Як у раёне адзначылi Дзень настаўніка — zorkanews.by

Як у раёне адзначылi Дзень настаўніка

На залатую пару восені прыпадае Дзень настаўніка. Яркімі фарбамі шчодра аздабляе прырода гэта прафесійнае свята. Шчодрыя віншаванні і пажаданні адрасуюцца ў гэтыя дні прадстаўнікам самай высакароднай прафесіі. 

Штогод цёплае святочнае мерапрыемства праходзіць і ў раёне. І кожны раз арганізатары імкнуцца ўнесці ў яго нейкую адметнасць, ад чаго ўрачыстасць, прысвечаная  ўшанаванню прафесіяналаў, ветэранаў педагагічнай працы, якіх традыцыйна ў святочнай зале багата, набывае душэўны каларыт. 

На гэты раз да кагорты калег далучыўся і Уладзімір Сямёнавіч Палойка, які мае звыш сарака гадоў педагагічнага стажу і зараз жыве ў Ізраілі. Ён даслаў відэавіншаванне і з вышыні шматгадовага вопыту агучыў тры галоўныя прынцыпы работы настаўніка: “Першы — павага асобы вучня. Кожны настаўнік павінен любіць, паважаць, берагчы асобу вучня, выдатнік ён ці двоечнік. А што вучань парой дрэнна сябе паводзіць, тут прычыну настаўніку трэба шукаць у сабе. Другое правіла вопытнага педагога даказвае, што галоўнай формай, сродкам навучання з’яўляецца 45-хвілінны ўрок. Пры гэтым трэба старацца, каб дзесьці 80% ведаў вучань атрымліваў менавіта на ўроку, і толькі каля 20% займала дамашняя падрыхтоўка. І трэці прынцып заключаецца ў тым, каб кожны ўрок быў цікавым. Зрабіць гэта даволі складана. Трэба абавязкова выклікаць інтарэс, гэта залог далейшай паспяховай вучобы”. 

Мудрую думку завочнага госця зала падтрымала  апладысментамі.  

— Я схіляю галаву перад словамі Уладзіміра Сямёнавіча Палойкі, —зазначыў  начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уладзімір Яўгеньевіч Казючыц, які пажадаў калегам поспехаў, павагі да іх нялёгкай працы, лёгкасці і гармоніі ў душы.  

Вялікай групе педагогаў былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. 

— З асаблівай пашанай стаўлюся да прафесіі педагога і я, — сказала намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Алегаўна Федчанка, якая цёпла вітала ўсіх педагогаў раёна. — Асабліва прыемна адзначыць, што сярод настаўнікаў шмат тых, для каго выбраная прафесія — не проста праца, а стан душы. Няхай жа атмасфера творчасці і натхнення суправаджае вас заўсёды!  

Каля 500 педагогаў працуе ў нашым раёне. Гэта прафесія вымагае нястомнай працы душы, яна поўная трывог і хваляванняў, радасцей і засмучэнняў, пошукаў і адкрыццяў, гэта пастаяннае выпрабаванне на мудрасць, цярплівасць, прафесійнае майстэрства.  

Ва ўстановах адукацыі працуе нямала педагагічных сем’яў. Вось і ў гэты святочны дзень у цэнтры ўвагі аказаліся восем такіх пар. Шмат гадоў ідуць разам па жыцці і ў педагагічнай прафесіі Ірына Пятроўна і Аляксандр Іванавіч Берасневічы, Валянціна Альбертаўна і Уладзімір Вячаслававіч Курневічы, Наталля Мікалаеўна і Сяргей Алегавіч Армонікі, Ала Аркадзьеўна і Аляксандр Мікалаевіч Ламакі, Алена Іванаўна і Сяргей Уладзіміравіч Мацкевічы, Ірына Ігнацьеўна і Дзмітрый Барысавіч Шымановічы, Кацярына Віктараўна і Дзмітрый Уладзіміравіч Антоненкі, Таццяна Іванаўна і Аляксандр Сцяпанавіч Голубы. Сакрэт сумеснага педагагічнага даўгалецця з добрым гумарам раскрыла В. Курневіч: “Работа наша патрабуе шмат эмоцый. Вось і атрымліваецца, што трацім мы іх у школе, а дадому прыходзім, каб адпачыць. На карысць нашай сям’і паўплывала і тое, што мы 17 гадоў жылі ў аднапакаёвай кватэры разам з мамай мужа, мудрай і добрай жанчынай, пры якой высвятляць адносіны проста было сорамна. А яшчэ і тое, што стварылі сям’ю ў студэнцкія гады, калі былі агульныя інтарэсы, агульныя сябры”. Дарэчы, сямейнаму саюзу Курневічаў 40 гадоў, амаль столькі ж і прафесійнаму. “А калі ёсць у нас такія трывалыя педагагічныя сем’і — ёсць упэўненасць, што прафесія настаўніка паўторыцца і ў іх дзецях, унуках”, — падкрэсліла  прафсаюзны лідар Вольга Русак.  

У адзін дзень з прафесійным святам адзначыла дзень нараджэння ветэран педагагічнай працы Аляўціна Піліпаўна ТЫЛІНДУС

Дэманстраваліся ў зале відэавіншаванні са школьных калектываў, музычныя нумары віноўнікам урачыстасці дарылі юныя таленты. Дастойна вытрымалі творчы ўрок у якасці вядучых гімназісты Іван Ражкоў і Надзея Серыкава разам з настаўніцай Яўгеніяй Валер’еўнай Крысько. Букетам яркіх фарбаў расквеціла палітру свята  і выступленне калектываў раённага Дома культуры. 

Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі адзначана добрасумленная праца Ганны МАЯРОВІЧ 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота Сяргея ШАРАЯ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *