Жыхары горада і раёна прыгадваюць сваю першую настаўніцу - zorkanews.by

Жыхары горада і раёна прыгадваюць сваю першую настаўніцу

«Яна навучыла нас пісаць, чытаць, лічыць, маляваць. Яна навучыла нас паважаць старэйшых, цаніць сяброўЯна дапамагае нам пераадольваць цяжкасці», — расказваюць першакласнікі. 

З нагоды Дня настаўніка мы папрасілі жыхароў горада і раёна прыгадаць сваю першую настаўніцу. 

Арцём НОВІКАЎ, студэнт трэцяга курса каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе: 

— Маёй першай настаўніцай, калі я пайшоў у школу, а гэта было ў 2007 годзе, была Вольга Мікалаеўна Адамцэвіч. Яна і сёння працуе ў СШ №1 імя А. Пушкіна. Цудоўная жанчына, педагог ад Бога. Успамінаючы яе цяпер, будучы студэнтам і робячы ўпэўненыя крокі ў дарослае жыццё, я шчыра ўдзячны ёй за веды і парады, якія ў яе былі для кожнага з нас, хоць мы і малымі тады былі. Прыгадваецца выпускны ранішнік у 4-м класе. Нам хацелася хутчэй вырасці яшчэ на год, а яна ўзяла і прапанавала нам: “А можа, яшчэ на гадок затрымаецеся?”. Не паверыце, і захацелася ж… Але з часам не паспрачаешся. 

Вольга Мікалаеўна стала для мяне пуцяводнай зоркай. Гэта я разумею цяпер асабліва. Прыгадваю яе ўрокі па працоўным навучанні. У пачатковых класах мы нешта канструявалі, выразалі, клеілі, малявалі. І мяне гэта захапіла настолькі, што і далей я пайшоў, як кажуць, па гэтым прадмеце. Шматлікія конкурсы (“ТэхнаІнтэлект”, “100 ідэй для Беларусі”, іншыя творчыя праекты) — на іх я дэманстраваў зробленыя і распрацаваныя мною мадэлі. А сёлета нават у лік фіналістаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі” трапіў з работай “Аўтаматызаваная мехатронная лінія на базе ATmega 2560”. Ды і далейшае, пасляшкольнае навучанне я звязаў зноў жа з працоўнай сферай — паступіў у каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, дзе набываю прафесію тэхніка-мехатроніка. 

Вольга Мікалаеўна, дзякуй Вам за веды, якія вялі нас у дарослае жыццё! Са святам Вас, з Днём настаўніка! 

Вольга МАХНАЧ, загадчыца аддзела ЗАГС: 

— Мая першая настаўніца Зоя Канстанцінаўна Бондар. У нашым 1-м “А” класе Уздзенскай СШ №2 вучыліся тады 38 чалавек. І амаль  усе, ідучы ў школу, не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Усяму гэтаму нас вучыла Зоя Канстанцінаўна, якая знаходзіла падыход да кожнага: дзе строгасцю, дзе настойлівасцю, а дзе і жартам. Дысцыпліна ў яе была што трэба, парой нават пабойваліся яе, а што паважалі, дык гэта бясспрэчна. Магла яна і дадаткова пазаймацца з вучнямі пасля ўрокаў, даходліва патлумачыць — не засвоіць матэрыял было проста нельга. Шмат праводзіла і розных мерапрыемстваў, якія згуртоўвалі дзяцей. А сама настаўніца заўсёды была завадная, ініцыятыўная і, як здавалася нам, нястомная. Толькі добрым словам успамінаю я сваю строгую і паважаную Зою Канстанцінаўну. 

Аляксей ПРАТАСЕВІЧ, слесар станцыі тэхабслугоўвання жывёлагадоўчых ферм пры малочным заводзе: 

— У 2004 годзе я закончыў Уздзенскую сярэднюю школу №2. Нашай першай настаўніцай (а ў класе было 27 вучняў) была Таццяна Аляксандраўна Ліпай. Дзякуючы свайму цудоўнаму характару яна трымала пад кантролем цэлы клас. Але ніколі не дазваляла сабе рэзкасць, наша дробнае шкодніцтва ўмела перавярнуць на жарт. Дабрадушная, вясёлая, яна з многімі займалася індывідуальна, ахвотна праводзіла пасля ўрокаў дадатковыя заняткі. Запомніліся ўрокі матэматыкі, пісьма, літаратуры. Яна з намі спявала, малявала, прывучала да фізічнай працы. Неяк падслухала, як хлопцы разгаварыліся — куды хто пойдзе вучыцца ці працаваць пасля дзевяці класаў школы. Падыходзіць да мяне і кажа: “Калі ты, Аляксей, не пойдзеш вучыцца ў 11-ы клас, я сама цябе туды за руку завяду!”… 

Алена УМРЭЙКА, жыхарка аграгарадка Зенькавічы: 

— На ўсё жыццё застанецца ў памяці мая першая настаўніца Галіна Іванаўна Міхайлоўская. Добрая, чулая, строгая, але справядлівая, наша другая мама — так ласкава мы яе ўсе называлі. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага вучня, амаль не павышала на нас голас. Дзякуючы ёй у класе заўсёды панавала атмасфера ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі. Да гэтай пары памятаю яе добрыя словы ў дарогу. Галіна Іванаўна дапамагала нам пераадольваць цяжкасці. Калі штосьці не разумелі, яна цярпліва тлумачыла, пры неабходнасці займалася з кожным індывідуальна. Хоць клас быў вялікі, 21 вучань — усе ўважліва слухалі настаўніцу, рэдка калі хто дазваляў сабе свавольніцтва. Ды і на перапынку надта не пабегаеш, бо памяшканне, у якім мы вучыліся, было невялікае, цеснае. Увогуле на той час у Зенькавіцкую школу хадзілі больш за 350 дзяцей. Калі я прыйшла ў школу, ужо ўмела чытаць, лічыць, нават трохі пісаць. Многія дзеці гэтаму толькі вучыліся, таму Галіна Іванаўна пастаянна выклікала мяне да дошкі, каб я чытала перад класам, што мне падабалася. Дарэчы, мне лёгка давалася вучоба, можа таму, што Галіна Іванаўна заўсёды цікава расказвала новую тэму і, галоўнае, даступна. Ды і ўсмешка на яе вуснах надавала ўпэўненасці, абуджала жаданне вучыцца і атрымліваць добрыя адзнакі.  

Это интересно