы, — расказвае Таццяна Кучук. – Той, які быў раней, ужо састарыўся. Таму вырашылі калі мяняць, то “на такі, як у Борках”. Знайшла я таго майстра, дагаварылася з ім, а людзі мяне падтрымалі. І ў той жа дзень, як устанавілі гэты крыж, усе дружна вырашылі ўзяцца талакой і за наступную справу. Мая задача была арганізаваць людзей і сабраць грошы. Што датычыць ахвяраванняў, то ўдзельнічалі ўсе — і карэнныя жыхары, і дачнікі. Актыўна далучыліся да цялякаўцаў і жыхары вёскі Слабодка. Усю ж работу выконвалі сваімі рукамі ў асноўным мужчыны. Вельмі шмат папрацаваў наш мясцовы ўмелец Іван Балабанчык. Сваімі рукамі зрабіў ён і крыж, які ўстанавілі каля крынічкі. Амаль на працягу тыдня працавалі там Іван Берасцевіч. Мікалай Кебец, Юрый Бярозка, Аляксандр Стрыгельскі, Васілій Клімовіч. Яны высякалі, выразалі, расчышчалі ўсе тыя “джунглі”, вывозілі хлам. Талакой рабілі пасля і новы зруб, устанаўлівалі калодзежныя кольцы, выкладвалі каменне звонку, ставілі лаўку, садзілі кветкі. Папрацавалі на добраўпарадкаванні гэтага святога месца і жанчыны Нэлі Бярозка, Вольга Кучук, іншыя. Як і паклонны крыж, так і крынічку, асвяціў айцец Грыгорый. Зрабілі мы ўсё гэта год назад. Цяпер толькі парадак падтрымліваем і радуемся, што ўдалося зрабіць такую добрую справу. Сёлета на Вадохрышча таксама прыязджаў бацюшка і праводзіў малебен на гэтым месцы. А за вадой да крынічкі часцей пачалі заязджаць, прыходзіць людзі. Няхай жа дапамагае яна ўсім-усім, хто верыць у яе цудадзейную сілу.  
Добра папрацаваў на добраўпарадкаванні святога месца Іван БЕРАСЦЕВІЧ

Вось такой цікавай атрымалася і ў нас камандзіроўка з нагоды. Жывой вады глыток зрабіў і кожны з нас. А ведаючы дарогу да гэтага святога месца, якую паказала нам актывістка вясковага жыцця Ганна Ананіч, то і ў наступны раз не абмінём яго.  

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота Сяргея ШАРАЯ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *