Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання вылучаны Валерый Гайдукевіч — zorkanews.by

Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання вылучаны Валерый Гайдукевіч

Аднагалосным рашэннем прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання вылучаны Валерый Уладзіміравіч Гайдукевіч. 

24 верасня адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і Уздзенскага раённага выканаўчага камітэта па вылучэнні кандыдата ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Аляксандравіч Гурыновіч, кіраўнікі арганізацый раёна. 

Адкрыў нараду старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч. На абмеркаванне выносілася пытанне  “Аб вылучэнні кандыдата ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання”. 

Для вылучэння кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні была прапанавана кандыдатура Валерыя Гайдукевіча, які зараз з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Пухавіцкай акрузе №65. 

Валерый Уладзіміравіч Гайдукевіч нарадзіўся ў 1953 годзе. Пасля заканчэння школы вырашыў звязаць свой лёс з арміяй. Першай прыступкай у яго вайсковай кар’еры стала Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, затым — Ваенная акадэмія імя М. В. Фрунзе, Ваенная акадэмія Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расіі і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. В. Гайдукевіч паспяхова камандаваў парашутна-дэсантным узводам, пасля — разведвальным, дэсантнай ротай у складзе 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі. У 1979 годзе іх полк быў уведзены ў Афганістан. Тут Валерый Уладзіміравіч праходзіў службу да 1982 года. У 1992 годзе ўзначальваў асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння. У 1994 годзе яму прысвоена званне генерал-маёра. У 2003 годзе прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі Рэспублікі Беларусь. Баявыя заслугі Валерыя Уладзіміравіча адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, “За службу Радзіме” II і III ступеняў, 20 медалямі. 

Сёння Валерый Уладзіміравіч з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе абраны намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы. А ў Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі ён узначальвае камісію па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю. 

Словы ў падтрымку кандыдатуры Валерыя Гайдукевіча выказаў і старшыня райвыканкама Сяргей Савіцкі. Ён адзначыў, што працоўная дзейнасць і вопыт Валерыя Уладзіміравіча, яго высокі прафесіяналізм, працавітасць, адказнасць за даручаную справу даюць падставы меркаваць, што і ў Савеце Рэспублікі ён будзе годна прадстаўляць наш і суседнія раёны. 

У падтрымку кандыдата выступілі таксама намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Федчанка і начальнік РАУС Андрэй Бярозка.  

Пры галасаванні кандыдатура Валерыя Гайдукевіча была падтрымана аднагалосна. 

Кіраўнік спраў аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч падзякаваў членам прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама за давер да прапанаванай кандыдатуры, адзначыўшы, што Валерый Уладзіміравіч  стане дастойным прадстаўніком Мінскай вобласці ў Савеце Рэспублікі. 

У сваю чаргу Валерый Гайдукевіч таксама падзякаваў за аказаны яму давер і запэўніў, што гатовы працаваць на карысць Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. 

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *