За прылаўкам сельскага магазіна ў вёсцы Лоша можна сустрэць сямейны дуэт маці і дачкі — zorkanews.by

За прылаўкам сельскага магазіна ў вёсцы Лоша можна сустрэць сямейны дуэт маці і дачкі

“Если бы я рисовала мир. Ты была бы самой счастливой. И улыбалась бы чаще ты. Никогда, никогда не грустила…”  

Гэтыя словы неяк самі сабой прыйшлі на думку, калі за прылаўкам сельскага магазіна  ў вёсцы Лоша ў чарговы раз сустрэўся сямейны дуэт маці і дачкі.  

Больш за дваццаць гадоў працуюць у такім гандлёвым сямейным тандэме Таццяна Мустафаўна Цюхай і Святлана Васільеўна Гуцко. Такое цеснае супрацоўніцтва, калі родныя людзі разам і на рабоце, і дома, цяпер сустрэнеш не так і часта. “З мамай усюды добра, — кажа дачка. – Гэта цяпер моладзь імкнецца жыць асобна ад бацькоў, а мне здаецца, што лепш, чым пры маме, не будзе нідзе. Тым больш што ў нас такія памяркоўныя характары, ды і я адна ў мамы. За столькі сумесных гадоў мы ўжо і думаем аднолькава, і разумеем адна адну без слоў”. 

Агульны стаж працы за прылаўкам у маці і дачкі — больш за 60 гадоў, з якіх каля сарака — у Таццяны Мустафаўны. За гэты час перажыла яна нямала розных гандлёвых рэформ, на памяці і купоны, і спісы на тавары. “Няпроста было ў маральным плане назіраць паўпустыя паліцы магазіна, калі нас перадавалі Дзяржынскаму райспажыўтаварыству (цяпер гэта Мінскі аблспажыўсаюз). Аднак усё роўна стараліся ўгаворваць людзей, каб пацярпелі, перачакалі нязручнасці. Затое цяпер усе задаволены, а нам асабліва прыемна, што нашы надзеі апраўдаліся”, — адзначае ветэран гандлю. Поўныя прылаўкі, багаты асартымент тавару — яркае таму пацвярджэнне.  

— Вельмі важна, што сёння мы можам працаваць непасрэдна з пастаўшчыкамі, — сведчыць прадавец 6-га разраду Т. Цюхай. – Гэта мясакамбінаты, малочныя, кандытарскія фабрыкі і іншыя вытворцы. Заяўкі нашы выконваюцца своечасова, адсюль і ў дастатку ўсяго. Значыць, і план ёсць. За верасень, напрыклад, нават змаглі яго значна перавыканаць. А ліпень і ўвогуле быў у гэтым сэнсе часам “пік”: план тавараабароту склаў 62 тысячы рублёў.  

Улічваючы такі напружаны рабочы графік, асабліва ў летні перыяд, калі магазін працуе штодня з 9.00 да 19.00, рабоце прадаўца не пазайздросціш. І тым не менш. “Мая работа мне падабаецца”, — кажа Таццяна Мустафаўна.  

Даўно зразумела гэта і яе дачка. Бо калі было б інакш, то ці пайшла б яна па матчынай сцяжынцы? Хаця “гуляць у магазін” – гэта адно, а прастаяць штодня дзесяць гадзін за прылаўкам – зусім іншая справа. А першы раз дачцэ і ўвогуле давялося замяніць матулю вымушана, бо тая захварэла. Даверыць пост адказны работнік магла толькі свайму чалавеку. Дачка – бухгалтар — падыходзіла як ніхто іншы.  

Так і атрымалася: дома – разам, на рабоце – разам. Мама і дачка. Дарэчы, і ў сям’і Святланы — дачка, цяпер студэнтка. Для яе матуля таксама самы надзейны і дарагі чалавек. Таму невыпадкова, што песня, якую выконвае знакамітая Валерыя, гэта і іх сямейная: «… Ты же лучше меня, ты красивей меня. Я твердить не устану. Ты же лучше меня, ты добрее меня. Ты, моя – мама… Ты моя – дочь». 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота Сяргея ШАРАЯ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *