Поспехi ў педагагічнай дзейнасці фарміруюць імідж уздзенскіх настаўнікаў — Уладзiмiр Казючыц выказвае словы ўдзячнасці сваім калегам — zorkanews.by

Поспехi ў педагагічнай дзейнасці фарміруюць імідж уздзенскіх настаўнікаў — Уладзiмiр Казючыц выказвае словы ўдзячнасці сваім калегам

Дзень настаўніка для яго  асаблівы. І не таму, што ён сам не адзін год адпрацаваў у школе, выкладаў хімію. І не таму, што з часам яму давялося змяніць школьны клас на кабінет галоўнага настаўніка раёна. І не таму, што гэта прафесія патрабуе пастаяннага развіцця, паколькі ў ёй проста немагчыма, ды і недапушчальна, стаяць на адным месцы. 

Важнасць гэтага дня для начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Уладзіміра Казючыца ў тым, што ён чарговы раз можа выказаць словы ўдзячнасці сваім калегам — педагогам раёна за іх прафесіяналізм і сумленнасць, шчырасць сэрцаў і імкненне не толькі адкрываць дзецям таямніцы школьных навук, але і вучыць іх у любой сітуацыі заставацца людзьмі. 

— Праца настаўніка складаная, цяжкая, але ў кожнага нашага педагога столькі мудрасці, цяпла, вытрымкі і цярплівасці, якіх хопіць не на адно пакаленне вучняў, — упэўнены Уладзімір Яўгеньевіч. — Пацвярджэннем гэтаму — дасягненні нашых настаўнікаў, перамогі  іх вучняў на  алімпіядах, творчых конкурсах, навуковых канферэнцыях, міжнародных фестывалях. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Так, настаўніца гісторыі Святлана Дземідовіч і намеснік дырэктара гімназіі Таццяна Бондар атрымалі пахвальныя водгукі на ІІ міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сатворчасці”. Дырэктар Нёманскай школы Сяргей Хмель заняў ІІ месца ў складзе каманды Мінскай вобласці на фестывалі педагагічных ідэй маладых педагогаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Намеснік дырэктара па навучальай рабоце Святлана Комлач і настаўніца пачатковых класаў гімназіі Яўгенія Крысько ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне ў адукацыйным працэсе” абласнога конкурсу “Педагагічная ІТ-мазаіка”. Як не ганарыцца такімі настаўнікамі! Я ўжо не кажу пра нашы традыцыйныя конкурсы “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Калядная зорка”, тэлепраект “Я ведаю!”, спартыўныя турніры і іншыя, дзе уздзенскія школьнікі займаюць прызавыя месцы. Усё гэта — вынік сумеснай работы настаўніка і вучня. 

  • Уладзімір Яўгеньевіч, але і педагогі дашкольных устаноў  — людзі творчыя? 

— І тут вы маеце рацыю. Творчасці і крэатыўнасці ім не пазычаць — ні ў навучальным працэсе, ні пры афармленні групавых пакояў і аздабленні тэрыторыі дзіцячых садоў. Плённа, напрыклад, папрацавалі дашкольныя калектывы над стварэннем умоў і далучэннем выхаванцаў і іх бацькоў да мовы, традыцый роднага краю. Прыклад таму — агляд-конкурс дыдактычных гульняў “Мову родную люблю”, пераможцамі якога сталі выхавальнікі Вольга Міхайлаўна Якуценка (Уздзенскі дзіцячы сад №1), Вольга Іванаўна Пратасевіч (ЦРД “Вясёлка”), Крысціна Анатольеўна Махнач (Уздзенскі дзіцячы сад №3). 

Ёсць у дзіцячых садах этнаграфічныя міні-музеі: “Беларуская скарбонка” — у яслях-садзе №3, “Беларуская хатка” — у яслях-садзе №1 і Лашанскім сямейным дзіцячым садзе, “У госці да продкаў” — у Кухцічах, “Спадчына” — у Сутках. Дарэчы, трэці раз дыпламантам ІІ ступені па выніках абласнога этапу конкурсу “Тэрыторыя дзяцінства: міні-музей беларускай культуры” становіцца сад №3 (загадчыца Ала Гапоненка). 

Кожнаму з гэтых поспехаў я шчыра радуюся, бо такія дасягненні фарміруюць імідж уздзенскіх педагогаў. 

  • Ваш наказ педагогам раёна? І, ведаеце, хацелася б, каб ён быў увогуле, як кажуць, на ўсе  часы. 

— Напэўна, гэта настаўніцкае крэда: жыць, тварыць, вучыць. Жыць — актыўна, крэатыўна, з упэўненым поглядам у заўтрашні дзень. Тварыць — ад душы і з фантазіяй, завалодваючы сэрцамі навучэнцаў. Вучыць падрастаючае пакаленне так, каб зваротная энергія давала штуршок развівацца і вучыцца самім. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *