Свята вёскi арганiзавалi ў Сарокаўшчыне — zorkanews.by

Свята вёскi арганiзавалi ў Сарокаўшчыне

Што ні кажы, а вясковае жыццё самабытнае, мае свае адметнасці. І не важна – глыбінка гэта ці вёска, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад вялікага горада. Атмасфера тут асаблівая, і твораць яе самі месцічы, часам не без дапамогі дачнікаў. 

У гэтым асабіста і пераканаліся азерскія артысты, вырашыўшы арганізаваць і правесці свята ў вёсцы Сарокаўшчына. Вёска як вёска, але і тут было чым захапіцца і на што паглядзець. 

Калі сталі рыхтавацца да свята, заглянулі ў кнігу “Памяць”, каб даведацца пра мінулае гэтага населенага пункта, – расказвае дырэктар Азерскага СДК Таццяна Лычкоўская. – Першыя згадкі пра Сарокаўшчыну, як фальварак Станькаўскай воласці Мінскага павета, датуюцца 1921 годам. Атрымліваецца, што гэтай вёсачкі без двух гадоў стагоддзе… 

Гэту амаль юбілейную падказку і ўзялі за аснову. Тым больш, што юбіляраў сярод жыхароў вёскі сёлета было дастаткова – ажно 12 чалавек. ад 45 да 80 гадоў. Сярод іх аказаліся і паважаныя ў вёсцы людзі – стараста Антанінеа Яўгеньеўна Каляда, былая работніца сельсавета Валянціна Яўгеньеўна Брагіна, ліквідатар аварыі на ЧАЭС Уладзімір Аляксандравіч Кратовіч, старшыня кааператыва “Сарокаўшчына-газ” Людміла Мікалаеўна Трапашка, грамадзянін Расіі, які змяніў месца жыхарства на азерскія прасторы, Анатолій Рыгоравіч Чаркасаў і іншыя. 

Не абмінулі ўвагай і самую сталую жыхаркуа вёскі – 83-гадовую Ганну Станіславаўну Рыжэўскую. Ёсць у вёскі і будучае – самай юнай жыхарцы Арыне Жандарскай усяго два годзікі. 

Як зрабіць так, каб свята не абмежавалася толькі канцэртнай праграмай? Адказ адзіны, абудзіць да актыўнасці саміх жыхароў і рабіць усё разам. Так і атрымлася. 

– У вёску прыбылі талакой. З намі быў і старшыня Азерскага сельсавета Васілій Мардас, і супрацоўніца амбулаторыі Валянціна Судзянкова, работнікі клуба і бібліятэкі, ідэолаг нашай гаспадаркі Ірына Аксенчык, – расказвае Таццяна Лычкоўская. – Такой кампаніяй і рабілі абход сталоў-падворкаў, пакуль дабраліся да пляцоўкі, дзе было запланавана правядзенне канцэртна-забаўляльнай праграмы. 

А мясцовыя жыхары і дачнікі падрыхтаваліся да візіту гасцей з размахам. На Кветкавай вуліцы іх сустрэлі гаспадыні Тамара Ягораўна Грашчанкова і Ганна Рыгораўна Мележ, запрасіўшы да стала, які называўся “Фруктова-ягадная паляна”. Торт “Сунічны край”, бліны з мёдам, бутэрброды, вітаміннае асарці, не кажучы ўжо пра выстаўку карцін, выкананых у тэхніцы “алмазнай вышыўкі”, і кашпо, – толькі частка таго, чым здзівілі жанчыны. 

На вуліцы Цэнтральная стол меў назву “Хлеб ды соль”. Яго накрылі сем’і Зоі Паўлаўны Целяжэвіч і Вольгі Сяргееўны Жандарскай. Да спадобы гасцям прыйшліся і бярозавы квас, і непаўторныя вышыванкі. Трохі далей па гэтай жа вуліцы давялося спыніцца і ля дома № 37. Ён мае статус “Дома ўзорнага парадку”. 13 гадоў гаспадараць тут Уладзімір Аляксандравіч і Анастасія Паўлаўна Сінельнікавы. Яны прапанавалі стол пад назвай “Асенні ўраджай”, якая, дарэчы, гаворыць сама за сябе. 

Непаўторны кветнік, дзясяткі вышыванак, якімі ўпрыгожаны ложкі, падушкі, сталы, – вось захапленні былой малаказборшчыцы Вікторыі Вікенцьеўны Палішчук. “Зараз падобнае хараство – рэдкасць. Яно, калі і ёсць, больш у шафах ляжыць, і на паказ не выстаўляецца”, – адзначыў Васілій Мардас. 

Пасля амаль паўтарагадзіннай прагулкі па вуліцах Сарокаўшчыны зўсе сабраліся на канцэрт, дзе гучалі песні ў выканання творчага калектыву Азерскага СДК “Азяранка” і гасцей з Дзяржыншчыны – брата і сястры  Ірыны і Сяргея Сахаравых. 

Не абыйшлося на свяце без сюрпрызаў і падарункаў. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце эксперыментальнай базы імя Катосўкага Ірына Аксенчык уручыла падарункі тым, чыё жыццё было звязана з сельскай гаспадаркай: Ларысе Іванаўне Сіняковіч, Ганне Рыжэўскай і Вікторыі Палішчук. 

– Асабліва запомніўся конкурс з гузікамі, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Лычкоўская. – Пераможцай у ім стала Ларыса Іванаўна Сінякевіч, на адзенні якой мы налічылі ажно 32 гузікі. Бабуля і сама была здзіўлена, адкуль іх столькі і набралася. 

Што тычыцца канцэртнай праграмы, то яна вызначалася разнастайнасцю і па жанрах і па тэматыцы. Гучалі тут і байкі, і рамансы, і народныя песні. Настрой вяскоўцам стваралі Зінаіда Сцяпанаўна Дзянісава, Зінаіда Міхайлаўна Міхадзюк, Тамара Якаўлеўна Барэйша, Ядзвіга Іванаўна Бушмакіна, Сяргей Віктаравіч Казлоў пад акампанемент Юрыя Росліка. 

Станоўчых эмоцый дзецям дабавілі батуты, салодкая вата з папкорнам. А вось больш сталыя жыхары скарысталіся і магчымасцю ўзяць пачытаць кнігу, бо ў цені дрэў часова прапісаўся бібліятэчны пункт. 

Завяршальным жа акордам свята стаў вячэрні феерверк – такі падарунак аднавяскоўцам зрабіў мясцовы актывіст Міхаіл Джабраілавіч. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *