Аркестр Міхаіла Фінберга правёў абласное свята мастацтваў ва Уздзе — zorkanews.by

Аркестр Міхаіла Фінберга правёў абласное свята мастацтваў ва Уздзе

Патрапіць на сустрэчу з народным артыстам нашай краіны Міхаілам Фінбергам, паслухаць ужывую аркестр, якім не адзін дзястак гадоў кіруе гэты таленавіты чалавек, атрымаць асалоду ад класічнай і эстраднай музыкі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі – такое жаданне не ўзнікне толькі ў абыякавага да музыкі чалавека. Тым больш, што Міхаіл Якаўлевіч з творчым візітам прыязджае ва Узду ўжо не першы раз – фестываль “Мелодыі ўздзенскай восені” ладзіцца ў нашым райцэнтры трэці раз. 

Як і ў папярэднія разы фестывальная праграма насычаная і разнастайная, ахоплівае цэлы дзень і дыслацыруецца ў трох месцах – кінатэатры “Кастрычнік”, дзіцячай школе мастацтваў і ў Палацы культуры. 

Музычным знаўцам сябе не лічу, слухаю розную музыку, як кажуць, больш пад настрой, лаўлю пазітыў і ад “Адзінокага пастуха” (скрыпка), і ад рок-гурта “Арыя”, і нават ад метал-мелодый нямецкага гурта “Rammstein”. Разам з тым, на творчыя сустрэчы з беларускімі аўтарамі і выканаўцамі таксама стараюся патрапіць. Не выключэнне і гэты восеньскі фестываль. 

У кінатэатры вольных месцаў амаль не было, гэта з улікам тага, што ўваход на канцэрт быў строга па запрашальных білетах. Хацела хутчэй дакрануцца да чыстага гучання музычных інструментаў, такіх як скрыпка, кларнет, арфа… 

Асабіста мне імпануе тое, і гэта адна з адметнасцей зносін Міхаіла Фінберга з публікай, прысутнасць артыста не на сцэне, а бліжэй да гледача, у адным з першых радоў глядзельнай залы. Так было і ў гэты раз. Міхаіл Якаўлевіч паведаміў, што канцэртная праграма будзе прысвечана музычнаму рамантыку Станіславу Манюшку, ураджэнцу Мінскай вобласці. Таму і мелодыі, якія гучалі са сцэны ў выкананні ансамбляў флейтыстаў, кларнетыстаў, трубачоў, струннага аркестра, былі прысвечаны яму гэтаму кампазітару і дырыжору. 

Завяршылася сустрэча “Паланезам Агінскага”, якую гледачы па прапанове маэстра слухалі стоячы. Са сцэны гучала толькі мелодыя, затое душа спявала ад асалоды. 

Гісторыя музыкі славянскіх народаў багата імёнамі выдатных дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сусветнай музычнай культуры. У іх ліку – дзейнасць кампазітара, дырыжора і педагога Станіслава Манюшкі, жыццё і лёс якога непарыўна звязаны з беларускай зямлёй. 

5 мая 2019 года Станіславу Манюшку споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння. Гэтая дата вельмі значная не толькі ў сусветным, але і ў нацыянальным кантэксце: Станіслаў Манюшка з’яўляецца цэнтральнай фігурай у беларускай музыцы эпохі рамантызму, а яго яскравы кампазітарскі талент сфарміраваўся менавіта ў Беларусі. Дзейнасць Манюшкі да сённяшняга дня не страчвае сваёй актуальнасці: творчасць кампазітара, яго спадчына прываблівае сучасных музыказнаўцаў і выканаўцаў, яго музыка гучыць, яе слухаюць і даследуюць, на яе аснове вывучаюць гісторыю музычнага мастацтва ХIХ стагоддзя, а гэта і ёсць сведчанне яго высокага прызнання. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ 

Фота аўтара 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *