Як прайшоў першы ў гэтым сезоне сельскагаспадарчы кірмаш — zorkanews.by

Як прайшоў першы ў гэтым сезоне сельскагаспадарчы кірмаш

Так было здаўна: восенню, калі сабраны ўвесь ураджай, а неадкладныя справы на агародзе завершаны, у населеных пунктах ладзіліся шумныя кірмашы, дзе адны маглі прадаць вырашчаную прадукцыю, а другія  набыць яезрабіць запасы на зіму. 

У мінулую суботу прайшоў першы ў гэтым сезоне сельскагаспадарчы кірмаш. І хоць надвор’е ў гэты дзень з раніцы было ветраным і ўсяляк паказвала на дождж, людзей на пляцоўцы каля Палаца культуры было шмат. Па абодва бакі стаянкі размясціліся прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна (“Наднёман”, “Новае жыццё”, “Райаграсэрвіс”, “Асілак”, “Вітэкс”, “Хатляны-Агра”), завіталі сюды і фермеры (“Расток-Плюс”, “Сялянская гаспадарка В. Вішнеўскага”, “Зелень”). Свае імправізаваныя падворкі прэзентавалі і сельскія Саветы (Слабадскі, Нёманскі, Азерскі, Дзешчанскі і Хатлянскі). Работнікі раённага камбіната бытавога абслугоўвання прадавалі  пасцельную бялізну і ручнікі, Дзяржынскага райспажыўтаварыства —  пірагі, здобу і печыва, таксама гандлявалі прыватнікі. 

Збожжа, бульба, морква, цыбуля, іншая агародніна і садавіна, мёд, яблыкі, журавіны, саджанцы садовых дрэў, кветкі, спецыі і шмат што іншае — выбар у пакупнікоў быў шырокі. І, мяркуючы па тым, як хутка напаўняліся іх пакеты і сумкі, кожны на  кірмашы знайшоў тавар на свой густ і па прымальным кошце. 

Людзі хадзілі, прыцэньваліся, адна за другой пад’язджалі машыны, у багажнікі загружаліся сеткі з бульбай, капустай ці перцамі. Некаторыя прадаўцы нават дапамагалі сваім пакупнікам з дастаўкай тавару да машыны. І гэта для многіх станавілася прыемным бонусам. “Нам хлопчык на спецыяльнай цялежцы давёз да машыны два мяхі з бульбай і адзін з капустай, сам нават пагрузіць дапамог, бо ў мужа спіну прыхапіла. Дзякуй яму за гэта. А нам не трэба было на машыне праціскацца паміж радамі і сігналіць людзям, каб дарогу саступілі, такіх і без нас хапала”, — падзялілася ўражаннямі адна жанчына. 

Асаблівым попытам у пакупнікоў, дарэчы, як і заўжды, карысталася зерне: месцічы набывалі яго адразу па некалькі мяхоў. А гандаль ім вялі прадстаўнікі “Наднёмана”, “Новага жыцця”, “Райаграсэрвіса”, “Асілка” і “Хатлянаў-Агра”. Дарэчы, тым, хто не паспеў набыць пшаніцу ці ячмень, хвалявацца не варта: гэта толькі першы кірмаш, наперадзе іх будзе яшчэ тры. 

Цудоўны настрой жыхарам горада і гасцям дарылі культработнікі, якія падрыхтавалі музычную праграму. Дарэчы, нашу “Зборную суботу”, якая ў дзевяць гадзін раніцы задала тон кірмашу, многія заваўжылі яшчэ да пачатку канцэрта — па сцэнічных касцюмах.  

…Так, старт восеньскім кірмашам дадзены. У суботу — другі кірмаш. На Чырвонай плошчы. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *