Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці адзначае Вольга Чайкоўская - zorkanews.by

Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці адзначае Вольга Чайкоўская

15 кастрычніка  Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасціБольш як трыццаць гадоў гэта прафесійнае свята заслужана лічыць і сваім Вольга Іванаўна ЧАЙКОЎСКАЯ. 

Па размеркаванні Магілёўскага медвучылішча прыехала яна на працу ў наш раён у 1987 годзе. З таго часу і стала Уздзеншчына яе другой радзімай пасля роднага Івянца.  

Два гады малады спецыяліст працавала ў цэнтральнай аптэцы на вырабе стэрыльных раствораў для раённай бальніцы. На той час іх гатавалі яшчэ на месцы, а не завозілі гатовыя з заводаў. Пасля, калі ў новай паліклініцы запрацавала і аптэка, “перакінулі” туды маладога фармацэўта. “Ішла, здаецца, на “часова”, а затрымалася на 29 гадоў”, — кажа Вольга Іванаўна. І ўсе гэтыя гады былі для яе адметнымі і насычанымі. Прычым не толькі рабочымі буднямі. Гэта якраз той выпадак, калі таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.  

Пазітыўны і актыўны характар, добры голас, майстэрства ў кандытарскай справе і рукадзеллі не маглі застацца без увагі і ў калектыве медыкаў. Акрамя таго, што Вольга Іванаўна ўдзельнічала ў гурце мастацкай самадзейнасці райбальніцы, пісала сцэнарыі, дапамагала арганізоўваць розныя мерапрыемствы, каля паўтара дзясятка гадоў спявала і ў народным калектыве “Зборная субота”, выязджала з агітбрыгадай на фермы, іншыя працоўныя калектывы. 

— Быў час, калі такія выезды былі даволі частымі, — успамінае яна. — Разам з артыстамі выязджалі тады прадстаўнікі ўлады, якія выступалі з інфармацыяй, абавязкова быў урач, які даваў кансультацыю і праводзіў прыём пацыентаў, я таксама спачатку адкрывала на месцы “аптэчны кіёск”, а пасля спявала на сцэне. Такія выезды ў сельскую глыбінку, лічу, былі вельмі карыснымі і патрэбнымі.  

Тарты, пірагі — таксама хобі жанчыны. Гатуе іх яна і для сябе, і для знаёмых. “Калі ёсць добрая нагода, чаму б і не? — кажа яна. — Тым больш, што гэта “маё”. 

Такое разнапланавае баўленне часу на карысць і асноўнай справе. “Бо ўвесь дзень правесці сярод медыкаментаў, за якімі пастаянна стаіць чарга людзей, не так проста, рэлакс тут проста неабходны”, — лічыць жанчына.  

З лістапада мінулага года Вольга Чайкоўская працуе ў аптэцы на вуліцы Ленінскай у райцэнтры. Такую ракіроўку з калегай яны зрабілі, як кажуць, па ўзаемнай згодзе. І ў гэтым Вольга Іванаўна бачыць толькі станоўчае. “Змена абстаноўкі ў жыцці павінна быць, — аптымістычна заўважае жанчына. — Тут у параўнанні з паліклінікай такога патоку няма, аднак сумаваць не даводзіцца, што яскрава сведчыць: аптэка ў гэтым месцы запатрабавана. Хтосьці забягае сюды, ідучы кудысьці па іншых справах, камусьці зручней пад’ехаць, а ёсць і такія пацыенты, якім разам з лекамі патрэбна і павышаная ўвага, кансультацыя, парада”. І усё гэта можна атрымаць у вопытнага спецыяліста, прывабнай і пазітыўнай Вольгі Чайкоўскай. 

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *