Ніна Марцінчык — адзін з найстарэйшых жыхароў вёскі Чурылава — zorkanews.by

Ніна Марцінчык — адзін з найстарэйшых жыхароў вёскі Чурылава

Сямёра дзяцей было на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў сям’і чурылаўцаў Паўла Аляксандравіча і Аляксандры Аляксандраўны Шырко. Малодшай сястры пяць гадоў, старэйшаму брату — шаснаццаць, а яна, Нінка, — сярэдняя, нарадзілася ў 1930-м. Сёння Ніна Паўлаўна Марцінчык — адзін з найстарэйшых жыхароў вёскі. 

— Вядома ж, тое-сёе запомнілася з гадоў вайны, — расказвае жанчына. — Найпершы ўспамін — вечаровае чырвонае ад пажараў неба на паўночным усходзе, пасля шматдзённых бамбёжак Мінска ў канцы чэрвеня 1941 года. Немцы ў нашай вёсцы не стаялі, часцей у Зенькавічах былі, але і да нас наязджалі, а разам з імі ці паасобку і ваякі з захопленых фашыстамі краін, іх у нас чамусьці звалі “чорнымі”. Магчыма, за іх чорныя справы — у час наскокаў палявалі за дзяўчатамі, маладымі жанчынамі. Рабавалі, гвалтавалі. Мамы наказвалі дочкам, каб не гулялі па вуліцы, не выходзілі за межы вёскі. 

А Ніна з маці, іншымі сёстрамі (іх у сям’і было чацвёра) час ад часу наведваліся ва Узду. Там знаёмая яшчэ з даваеннай пары Сіма шыла ім сукенкі. Вельмі хвалявалася, плакала, калі пачаліся ў райцэнтры ганенні на яўрэяў. Ніхто не здагадваўся, што ўсіх іх чакае пагібель. Неўзабаве і Сіме загадалі нашыць на вопратку латку-адмеціну і накіравалі ў гета. І восенню 1941 года Сіма знікла назаўсёды. 

Пасля ўстанаўлення акупацыйнага рэжыму немцы адкрылі ў вёсцы школу. Пайшла туды вучыцца і Ніна (да вайны яна скончыла адзін клас). Прыслалі настаўніцай маладую жанчыну, вяскоўцы звалі яе Шурай. Яна выкладала нямецкую мову, вучыла пісьму, матэматыцы. За некалькі месяцаў Ніна стала прыкладнай вучаніцай  (яшчэ ў савецкай школе атрымала грамату за добрыя веды). За некалькі месяцаў някепска засвоіла нямецкую мову. І сёння бабуля без адзінай запінкі прадэкламавала некалькі слупкоў верша на нямецкай мове (ці не сямейныя гэта гены — яе сваяк Аляксандр Шырко, бацька пісьменніка, праславіўся на ўсю акругу тым, што расказваў па памяці даўжэзныя паэмы, ведаў дзясяткі вершаў, і па тэлебачанні не раз паказвалі чурылаўскага самародка). 

Спатрэбілася веданне нямецкай мовы і ў час чарговага паходу з маці ва Узду, на спіртзавод, дзе можна было штосьці ўзяць для жывёлы. Жанчыну з дзяўчынкай спынілі ў мястэчку немцы з паліцаямі, сталі штосьці распытваць. Адказвала, а пасля (і адкуль толькі смеласць у малой узялася, на сённяшні розум ніколі б так не рызыкавала) запытала: 

  • А што будзеце рабіць, калі Чырвоная Армія пойдзе ў наступленне? 

— Мы ніколі не будзем адступаць, — самаўпэўнена адказаў немец. — Калі ўсё ж давядзецца, то капут усім будзе. 

Летам таго ж года фашысты заскочылі ў Чурылава з боку Зенькавічаў, пачалі страляць запальнымі кулямі па саламяных стрэхах дамоў, надворных пабудоў. Партызаны, што знаходзіліся ў недалёкім лесе, хацелі ўступіць у перастрэлку, бараніць жыллё мірных жыхароў. Але іх камандзір не дазволіў, бо меліся ўжо факты сумных наступстваў падобных дзеянняў, калі затым акупанты знішчалі цэлыя вёскі з жыхарамі. А ў той дзень агнём былі ахоплены многія пабудовы, значная частка вёскі выгарала. Ніна з малым Пашкам і крыху старэйшым Петрусём паспелі ўцячы ў лес. Калі ж небяспека мінула, вярнуліся з іншымі вяскоўцамі, а на месцы сядзібы ўбачылі галавешкі ды асмаленую печ. Добра, што карова ў гэты час была на пашы, яна затым доўгі час заставалася адзінай карміцелькай. 

Больш чым год жыла сям’я ў зямлянцы, спалі за печчу, харчаваліся чым давядзецца. І жабрацкага хлеба давялося паспытаць. А неўзабаве засталіся дзеці сіротамі. Пасля вызвалення Беларусі партызаны, што не пайшлі на фронт, выкурвалі з тутэйшых лясоў немцаў ды іх прыхвасняў, якія  не паспелі адступіць на захад. Аляксандра Шырко неяк вечарам ішла дамоў, спяшалася, баючыся сустрэцца з ляснымі бандытамі, на кладачцы цераз Уздзянку паслізнулася, упала, магчыма, і ўдарылася. Знайшлі 44-гадовую жанчыну мёртвай… 

А праз кароткі час прыходзіць у Чурылава позва: Паўлу Шырко, бацьку семярых дзяцей, з’явіцца ў ваенкамат для адпраўкі на фронт. 

— Пабрала я малых Ліду, Васю, Пашку за рукі і павяла ва Узду, — прыгадвае Ніна Паўлаўна. — У ваенкамаце са здзіўленнем сустрэлі такую дэлегацыю. А я з плачам расказваю: мамка памерла, дома яшчэ трое дзяцей, ёсць і малодшыя (на самай справе там старэйшыя засталіся). Калі забераце татку, хто нас карміць будзе? Там сталі штосьці ўдакладняць, а пасля заяўляюць: раз такая справа, ідзіце дамоў, абыдзецца фронт без яго. 

Ды і з бацькам няпроста было ў першыя пасляваенныя гады. Давялося малодшым міласціну прасіць, а старэйшым замест працягу вучобы ісці працаваць. Ніну ў 15 гадоў узялі за няньку ў сям’ю маёра Міхаіла (прозвішча яго не запомнілася) у Мінск. Які-ніякі рубель пры выпадку перасылала ў Чурылава. Праз год-другі афіцэр-гаспадар уладкаваў дзяўчыну на тонкасуконны камбінат. Але неўзабаве пайшла на свой хлеб, разам з аднавяскоўкамі Вольгай Чарнавус, Зінай Ляўшук, дзяўчатамі з Зенькавічаў стала працаваць на цагельным заводзе, што размяшчаўся паблізу Кальварыйскіх могілак. Дзевяць гадоў займалася там нялёгкай фізічнай працай. 

Прыязджаючы на выхадныя ў Чурылава, пазнаёмілася з Аляксандрам Марцінчыкам, які працаваў конюхам, затым — у будаўнічай брыгадзе. Вярнулася ў родную вёску, перабралася жыць у хату свекрыві, старэнькую, з дзіравай страхой. Пайшла працаваць на ферму, куды неўзабаве і муж перайшоў. Да пенсіі жанчына даглядала цялят. З цяжкасцю пабудавалі новы дом — доўгі час не выпадала атрымаць дазвол на нарыхтоўку лесу. 

Пасля нараджэння сына Валерыя (яго, на жаль, не стала ў маладым узросце) з інтэрвалам у два-тры гады з’явіліся на свет Людміла і Анатолій, Мікалай і Іна. Як мнагадзетная маці жанчына выйшла на заслужаны адпачынак у пяцьдзясят гадоў. З пашанай праводзілі яе на пенсію, медаль “Ветэран працы” ўручылі.  

А сваё дзевяностагоддзе сустрэла Ніна Паўлаўна ў акружэнні сям’і ўнукаў, шасці праўнукаў. І хоць жывуць яны не разам (ва Уздзе, Мінску, Кобрыне), для кожнага ў бабулі знойдзецца і цёплае слова, і пачастунак. А як усе сваякі ганарыліся, калі стрыечны брат Васіль Шырко прывозіў у Чурылава тэлевізіёншчыкаў са сталіцы, і тыя на працягу некалькіх дзён здымалі вясковых жанчын (у тым ліку і яе) і за работай, і за песнямі. (“Ого які зычны голас быў у мяне ў маладосці, не на адных вячорках ці за работай хлопцы, суседзі заслухоўваліся. Гэта ўжо пасля смерці мужа, сына перастала спяваць”, — прызнаецца бабуля). Цяпер у любы час дзеці, унукі ў запісе могуць паглядзець тую перадачу, а ў інтэрнэце ўсе жадаючыя — падзівіцца на таленавітых чурылаўскіх жанчын. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *