Больш 20 гадоў адпрацавала настаўніцай , амаль столькі ж правяла на дырэктарскай пасадзе — Святлана Маляўка адзначае прафесiйнае свята — zorkanews.by

Больш 20 гадоў адпрацавала настаўніцай , амаль столькі ж правяла на дырэктарскай пасадзе — Святлана Маляўка адзначае прафесiйнае свята

Выхавальнікам і настаўнікам трэба нарадзіцца, імі кіруе прыроджаны такт”,  сцвярджае народная мудрасць. 

Педагагічная біяграфія  Святланы Уладзіміраўны МАЛЯЎКА складаецца з двух перыядаў. Першую палову, а гэта больш як дваццаць гадоў, адпрацавала яна настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Таўкачэвіцкай сярэдняй школе. З 1979 года пераехала ў Дзешчанку, дзе ўзначаліла мясцовую школу. І працавала на дырэктарскай пасадзе таксама амаль два дзясяткі гадоў, працяглы час будучы адзінай жанчынай —  дырэктарам сярэдняй школы.  

— У Дзешчанцы Святлана Уладзіміраўна змагла так наладзіць навучальны працэс, што неўзабаве школа стала базавай, куды штогод прывозілі курсантаў з інстытута ўдасканалення настаўнікаў, — успамінае той другі перыяд былы начальнік раённага аддзела адукацыі Пётр Уладзіміравіч Мотыль. — Калегі з вобласці ехалі пераймаць вопыт у Дзешчанку, пастаянна вучылася ў іх і сама дырэктар, а пабываўшы на педагагічных нарадах і семінарах рознага ўзроўню, любую навінку старалася “абкатаць” і ў сваім калектыве. Ініцыятыўнасці ёй было не пазычаць. І хаця ў новай школе Святлана Уладзіміраўна ўжо не працавала, у вырашэнні пытанняў, звязаных з яе лёсам, прымала самы непасрэдны ўдзел.  

“Цудоўны чалавек. Настаўнік ад Бога. Чаму-чаму, а чалавечнасці павучыцца ў яе можна было”, — выказала сваю думку адна з былых калег Святланы Маляўка па Дзешчанскай СШ.  

Не менш слушна гучаць у такім кантэксце і словы яе вучняў, сярод якіх пашчасціла быць і мне. Усе мы ў той час проста раслі на творах Івана Шамякіна і Васіля Быкава, Івана Мележа і Кандрата Крапівы, паэзіі Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна, Міколы Маляўкі і Сяргея Грахоўскага, не гаворачы ўжо пра класікаў Купалу і Коласа. З усімі літаратурнымі навінкамі знаёміла нас Святлана Уладзіміраўна. Яна і на ўрок прыносіла шмат дадатковай літаратуры, якую рэкамендавала прачытаць. Пастаянна знаёміла з тым, што друкуецца ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”. Яе залатым правілам было: ні дня без прачытанай кніжнай старонкі.  

Думаю, многія з яе вучняў прытрымліваюцца яго і зараз. Таму ніколечкі не здзівілася і я, калі, завітаўшы вераснёўскімі днямі ў дом да настаўніцы, застала яе за чарговай кніжнай навінкай — “Миг бесконечности” Н. Батраковай. “Цікава піша”, — усё з такой жа абаяльнай добразычлівай усмешкай “рэцэнзавала” педагог прачытаны раман.  

У Таўкачэвіцкай сярэдняй школе  Святлана Уладзіміраўна была для дзяцей кумірам. І называлі яе там паміж сабой часцей “наша Святланка”. Ды толькі сама настаўніца неахвотна ўспрымае кампліменты ў свой адрас.  

— Увесь час я сама цвёрда верыла ў праўду, закон, справядлівасць, і гэта старалася данесці да сваіх вучняў на прыкладзе літаратурных герояў, — кажа ветэран працы. — І калі Таўкачэвіцкая сярэдняя школа была для мяне як родны дом (Святлана Уладзіміраўна — мінчанка. — Аўт.), дык Дзешчанская мела ўжо зусім іншы статус. Тут мне проста пашанцавала на такі харошы працаздольны калектыў. Поўнасцю аддавалі сябе рабоце матэматык Валянціна Іванаўна Лукашэвіч, філолаг Галіна Іванаўна Манькоўская, завуч Ганна Іванаўна Слесаронак і многія іншыя. Ды і сабе старалася спуску ні ў чым не даваць. Марыла толькі выспацца. А цяпер ужо дык і не спіцца, магу чытаць усю ноч. 

А яшчэ Святлана Уладзіміраўна вялікі аматар кветак і грыбнік, любіць  пахадзіць па лесе. Знаёмыя папярэдзілі, што застаць яе дома можна хіба што ў дождж. Шырокім дываном сцелюцца кветкі на вуліцы насупраць дома, радуюць вока. Летась яе палісаднік быў адзначаны ў раённым конкурсе “Ветэранскі падворак”.  

Жыве Святлана Уладзіміраўна клопатамі дзяцей, унукаў, праўнукаў. Трое з яе родных людзей працуюць у Парку высокіх тэхналогій. Добрымі людзьмі  вырасла малодшае пакаленне, да гэтай пары звяраюць уласныя ўчынкі з жыццёвай пазіцыяй  свайго педагога.  

  • А ці сумуеце па школе? — пытаюся на развітанне.  

— Навошта сумаваць, школу проста трэба любіць, — шчыра, з іскрынкай у вачах кажа жанчына. — А школа ў нас зараз у Дзешчанцы цудоўная. Ёсць усе ўмовы, каб і добра вучыцца, і добра вучыць. За гэта варта толькі радавацца.  

З прафесійным святам, настаўніца! 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота) 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *