17-ы раз адзначае сёлета Валянціна Лучанок прафесійнае свята паштовых работнікаў — zorkanews.by

17-ы раз адзначае сёлета Валянціна Лучанок прафесійнае свята паштовых работнікаў

Амаль чвэрць стагоддзя сваім прафесійным святам Валянціна Лучанок з вёскі Лоша лічыла Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, або, як называюць яго працаўнікі вёскі, — Дзень калгасніка. Працавала жанчына бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы. Спачатку гэта быў калгас імя Ільіча, які ў выніку  розных рэарганізацый неаднаразова мяняў назву і статус. 

“Рэарганізацыя” ў прафесійным плане закранула з цягам часу і Валянціну Баляславаўну. І хаця на ранейшай пасадзе можна было працаваць і працаваць, але падвярнулася новая прапанова. З’явілася вакансія ў аддзяленні паштовай сувязі. На яе і  “сасваталі” добрасумленнага і адказнага работніка. 

І вось ужо  17-ы раз адзначае сёлета Валянціна Баляславаўна Лучанок прафесійнае свята паштовых работнікаў — Сусветны дзень пошты. Хаця, нарадзіўшыся і жывучы ў вёсцы, не забывае, вядома, і Дзень калгасніка. 

— А восень увогуле мая любімая пара, — прызнаецца жанчына. — Можа, таму і мае прафесійныя святы, і дзень нараджэння прыпадаюць на асеннія месяцы. У жыцці, напэўна, усё заканамерна і нічога выпадковага не бывае. 

І калі дапоўніць асеннюю тэму — збор ураджаю, — дык і на паштовай ніве вынікі ў Валянціны Лучанок адметныя. Сведчаннем таму — Падзяка раённага выканаўчага камітэта.  

— Стараемся, — сціпла кажа начальнік аддзялення паштовай сувязі.  

А калі больш канкрэтна, гэта і  аказанне  паштовых паслуг, прыём плацяжоў, і проста чалавечая добразычлівасць. Тым больш што пошта ў Лошы цяпер знаходзіцца ў адным будынку з бібліятэкай. Так што наведвальнікі адной установы за адным разам аказваюцца і кліентамі другой. Ды і сама Валянціна Баляславаўна актыўны чытач мясцовай бібліятэкі, асабліва, кажа, калі доўгімі зімовымі вечарамі выпадае вольная хвіліна. 

Мая суразмоўца вельмі мудра адзначае  плюсы і мінусы на кожным этапе работы. Так, калі на пачатку працы непасрэдным рабочым “інструментам” былі звычайныя лічыльнікі, пасля касавыя апараты, дык зараз рабочае месца не ўявіць  без камп’ютара. Пры сельскім аддзяленні працавалі чатыры паштальёны. Зараз толькі адзін. Гэта Галіна Пятроўна Трухан, якая дастаўляе карэспандэнцыю і тавары, праводзіць падпіску і прымае плацяжы ў Лошы і суседніх населеных пунктах. У паштальёнаў выплаты пенсій распаўсюджваюцца і на больш аддаленыя вёскі, іх абслугоўвае мотадастаўка. Не параўнаць зараз і колькасць пісьмаў, пасылак, паштовак, якіх стала меней. Затое дабавіўся шэраг новых паштовых паслуг і плацяжоў.  

  • Ці складана было асвоіцца ў новай сферы? 

— Ведаеце, з такімі настаўнікамі, як Вольга Іванаўна Берасцевіч і Ніна Георгіеўна Аляксейчык, якія дзясяткі гадоў адпрацавалі ў раённым вузле паштовай сувязі (зараз — Дзяржынскі РВПС), і я прафесійны экзамен здала, можна сказаць, экстэрнам, — усміхаецца Валянціна Лучанок. — Любоў да лічбаў прывіла  Галіна Кірылаўна Махнач. На яе ўрокі мы ішлі як на свята. Я любіла і настаўніцу, і матэматыку, якая давалася мне лёгка. Мабыць, таму і на бухгалтара пайшла вучыцца ў Навапольскі тэхнікум. Ды і зараз на пошце без лічбаў не абысціся, і ў жыцці даводзіцца рашаць шмат розных задач, але гэта ўжо іншая арыфметыка. 

  • Хацелі б штосьці змяніць у сваім жыцці, з вышыні пражытых гадоў? 

— Нічога абсалютна. Мы павінны радавацца таму, што маем. Гэта па маладосці цягнула ў горад, а зараз толькі рада, што ўсё склалася менавіта так: родныя мясціны, дом, сям’я, дзеці. 

Пра зямное прыцяжэнне сведчыць і яе хобі. Валянціна Баляславаўна садавод-аматар. Амаль на кожнай яблыні і грушы прышчапіла яна ў сваім садзе па 5—6 сартоў і ўсе яны пладаносяць. Сёлета, дарэчы, таксама быў неблагі ўраджай. Такую навуку пераняла яна некалі ад свайго бацькі. Паспрабавала, атрымалася, так і знайшла сабе занятак для душы. 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота Сяргея ШАРАЯ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *