Як выкананы план аздараўлення непаўналетніх у лагерах раёна - zorkanews.by

Як выкананы план аздараўлення непаўналетніх у лагерах раёна

Летам у раёне была арганізавана работа 23 аздараўленчых лагераў, у тым ліку 16 з дзённым прабываннем, 7 – з кругласутачным. Такім відам адпачынку быў ахоплены 1071 школьнік, план аздараўлення непаўналетніх выкананы на 100,09 працэнта. 

Больш падрабязна пра гэта даведаліся ў вядучага спецыяліста па аздараўленні і санаторным лячэнні насельніцтва раёна Ірыны Пожах. 

— Мінскім абласным упраўленнем па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні сёлета на аздараўленне ў лагерах раёна было накіравана 88.199 рублёў, — паведаміла Ірына Уладзіміраўна. – 550 хлопчыкаў і дзяўчынак адпачылі ў лагерах з дзённым прабываннем, 521 – з кругласутачным. З планавымі паказчыкамі справіліся паспяхова. І за кожным паказчыкам, за кожным наведвальнікам лагера стаяць людзі, якія старанна рыхтаваліся да летняга сезона, зрабілі ўсё магчымае, каб дзеці засталіся задаволенымі. 

Калі меркаваць па справаздачах і водгуках саміх дзяцей, іх бацькоў, то можна адзначыць, што ў кожнай з аздараўленчых пляцовак школьнікі атрымлівалі паўнацэннае харчаванне, ім прапаноўвалі разнастайныя мясныя стравы, салаты са свежай агародніны, садавіну, сокі і малочныя прадукты, іншае. Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама своечасова паклапацілася пра набыццё пасуды, медыкаментаў, спортінвентару, мыйных сродкаў, гаспадарчых тавараў.  

Прыцягненне да гэтай справы лепшых педагогаў дазволіла арганізаваць належным чынам выхаваўчую дзейнасць у групах з дзецьмі рознага ўзросту. Як правіла, большасць мерапрыемстваў праходзілі ў неастандартнай форме. У пазнавальных мэтах выкарыстоўваліся музеі школ, экалагічныя сцежкі, дзеці хадзілі ў турыстычныя паходы, экскурсіі, прымалі ўдзел у кіналекторыях па пытаннях здаровага ладу жыцця, бяспечнага прабывання на вадзе, дарогах і  гэтак далей. Увогуле, у кожнай аздараўленчай пляцоўкі быў свой накірунак: аздараўленчы, спартыўны, экалагічны, турыстычны… 

  • Якім катэгорыям дзяцей аддавалася перавага пры камплектаванні груп? 

— Асаблівая ўвага ўдзялялася найбольш слаба абароненым дзецям. У лагерах пабывалі 226 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, 35 – з малазабяспечаных, 27 дзяцей-сірот і тых, што знаходзяцца пад апекай, 13 дзяцей з інваліднасцю, 20 з катэгорыі ў сацыяльна-небяспечным становішчы. 

  • А можна крыху больш канкрэтна пра арганізацыю дзіцячага аздараўлення: хто, дзе, калі? 

— На базе сярэдніх і базавых школ сёлета аздараўленчыя лагеры працавалі ў чатыры змены. З пачатку чэрвеня ў 10 лагерах адпачылі і паправілі здароўе 428 вучняў. У шасці лагерах з дзённым прабываннем змена працягвалася па 18 дзён, столькі ж і ў двух лагерах працы і адпачынку. На базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы 68 дзяцей цікава правялі час у мастацкім лагеры з кругласутачным прабываннем. 

У другую змену працавалі 6 лагераў з дзённым прабываннем (адпачылі 165 школьнікаў), адзін спартыўны з кругласутачным (130), адзін лідарскі (68) і адзін лагер працы і адпачынку на 18 дзён (25). У трэцюю змену была арганізавана работа ваенна-патрыятычнага лагера, дзе дзевяць дзён і начэй правялі 68 дзяцей. А расклад чацвёртай змены такі: на базе санаторнай школы-інтэрната дзейнічаў лагер для 50 адораных дзяцей (18 дзён), па 9 дзён працягваліся змены ў аздараўленча-спартыўным (68 чалавек) і культурна-досугавым (69). 

  • А як наконт санаторнага лячэння? 

— Дзеці, якія маюць заключэнне медыкаў аб неабходнасці больш паглыбленага лячэння, праходзяць аздараўленне ў дзіцячых санаторыях на тэрыторыі краіны. З пачатку года такой магчымасцю скарысталіся 62 школьнікі, пуцёўкі атрымлівалі вучні ад 1 да 11 класаў. Чаргі на атрыманне такіх пуцёвак няма, ёсць пэўныя цяжкасці толькі з аздараўленнем дзяцей дашкольнага ўзросту, якім неабходна лячэнне ў суправаджэнні дарослых. Тут пакуль мы не можам задаволіць усіх жадаючых. Карыстаючыся выпадкам, хачу параіць бацькам, чые дзеці па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, смялей звяртацца за пуцёўкамі ў дзіцячыя санаторыі ў камісіі па аздараўленні па месцы сваёй работы ці непасрэдна да галоўнага спецыяліста раёна па тэлефоне 53-6-68. Дзіцячыя санаторыі працуюць круглы год, там адначасова дзеці і вучацца. Такія пуцёўкі выдаюцца бясплатна. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ
Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *