Спектр банкаўскіх паслуг прадастаўляюць зараз і на пошце — zorkanews.by

Спектр банкаўскіх паслуг прадастаўляюць зараз і на пошце

Адкрыць тэрміновы банкаўскі ўклад, аформіць спажывецкі крэдыт, зняць наяўныя грошы, папоўніць рахунак ці праверыць баланс па банкаўскай картачцы зараз можна і на пошце. Гэта вынік сумеснага праекта РУП «Белпошта» і ААТ «ААБ Беларусбанк» 

У нашым раёне такі спектр банкаўскіх паслуг прадастаўляюць тры сельскія аддзяленні сувязі: «Войкава», «Слабада», «Зенькавічы». Гэта тыя населеныя пункты, дзе да нядаўняга часу дзейнічалі аддзяленні банка, (іх рэарганізацыя прынесла пэўныя нязручнасці жыхарам).  

Было шмат калектыўных пісем і зваротаў ад жыхароў войкаўскага рэгіёна наконт немэтазгоднасці закрыцця аддзялення банка. Тады да меркавання жыхароў прыслухаліся: аддзяленне функцыянавала, наколькі хапала магчымасці. І менавіта там у першую чаргу пачалі аказваць банкаўскія паслугі работнікі пошты.  

– Аддзяленне банка і пошта ў нас размяшчаліся ў адным будынку, таму дарогу сюды жыхары добра ведаюць, – расказвае начальнік паштовага аддзялення «Войкава» Марына Мірановіч. – Цяпер асноўныя банкаўскія паслугі аказваем і мы. Мясцовыя жыхары аб гэтым інфармаваны. Больш запатрабаваныя такія паслугі, як папаўненне рахунку на картачцы, зняцце наяўных грошай, а вось узяць крэдыт ці аформіць уклад пакуль яшчэ жадаючых не было. Працуем у сваім звычайным рэжыме: пераводы, плацяжы, афармленне падпіскі, адпраўленне пісьмаў, пасылак і г. д.  

З 1 чэрвеня закрылася аддзяленне банка ў Зенькавічах. І хаця гэты населены пункт знаходзіцца ад райцэнтра параўнальна недалёка, аднак узнаўленне такіх паслуг па месцы жыхарства таксама ўспрынята станоўча.  

– Па вялікім рахунку нашы жыхары, можна сказаць, не паспелі адвыкнуць ад дзейнасці аддзялення банка, бо прайшоў толькі месяц, як зноў наладзілася аказанне гэтых паслуг, – кажа начальнік аддзялення сувязі «Зенькавічы» Святлана Піліпавец. – Людзям жа, мяркую, без розніцы дзе аформіць крэдыт ці зрабіць уклад. Галоўнае, каб гэтая паслуга была ім, як кажуць, у крокавай даступнасці, як і магчымасць аплаціць камунальныя плацяжы, скарыстацца рознымі паштовымі паслугамі. 

– Пра такое банкаўскае і паштовае супрацоўніцтва размова вялася даўно, – адзначае дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №625 Таццяна Дубовік. – Асабліва гэта актуальна для тых населеных пунктаў, дзе ўтрымліваць аддзяленне банка было нерэнтабельна. Пакінуць насельніцтва без банкаўскіх паслуг нельга, вось банк і «перадае» свае функцыі пошце. Бо той жа ўклад, крэдыт усё роўна застаюцца банкаўскімі, пад гэта адаптавана праграмнае забеспячэнне. І незалежна ад таго, зрабілі вы банкаўскі ўклад у Зенькавічах ці Слабадзе, атрымаць яго вы можаце праз любое аддзяленне банка, якое знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны. Усе банкаўскія аперацыі паштовыя аддзяленні робяць ад імя Беларусбанка, выконваючы тым самым свайго роду пасрэдніцкую функцыю. Такое сумеснае супрацоўніцтва выгадна і банку, і пошце, а самае галоўнае – людзям, якія маюць патрэбу у такіх паслугах. 

Бясспрэчна, гэта вельмі зручна. І зразумела, чаму пасрэднікам паміж банкам і насельніцтвам выбрана пошта: менавіта яна застаецца ў сельскай мясцовасці адным з нямногіх сацыяльных аб’ектаў, дзе можна атрымаць пэўны пералік паслуг. 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *